8 снежня будзе адзначацца 15-годдзе з дня падпісання дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Напярэдадні гэтай даты ў Нацыянальнай бібліятэцы пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы прайшоў круглы стол на тэму “Перспектыўныя кірункі развіцця Саюзнай дзяржавы: дзіцяча-юнацкая і маладзёжная палітыка”. Галоўная задача яго ўдзельнікаў — абагульніць і прааналізаваць назапашаны вопыт дзяржаўных структур, грамадскіх аб’яднанняў у рэалізацыі маладзёжнай палітыкі, выхаванні падрастаючага пакалення, выявіць праблемы і намеціць шляхі далейшага ўдасканалення гэтага напрамку.
Каб атрымліваць тое, што хочацца
“Ёсць такі выраз: той, хто выхоўвае, як папала, атрымлівае тое, што прыйдзецца”, — з гэтай цытаты пачала сваё выступленне начальнік Дэпартамента сацыяльнай палітыкі і інфармацыйнага забеспячэння Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Маргарыта Паўлаўна Леўчанка. — Саюзная дзяржава праяўляе пастаянны клопат пра падрастаючае пакаленне, імкнецца стварыць умовы для сумеснага інтэлектуальнага, фізічнага і духоўна-маральнага развіцця дзяцей і моладзі Беларусі і Расіі”.
Маргарыта Паўлаўна абазначыла асноўныя кірункі супрацоўніцтва ў межах рэалізацыі маладзёжнай палітыкі Саюзнай дзяржавы міністэрствамі адукацыі, культуры, спорту і турызму Беларусі і Расіі. Сярод іх забеспячэнне роўнага доступу да адукацыі, абмен вопытам вучэбна-выхаваўчай работы, выкананне сумесных навукова-даследчых работ, правядзенне спартыўных, культурна-масавых мерапрыемстваў і іншых маладзёжных акцый. У выніку сумеснай работы ў Саюзнай дзяржаве прыняты нарматыўныя акты аб узаемным прызнанні і эквівалентнасці дакументаў аб адукацыі і вучоных ступенях і званнях, створаны беларуска-расійскі бізнес-акселератар “Маладзёжны інавацыйны цэнтр”. У Беларусі створаны філіялы Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта, Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта эканомікі, статыстыкі і інфарматыкі, на працягу многіх гадоў у Магілёве паспяхова дзейнічае Беларуска-Расійскі ўніверсітэт. Штогод у ВНУ Беларусі вучацца каля 2 тысяч расіян, а ў Расіі — каля 20 тысяч беларускіх студэнтаў. Акрамя таго, установамі вышэйшай адукацыі абедзвюх краін праводзіцца работа па рэалізацыі сумесных адукацыйных праграм у сферы менеджменту, эканомікі, моўнай падрыхтоўкі, сацыяльных навук, міжнародных адносін і іншых напрамкаў. Сталі традыцыйнымі конкурс навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў, алімпіяда школьнікаў Саюзнай дзяржавы, злёт юных эколагаў Расіі і Беларусі, спартакіяда Саюзнай дзяржавы для дзяцей і юнацтва, велапрабег, выдаецца газета для дзяцей і юнацтва “Друзья-Сябры”.
Канкрэтныя вынікі такіх сумесных мерапрыемстваў адзначыла дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Рэспублікі Беларусь Раіса Станіславаўна Сідарэнка: “Нядаўна на юбілеі філфака БДУ я была проста ўражана тым, што яго выпускнікі, пераможцы алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы, якая стала першым сумесным адукацыйным праектам, да гэтага часу маюць цесныя зносіны з моладдзю са Смаленска, Масквы і Санкт-Пецярбурга, адносіны з якімі завязаліся некалі на той алімпіядзе”.
Новы дакумент — новыя магчымасці
Спецыяліст упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Пятровіч Рукан зазначыў, што найбольш значныя падзеі ў жыцці моладзі абедзвюх краін адбудуцца ў наступным годзе: “Невыпадкова наступны год аб’яўлены Годам моладзі. Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь распрацаваны і ўзгоднены з зацікаўленымі міністэрствамі і арганізацыямі рэспубліканскі план мерапрыемстваў, якія будуць рэалізаваны на працягу года. Хоць у ім каля ста мерапрыемстваў, пры яго складанні ўлічвалася не столькі колькасць, колькі якасць. Доказам сур’ёзнасці намераў супрацоўніцтва ў межах Саюзнай дзяржавы служыць і той факт, што ў снежні гэтага года паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі будзе падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Абмяркоўваецца шэраг мерапрыемстваў, якія можна было б рэалізаваць у межах Саюзнай дзяржавы”.
Безумоўна, у іх ліку будуць новыя сумесныя праекты беларускіх і расійскіх студэнцкіх будатрадаў — адраджэнне гэтага руху складана пераацаніць. У 2013 годзе Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і расійскія студэнцкія атрады падпісалі ўзгадненне аб стварэнні зводных будатрадаў. У перыяд летніх семестраў мінулага навучальнага года больш за 2 тысячы студэнтаў Беларусі і Расіі працавалі на маштабных будоўлях дзяржаўнага значэння, у тым ліку Беларускай АЭС у Астраўцы, на Усерасійскай будоўлі Баваненкава (Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга). Літаральна днямі вынікі гэтай работы былі падведзены ў Маскве на Усерасійскім злёце студэнцкіх атрадаў.
