Гімназія №19 Мінска ўяўляе сабой вучэбна-метадычны комплекс. Дырэктар установы — аб планах на будучыню

- 9:00Главная, Образование, Школа управления

Гімназія № 19 Мінска вядома сваім экалагічным напрамкам развіцця і адпаведнымі традыцыямі. Разам з тым навучальная ўстанова працягвае развівацца. Пра шляхі і сродкі развіцця карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з дырэктарам Юрыем Круглікам.

— Юрый Віктаравіч, кіраўнік, як лакаматыў, заўсёды наперадзе. Вы ў гэтым плане чалавек вопытны. Наколькі за гады кіравання змяніўся ваш стыль як адміністратара?

— Асноўныя кіраўніцкія навыкі я атрымаў, калі вучыўся мене­джменту ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы. Не скажу, што гады работы на пасадзе адміністратара ўплываюць на стыль кіравання. Усё залежыць ад калектыву і пастаўленых перад ім задач. Дзесьці трэба быць дэмакратам, дзесьці праявіць жорсткасць, упартасць, а недзе трэба і параіцца з калектывам. Так склалася, што свой працоўны шлях я пачынаў на прадпрыемстве, быў майстрам змены (вучобу на педагога сумяшчаў з працоўнай дзейнасцю), таму маю адпаведны вопыт.

Канечне, калектывы прамысловага прадпрыемства і навучальнай установы кардынальна адрозніваюцца. Але я кіруюся правілам У.І.Леніна: ён заўсёды і да ўсіх звяртаўся па імені і імені па бацьку, але з рознай інтана­цыяй. У выніку не парушаюцца нормы этыкі, маралі, заўсёды выконваецца дзелавы стыль зносін. А інтанацыя дапамагае данесці да калектыву сваю пазіцыю.

Педагагічны калектыў гімназіі № 19 адрозніваецца вялікім прафесіяналізмам і адданасцю справе. Тут працуюць матываваныя на поспех педагогі, гатовыя выконваць любую пастаўленую перад імі задачу, таму мне вельмі пашанцавала.

— Ці трэба быць ідэйным натхняльнікам для свайго калектыву (у пэўным сэнсе гуру)?

— Дырэктар любой установы адукацыі, і я ў тым ліку, — ідэйны натхняльнік для свайго калектыву. Увогуле, калектыў без дырэктара, як і дырэктар без калектыву, існаваць не можа, таму ў нас пануе ўзаеманатхненне. Але ра­зам з тым у кожным творчым калектыве павінны працаваць і людзі прыземленыя, больш прагматычныя ў сваіх рашэннях і дзеяннях, таму мае першыя памочнікі — намеснікі па розных відах дзейнасці, сакратар, інспектар па кад­рах, камп’ютарны спецыяліст. Клуб аднадумцаў фарміруецца найперш з гэтых людзей. І калі мне ўдаецца іх аб’яднаць сваёй ідэяй, то яе далейшае прасоўванне ў педагагічны і вучнёўскі калектывы праходзіць хутка і прадукцыйна.  

Прынамсі, так мы ў гэтым го­дзе адкрывалі профільныя класы аграрнай накіраванасці. Дарэчы, такія класы ў Мінску ёсць у нас і яшчэ ў адной агульнаадукацыйнай установе. На стадыі абмеркавання было дастаткова шмат скептыцызму: маўляў, як такое магчыма ў сталіцы і ці трэба яно ўвогуле? У адказ прыводзіў контр­прыклады з дакумента, дзе прапісаны патрабаванні да адкрыцця класаў аграрнай накіраванасці. Там гаворыцца, што трэба, каб дзеці на павышаным узроўні вывучалі хімію і біялогію, што ў нас і так даўно існавала. Таму арганізаваць дзейнасць факультатыву па ўводзінах у аграрныя прафесіі таксама было нескладана. Базу для развіцця гэтага напрамку таксама маем. На тэрыторыі гімназіі ёсць доследны ўчастак, дзейнічае свая метэастанцыя, што дазваляе назіраць за сувязямі паміж надвор’ем і якасцю ўраджаю. У нас добра абсталяваны кабінеты хіміі, ёсць лабараторыя, дзе можна, напрыклад, зрабіць хімічны аналіз глебы. 

У выніку мы сталі не толькі першапраходцамі, але і змаглі захаваць увесь кантынгент сваіх навучэнцаў. Больш за тое, прымалі ў гэты клас вучняў з іншых навучальных устаноў. Замест запланаваных 24 у клас прыйшлі 26 чалавек. І ўсім падабаецца. Напрыклад, у кастрычніку пабывалі на агракамбінаце “Ждановічы”, паглядзелі, якія там умовы працы, як вырошчваецца прадукцыя, якая тэхніка выкарыстоўваецца. Заключылі 4 дагаворы з чатырма ўніверсітэтамі, якія рыхтуюць спецыялістаў для сельскай гаспадаркі.

