Камп’ютарныя сачыненні на зададзеную тэму

- 14:14Выхаванне, Рознае

25 і 26 лістапада на базе Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці прайшлі адны з цэнтральных мерапрыемстваў рэспубліканскага Тыдня тэхнічнай творчасці — конкурс па распрацоўцы камп’ютарных гульняў патрыятычнай накіраванасці “ПАТРЫЁТ.by” і форум медыятворчасці і праграмавання “Натхненне”.

Што б мы ні гаварылі пра адмоўны ўплыў камп’ютарных “стралялак”, “хадзілак” на фарміраванне ўнутранага свету падрастаючага пакалення, факт застаецца фактам: нашы дзеці віртуальна гулялі, гуляюць і будуць гуляць. Можна, канечне, на гэта махнуць рукой, а можна пайсці іншым шляхам і накіраваць геймерства навучэнцаў на фарміраванне гонару за гісторыю сваёй краіны, развіццё логікі і мыслення, духоўна-маральных якасцей, здольнасці планаваць свае дзеянні, працаваць у камандзе. Менавіта так і зрабілі супрацоўнікі Міністэрства адукацыі і Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, калі ў 2011 годзе ўпершыню правялі рэспубліканскі конкурс з гучнай і красамоўнай назвай “ПАТРЫЁТ.by”.
Па словах дырэктара РЦІіТТ Сяргея Міхайлавіча Сачко, колькасць удзельнікаў конкурсу з кожным годам павялічваецца, як удасканальваецца і якасць прадстаўленых работ. Не выключэннем сталі і сёлетнія спаборніцтвы юных геймераў-праграмістаў. Творчыя праекты і камп’ютарныя гульні навучэнцы 12—15 гадоў (малодшая ўзроставая група) і 16—21 года (старэйшая ўзроставая група) прадстаўлялі ў намінацыях “Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны…” (праекты, якія раскрываюць сутнасць гістарычных падзей гераічнага мінулага беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны) і “Свет хрустальной зари, свет над миром встающий…” (праекты, якія адлюстроў-ваюць гісторыка-культурную спадчыну і традыцыі беларускага народа, дасягненні ў розных сферах жыццядзейнасці). Конкурсная работа магла быць напісана з дапамогай любога даступнага праграмнага забеспячэння і павінна быць прыдатна для прагляду на персанальным камп’ютары з аперацыйнай сістэмай Windows XP і Windows 7 — такія былі тэхнічныя патрабаванні да камп’ютарных работ. Камп’ютарныя сачыненні на зададзеную тэму пісаліся на такіх мовах праграмавання, як Unity JavaScript, C#, С++, Delphi і інш.
Нягледзячы на агульную тэматыку, кожная работа адрознівалася сваёй арыгінальнасцю. Напрыклад, у намінацыі “Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны…” расказвалася не толькі пра падзеі Вялікай Айчыннай, але і Першай сусветнай вайны. Калі гаварыць пра Вялікую Айчынную, то большасць работ па яе тэматыцы прысвечана бітвам на франтах, вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Навучэнцы старшых класаў гімназіі № 1 Карэліч Гродзенскай вобласці Дзмітрый Шуліцкі і Яўген Купрас вырашылі зрабіць інакш і прысвяцілі сваю работу “Прыхаваная сіла” партызанскай барацьбе. Цікавы змест гульні, адпаведнасць тэхнічным патрабаванням яе распрацоўкі — у выніку хлопцы занялі ганаровае трэцяе месца ў старэйшай узроставай групе. Разам з імі атрымалі дыпломы Міністэрства адукацыі і памятныя падарункі ў першай намінацыі: у малодшай узроставай групе за трэцяе месца — Дана Літвінава з Лельчыцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Гомельскай вобласці за камандную гульню “Кола гісторыі” і Ягор Юрчык з Казлоўшчынскай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці за праект “Вызваліць Беларусь”; за другое месца — Уладзіслаў Булай з сярэдняй школы № 9 Барысава Мінскай вобласці за гульню “Аперацыя “Баграціён” і Цімафей Мельнікаў з сярэдняй школы № 23 Магілёва за праект “З удзячнасцю ад новага пакалення”; за першае месца — Дзяніс Катляроў са Слуцкага цэнтра тэхнічнай і прыкладной творчасці навучэнскай моладзі за гульню “Што? Дзе? Калі?”. У старэйшай узроставай групе: за трэцяе месца — Максім Буракоў і Надзея Глінская з сярэдняй школы № 2 Смалявіч Мінскай вобласці за гульню “Штурм Рэйхстага”; за другое месца — Андрэй Андрэеў з Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа за інтэрактыўны праект “Памяць сэрца” і Канстанцін Шпрынц з Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі за работу “Віцябляне — героі Вялікай Айчыннай вайны”; за першае месца — Андрэй Марцінкевіч і Андрэй Гоцкі з Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі за “Лабірынт гісторыі”.