Наперад, у бізнес-бой!
Падчас круглага стала было падкрэслена, што магутнасць любой дзяржавы складаюць навукова-тэхнічныя дасягненні народа. І тут на моладзь вялікія надзеі. Безумоўна, самы значны ўнёсак у саюзнае супрацоўніцтва — у расійскіх і беларускіх ВНУ. Так, у Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта склаліся цесныя творчыя сувязі з Ніжагародскім тэхнічным універсітэтам, Маскоўскім інжынерна-фізічным інстытутам, Іжэўскім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам. У практыку такога супрацоўніцтва ўвайшлі сумесныя навуковыя канферэнцыі, рэалізацыя навуковых праграм, распрацоўкі сумесных вучэбных планаў.
Падрабязна пра сумесныя напрацоўкі расказаў удзельнікам круглага стала прарэктар па вучэбнай рабоце, эканамічнай і фінансавай дзейнасці БНТУ Георгій Аляксандравіч Вяршына: “Адукацыйная сфера важная і для нашай краіны, і для Расіі. Дзякуючы праектам Саюзнай дзяржавы мы ў Беларусі створым у бліжэйшы час школу ядзершчыкаў. Супрацоўніцтва з МІФІ, Ніжагародскім дзяржаўным універсітэтам, Іжэўскім дзяржуніверсітэтам дазволіла стварыць у нас спецыяльнасці, якія мы рыхтуем для будучай АЭС. На пастаяннай аснове нашы студэнты вучацца ў расійскіх ВНУ, расійская прафесура чытае лекцыі ў нас. У Расіі існуе праграма Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі “Перападрыхтоўка кадраў для ваенна-прамысловага комплексу”, і ў рамках форуму праектаў мы выйгралі электронныя таргі, таму спецыялісты расійскага ваенна-прамысловага комплексу праходзяць перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі на базе беларускіх прадпрыемстваў, але галоўная база — БНТУ. Створаны маладзёжны тэхнапарк, які даў поўны ход маладзёжнаму прадпрымальніцтву. У прыватнасці, штогод мы праводзім бізнес-бой у навуковай сферы сярод магістрантаў і аспірантаў. Прапанаваныя праекты бяруцца на заметку, ствараюцца прадпрыемствы ў межах Расійска-Беларускага навукова-тэхналагічнага парка”.
З 2012 года БНТУ праводзіць у сябе форумы праектаў праграм Саюзнай дзяржавы, вынікі якіх атрымалі высокую ацэнку навуковай грамадскасці. Сёлета прайшоў III Форум ВНУ інжынерна-тэхнічнага профілю Расіі і Беларусі, на якім разглядаліся важныя пытанні ўдасканалення механізма маладзёжнага інавацыйнага прадпрымальніцтва. Пэўны інтарэс выклікае і ідэя стварэння ў Беларусі сваеасаблівага філіяла “Сколкава”.
Як нараджаецца сяброўства
Безумоўна, сумесная праца аб’ядноўвае людзей, але яшчэ лепш гэта атрымліваецца падчас адпачынку. Пра тое, што робіцца на беларуска-расійскай культурнай ніве, расказала галоўны спецыяліст упраўлення устаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Людміла Іосіфаўна Лебедзь. У прыватнасці, яна выдзеліла фестываль “Моладзь за Саюзную дзяржаву”, які штогод праводзіцца ў Растове-на-Доне. Гэта шматпланавае мерапрыемства, якое ўключае ў сябе правядзенне тэматычных вечароў, канцэртаў і конкурсаў. Узгадала Людміла Іосіфаўна і майстар-класы для мастацкіх навучальных устаноў абедзвюх краін, фестываль “Творчасць юных”, конкурсы юных журналістаў і маладых літаратараў.
Усведамляючы значнасць захавання і ўмацавання здароўя, на працягу ўжо больш як дзесяці гадоў Пастаянны камітэт арганізоўвае аздараўленне дзяцей з раёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, у лепшых санаторных і аздараўленчых арганізацыях Беларусі і Расіі. За перыяд з 2002 года яго прайшлі каля 15 тысяч дзяцей.
А пра тое, што гэта не толькі аздараўленне, але і выхаванне, гаварыла дырэктар НДЦ “Зубраня” Надзея Генадзьеўна Ануфрыева: “Я падтрымліваю дзейсную пазіцыю, а яна не столькі ў навукова-тэарэтычных семінарах, метадычных зборах, колькі ў непасрэдных зносінах саміх дзяцей, моладзі. І адзін з прыкладаў такой работы — наша кадэцкая змена “За гонар Айчыны”, якая прайшла ўжо 8 разоў. За гэты час у нас пабывала амаль 3200 кадэтаў з 37 рэгіёнаў Расіі і ўсіх рэгіёнаў Беларусі. Пра вынікі гэтых змен красамоўна гавораць дзіцячыя слоганы, якія часта можна чуць на ўрачыстых мерапрыемствах у “Зубраняці”, напрыклад, “Беларусь и Россия едины, вместе мы непобедимы”.