— Сёння шмат гавораць, што дырэктар школы — прафесія шматфункцыянальная. На ваш погляд, дырэктар — гэта больш кіраўнік з функцыяналам юрыста, эканаміста, будаўніка або педагог-адміністратар, які арганізуе і кантралюе выхаваўча-адукацыйны працэс?

— Стратэгію развіцця ўстановы адукацыі вызначаюць педагагічны савет і савет гімназіі. З іншага боку, аўтарам гэтай стратэгіі на 90 працэнтаў з’яўляецца дырэктар навучальнай установы. Але яе рэалізацыя залежыць ад падтрымкі аднадумцаў. Таму тут на першы план выходзіць узаемападтрымка.

Разам з тым дырэктар — гэта спецыяліст па кадрах, бо прымае на работу не толькі настаўнікаў, але і іншых спецыялістаў. Ад якасці падбору персаналу залежыць якасць дзейнасці ўстановы адукацыі. Дырэктар вырашае і юрыдычныя пытанні. Для паспяховай дзейнасці ў гэтым плане трэба добра валодаць нарматыўна-прававой базай. Дарэчы, маладым дырэктарам раю сваю дзейнасць пачынаць менавіта з нарматыўкі — вывучаць Кодэкс аб адукацыі, інструктыўна-метадычныя пісьмы, унутраныя дакументы ўстановы, бо, аддаючы распараджэнне, трэба разу­мець, што яно не супярэ­чыць дзеючаму заканадаўству.

Кіраўнік установы адукацыі нясе адказнасць і за эканоміку сваёй установы. Актуальнымі з’яўляюцца задачы энергазберажэння, рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў, павышэння заработнай платы (за кошт аказання дадатковых паслуг насельніцву і аптымізацыі ўнутры ўстановы адукацыі). Важным з’яўляецца развіццё і ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Я заўсёды стаўлю задачу да 1 чэрвеня закупіць усе неабходныя будаўнічыя матэрыялы і разлічыць аб’ём работ (што можам зрабіць самі, а дзе патрэбны профільныя спецыялісты). Наперадзе нас чакае капітальны рамонт, таму ў наступным годзе будзе весціся работа па стварэнні праектна-каштарыснай дакументацыі. Як бачым, кола прафесійных уменняў і навыкаў дырэктара агульнаадукацыйнай установы вельмі шырокае.

— На сённяшні дзень гімназія ўяўляе сабой вучэбна-метадычны комплекс. Што ў яго ўваходзіць і які закладзены функцыянал да кожнага са складнікаў?

— Сапраўды, гімназія — вучэбна-метадычны комплекс, у які ўваходзяць эксперыментальныя лабараторыі “Зімовы сад” і “Прыродны сад”, карэкцыйна-педагагічны, вучэбна-кансультацыйны, інфармацыйна-аналітычны цэнтры, цэнтр дзіцячай мастацкай творчасці. У нас ёсць экспазіцыя мінералаў і горных парод, экавелапаркоўка з захаваннем біяразнастайнасці і клуб аматараў экалагічнага транспарту, даследчая лабараторыя для навучэнцаў пачатковых класаў “Геліяс”, метэастанцыя “Сам сабе сіноптык” і лабараторыя для правядзення экалагічнага маніторынгу якасці атмасфернага па­ветра.

Карэкцыйна-педагагічны цэнтр, які з’явіўся ў гімназіі ў 2000 годзе, дазваляе задаваль­няць адукацыйныя патрэбы дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Для пабудовы і развіцця адзінай інфармацыйна-адукацыйнай прасторы створана лакальная сетка, адкрыты інфармацыйна-аналітычны цэнтр.

На базе гімназіі з 2009 года функцыянуе рэсурсны цэнтр комплекснай падтрымкі адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця, які ў студзені 2016 года атрымаў статус гарадскога. У 2019 го­дзе ён пацвердзіў грамадскі статус рэспуб­ліканскага рэсурснага цэнтра. У гэтым жа годзе яго паўторна ўзнагародзілі падзякай камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама за плённую працу па павышэнні прафесійных кампетэнцый педагогаў, распаўсюджванне эфектыўнага педагагічнага вопыту, удасканаленне метадаў навучання і выхавання падрастаючага пакалення, укараненне ў адукацыйны працэс інавацыйных тэхналогій.

— Экалагічны кірунак у гімназіі рэалізуецца праз арганізацыю праектнай дзейнасці. Па якім прынцыпе фарміруецца тэматыка праектаў? Як складаецца план рэалізацыі?

— Для рэалізацыі канцэпцыі ўстойлівага развіцця на ўзроўні гімназіі педагагічным калектывам распрацаваны Мясцовы парадак — 21, у якім вобраз жаданай будучыні гімназіі прадстаўлены праз мадэль горада “Экаград”. Будова і рэалізацыя мадэлі такой адміністрацыйнай адзінкі, як горад, дапамагае педагагічнаму калектыву аптымізаваць працэс рэалізацыі місіі гімназіі: чыстыя намеры, якасць ведаў, поспех у жыцці.