Не менш цікавай аказалася і намінацыя “Свет хрустальной зари, свет над миром встающий…”. Камп’ютарныя сачыненні на зададзеную ўжо “мірную” тэму расказвалі і пра важнасць энергазберажэння (гульня “Беражлівы дамавік”) і пра гісторыю роднага краю. Было шмат інтэлектуальных гульняў і нават “мірны” рымейк сусветна вядомага World of Tanks гульня “Свет камбайнаў”, створаны Антонам Касцеравым з Гомельскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі. Па выніках прадстаўлення і абароны конкурсных работ “Свет камбайнаў” заняў другое месца ў малодшай узроставай групе. Іншыя прызавыя месцы журы размеркавала наступным чынам: трэцяе месца ў малодшай узроставай групе занялі Мікіта Рогаў з Крупскай раённай гімназіі Мінскай вобласці за камп’ютарную гульню “Імя ў летапісе” і Антаніна Тучкоўская з сярэдняй школы № 4 Ліды Гродзенскай вобласці за “Запісную кніжку беларуса” (па старонках нарыса У.Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі”). Другое месца ў Кацярыны Калянкевіч з Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі за работу “Мультфільм: весела, карысна, захапляльна?”, першае месца ў Аляксея Крыцкага з Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці за работу “Беражлівы дамавік”. У старэйшай узроставай групе трэцяе месца ў Мікіты Нікалайчука з Чэрненскай сярэдняй школы Брэсцкага раёна за “Віктарыну” і Канстанціна Верына за “Лабараторныя работы па хіміі для 6—7 класа” з Пліскай сярэдняй школы імя У.А.Мікуліча Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці. Другое месца ў Ільі Камянко, Настассі Красоўскай з Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі за работу “З мінулага ў сучаснае” і Антона Пастаялкі з Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава за “Віртуальную экскурсію па музейным пакоі П.М.Машэрава”. Першае месца заняў Аляксандр Бельскі з Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова за электронны вучэбна-дыдактычны комплекс “Найноўшая гісторыя Беларусі”.
Паралельна з конкурсам “ПАТРЫЁТ.by” праходзіў і форум медыятворчасці і праграмавання “Натхненне”. Па словах загадчыка аддзела інфармацыйных тэхналогій РЦІіТТ Алены Віктараўны Гарбарэц, пры распрацоўцы камп’ютарных гульняў навучэнцы абавязкова займаюцца медыятворчасцю, дызайнерскім мастацтвам, уключаюць у свае праекты музыку, відэаролікі. Для ўдасканалення майстэрства напісання камп’ютарных сачыненняў для ўдзельнікаў форуму, у тым ліку і юных геймераў-патрыётаў, праводзіліся майстар-класы з мэтай вывучэння магчымасцей выкарыстання сучасных камп’ютарных тэхналогій, анімацыі, мультымедыйных прадуктаў, камп’ютарнага і лічбавага абсталявання. Удзельнікі конкурсу і форуму наведалі інфармацыйны цэнтр па атамнай энергіі, дзе азнаёміліся з прынцыпам работы ядзернага рэактара, структурай атамнай электрастанцыі; на прыкладзе канкрэтных распрацовак даведаліся пра важнасць развіцця робататэхнікі, пра планы Міністэрства адукацыі па стварэнні ў краіне сеткі адпаведных пляцовак; азнаёміліся з прынцыпам работы інтэрнэт-сімулятара лічбавага фотаапарата; была наладжана і работа web-майстэрні.
Як было адзначана на ўрачыстым закрыцці конкурсу “ПАТРЫЁТ.by”, у наступным годзе форум “Натхненне”, хутчэй за ўсё, таксама стане конкурсам, а гэта значыць, што навучэнцам будзе прапанавана стварыць камп’ютарныя сачыненні не толькі на зададзеную патрыятычную, але і адвольную тэму.

Ігар ГРЭЧКА.