Наталяючы інфармацыйны голад
Так, падчас сустрэчы прагучала, што ў многіх установах адукацыі Беларусі і Расіі праводзяцца ўрокі, інфармацыйныя класныя гадзіны, тэматычныя мерапрыемствы, якія прысвячаюцца Дню яднання народаў Беларусі і Расіі. Але, на думку кіраўніка Навукова-даследчага цэнтра гісторыі дыяспар намесніка дэкана гістарычнага факультэта МДУ імя М.В.Ламаносава А.В.Солапавай, гэтага недастаткова, і асабліва гэта адчуваецца ў Расіі.
“За апошнія 20 гадоў, на жаль, быў момант, калі сувязі паміж гуманітарнымі таварыствамі Беларусі і Расіі былі зруйнаваны і кожны працаваў асобна, — гаворыць Аксана Вячаславаўна. — Але вельмі хутка прыйшло разуменне таго, што мы адно без аднаго існаваць не можам: нам неабходны пастаянны інтэлектуальны абмен. Мы — два асяроддзі, якія гатовы адно аднаго слухаць. Мы павінны тлумачыць падрастаючаму пакаленню, для чаго існуе Беларуска-Расійскае таварыства і якія яго перспектывы. Гэта і ёсць адказ на пытанні, навошта нам сумесная эканоміка, адзіная мытная прастора, чаму мы павінны існаваць без межаў. Але сярод навучэнскай моладзі, студэнтаў Расіі існуе інфармацыйны голад: многія не ведаюць, што існуе Саюзная дзяржава. Прааналізаваўшы падручнікі па гісторыі навейшай гісторыі Расіі, мы высветлілі, што большасць з іх не маюць ніякай інфармацыі пра Саюзную дзяржаву, зрэдку ёсць толькі дата стварэння. У красавіку гэтага года ў Маладзечне Мінскай вобласці праходзіў семінар пры Парламенцкім сходзе, і я выступіла з ініцыятывай стварыць падручнік для студэнтаў па гісторыі Саюзнай дзяржавы. Наша ініцыятыва падтрымана, і цяпер сумесна з вучонымі Інстытута гісторыі НАН Беларусі мы актыўна займаемся падрыхтоўкай кнігі. Летам да нас далучыліся гістарычны факультэт БДУ і грамадская арганізацыя “Беларусы Масквы”.
Вывучаючы маладзёжную мову
Свае прапановы для супрацоўніцтва выказала і дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Рэспублікі Беларусь Раіса Станіславаўна Сідарэнка. Яна ўпэўнена, што плённы вынік прынясе стварэнне віртуальнай сеткі Саюзнай дзяржавы. Як прыклад такой работы яна прывяла стварэнне Нацыянальнага адукацыйнага партала. Акрамя краін СНД, на ім штодзень бываюць прадстаўнікі 15—16 іншых краін.
“Калі мы прыйдзем туды, дзе жыве наша моладзь (а ў гэтым выпадку — у сеціва), у нашых руках практычна ўсё: і сацыяльнае, і псіхалагічнае, і палітычнае ўздзеянне, і прыцягненне ў такія мерапрыемствы, якія мы прапаноўваем, а не іншыя”, — упэўнена Р.С.Сідарэнка. Пры гэтым яна зазначыла, што ў Расіі было шмат спроб прыцягнуць моладзь да зносін у сетцы з педагогамі, але моладзь туды не пайшла. Бо, на думку Раісы Станіславаўны, гэтым зносінам дарослых трэба вучыць. І пачынаць трэба з вывучэння маладзёжнай мовы, а не імкнуцца навучыць моладзь гаварыць адразу на літаратурнай мове. Гэтаму і не толькі на віртуальных старонках партала паспяхова вучацца не толькі педагогі (цяпер праходзіць ужо трэці курс такіх семінараў), зацікавіліся гэтай ініцыятывай і бацькі. Яна ўпэўнена: узаемаабмен напрацоўкамі абедзвюх краін тут проста неабходны.
Шмат чаго зроблена, але спыняцца на дасягнутым у Саюзнай дзяржаве не плануюць. У бліжэйшай перспектыве — развіццё супрацоўніцтва ў галіне павышэння кваліфікацыі спецыялістаў, у тым ліку і маладых, пашырэнне міжуніверсітэцкага супрацоўніцтва, далейшае развіццё дзейнасці сумесных беларуска-расійскіх студэнцкіх працоўных атрадаў. Удзельнікі круглага стала ўпэўнены, што правядзенне гэтай сустрэчы, назапашаны вопыт, выказаныя прапановы паспрыяюць удасканаленню маладзёжнай і дзіцяча-юнацкай палітыкі Саюзнай дзяржавы.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Лізаветы ДАБРЫЦКАЙ.