План мерапрыемстваў выхаваўчай работы рэалізуецца праз модулі “Экаграда”. Напрык­лад, задача грамадзянскага модуля — ідэалагічнае грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне, накіраванае на фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі і патрыятызму; модуля экалагічнага — экалагічнае выхаванне, накіраванае на фарміраванне ў вучняў каштоўнасных адносін да прыроды, навыкаў рацыянальнага прыродакарыстання і абароны навакольнага асяроддзя; адукацыйнага модуля — развіццё прадметных кампетэнцый. У кожным класным калектыве ёсць свой праект, які рэалізуецца праз пэўныя модулі. Праекты разнастайныя па сваім змесце і накіраваны на вырашэнне экалагічных, сацыяльных і эканамічных праблем.

Рэалізуючы той ці іншы праект, навучэнцы гімназіі не прос­та шукаюць нешта новае, а вырашаюць рэальную экалагічную праблему, атрымліваюць вопыт практычнай дзейнасці. Цікавым стаў праект “Для тых, у каго ёсць сэрца…”. Яго практычная накіраванасць — выпуск часопіса “Расінка” (сёлета выйшаў 10-ы, юбілейны нумар).

Гэта і праект “Клуб аматараў экатранспарту”, які быў створаны ў 2021 годзе. Штогод у рамках рэалізацыі праекта праводзіцца велаз’езд, у якім прымаюць удзел не толькі нашы навучэнцы, але і вучні з устаноў адукацыі Фрунзенскага раёна Мінска, іх законныя прадстаўнікі і педагогі. У гэтым годзе адбыўся 5-ы велаз’езд, у якім прынялі ўдзел і нашы парт­нёры з Казахстана.

Гэта і тэатр лялек “Сваімі рукамі”, дзе педагогі разам з навучэнцамі, выкарыстоўваючы другасны матэрыял, вырабляюць дэкарацыі і герояў для лялечных спектакляў сваімі рукамі. З 2018 года гімназія мае статус “Зялёная школа”. На нашай базе функцыянуе гарадскі клуб экалагічнага маніторынгу. У нас шмат цікавага.

— На сёння гімназія № 19 Мінска — гэта…

— Творчы калектыў аднадумцаў, дзе важным рэсурсам заўсёды з’яўляўся і з’яўляецца педагог, гатовы вырашаць прафесійныя задачы. Дзякуючы эфектыўнай сумеснай рабоце педагагічнага калектыву ў нас ёсць стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў (8 чалавек), пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове, рускай і французскай, біялогіі (толькі за апошнія 3 гады такіх вучняў 5). Мы ганарымся тым, што сярод навучэнцаў ёсць уладальнік сярэбранага медаля Міжнароднай алімпіяды па хіміі.

У гімназіі працуюць два ўладальнікі ганаровага звання “Выдатнік адукацыі”, адзін адзначаны спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, чатыры магістры педагагічных і фізіка-матэматычных навук, лаўрэаты прэміі Мінгарвыканкама, уладальнікі грантаў Мінгарвыканкама. 

Мы ганарымся, што нашы навучэнцы ў ліку тых, хто знахо­дзіцца на маладзёжнай Дошцы гонару “Моладзь — наша будучыня!” Фрунзенскага раёна Мінска. Гэта пераможцы конкурсаў творчай накіраванасці і работ даследчай дзейнасці на розных узроўнях.

Вельмі важна адзначыць і наша супрацоўніцтва з бацькамі, якія ўсведамляюць мэтавыя ўстаноўкі адукацыі і выхавання гімназіі, у аснове якіх ля­жыць неабходнасць грамадзянскага фарміравання асобы. Падтрымліваючы сувязь з сям’ёй, мы маем магчымасць глыбей вывучаць інтарэсы і захапленні нашых навучэнцаў і спрыяць іх развіццю.

— Юрый Віктаравіч, а што ў задумах на будучыню?

— Думаем над адкрыццём профільнага класа грамадзянс­ка-патрыятычнага напрамку. Працэдура адкрыцця профільнага класа патрабуе вывучэння адпаведных патрэб нашых гімназістаў, прапрацоўкі пытання развіцця гэтага профілю ў праектах, у тым ліку разам з профільнымі ўстановамі вышэйшай адукацыі або кафедрамі. Таму зараз знаходзімся ў стадыі распрацоўкі гэтага пытання.

Акрамя таго, плануем развіваць і аграрны напрамак. У прыватнасці, паставіць на доследным участку цяпліцу і паспрабаваць свае сілы ў асваенні аграрных тэхналогій. Магчыма, створым праект па развіцці гарадскога фермерства.

— Планы амбіцыйныя, але выканальныя. Поспехаў і дзякуй за размову.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота з архіва гімназіі