Крыніцы зямлі беларускай: «Пад Красналучкай»

- 17:00Новости

Святыя крыніцы “Пад Красналучкай” (“Тры крыніцы”) знаходзяцца за кіламетр ад вёскі Красналучка Лепельскага раёна. 

Згодна з паданнем, у даўнія часы на гэтым месцы жыў чалавек, у якога была сляпая дачка. Як любячы бацька ён вы­казваў свой боль у малітвах да Царыцы Нябеснай. Аднойчы ў сне яму з’явілася Маці Божая і сказала: “Ідзі з дачкой да святых крыніц, памаж ёй вочы святой вадой, і яна стане бачыць”. Бацька зрабіў так, як загадала яму Царыца Нябесная, і дачка вылечылася. У знак удзячнасці бацька пабудаваў на святых крыніцах драўляны храм у гонар Прасвятой Багародзіцы. У храме знаходзіўся цудатворны абраз Божай Маці.

Праз некаторы час храм згарэў, але абраз Божай Маці знайшлі на пажарышчы непашкоджаным. На папялішчы вернікі пабудавалі адкрытую капліцу і ў ёй устанавілі святы абраз. Вада з трох крыніц сцякалася да капліцы, дзе пад святым абразом людзі яе і бралі.

Капліца ў 60-я гады мінулага стагоддзя была спалена, абраз знік. Але людзі не забылі святую крыніцу, працягвалі хадзіць да яе.

Цяпер гэтае месца акульту­рана, тут добраўпарадкаваны адкрытая капліца з крыжам, купель і раздзявалка. Над крыніцай пабудаваны закрыты калодзеж, вада ў ім крыштальна чыстая, мае доб­рыя смакавыя якасці.

Інфармацыйны стэнд, устаноў­лены ля крыніцы, паведамляе, што рэстаўрацыя аб’екта праводзілася пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза ў рамках міжнароднага праекта “Вада, прырода і людзі ў знікаючым ландшафце. Развіццё ўстойлівага сельскага турызму ў Расіі і Беларусі”.

Алена ХАРАШЭВІЧ
Фота аўтара