Беларусазнаўцам прысвячаецца

- 13:25Педагагічная майстэрня, Рознае партфолiо

Мікалай Васільевіч Жуковіч, дырэктар сярэдняй школы № 1 Бярозы Брэсцкай вобласці, настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Мікалай Васільевіч — педагог-наватар, які ўвесь час у творчым пошуку. Ён адзін з першых у краіне настаўнікаў-філолагаў стварыў свой сайт, дзе актыўна дзеліцца назапашаным вопытам. Акрамя таго, увесь час удзельнічае ў семінарах і майстар-класах.
А нядаўна (праўда, пакуль толькі ў інтэрнэтны свет) выйшлі яго педагагічна-метадычныя даследаванні. Метадычны дапаможнік для настаўнікаў “Актыўныя адукацыйныя тэхналогіі па фарміраванні свабоднай асобы вучня на ўроках беларускай мовы, літаратуры і пазакласных мерапрыемствах” набірае папулярнасць. Калегі з усіх рэгіёнаў шлюць яму свае падзякі. Але наша гаворка не абмежавалася толькі прыдатнымі для беларусазнаўцаў педагагічнымі тэхналогіямі, хоць яны і сталі інфармацыйнай нагодай для сустрэчы.

Напрамак — адукацыйна-выхаваўчы

Трэба адзначыць, што адаптацыяй педагагічных тэхналогій да ўрокаў беларускай мовы і літаратуры Мікалай Васільевіч займаецца ўжо даўно. Яшчэ ў 2007 годзе ў выдавецтве “Аверсэв” выйшла яго кніга “Сучасныя педагагічныя тэхналогіі на ўроках беларускай мовы і літаратуры”. Актыўныя адукацыйныя тэхналогіі, якія з’явіліся цяпер, гэта своеасаблівы працяг першага дапаможніка, але тут Мікалай Васільевіч выступае не толькі рэтранслятарам новых педагагічных тэхналогій, а яшчэ і сур’ёзным аналітыкам. Сваім калегам ён прапануе не проста апісанне тэхналогій, а дае магчымасць прааналізаваць атрыманую інфармацыю і выбраць неабходнае.
Калі коратка, то ў новым дапаможніку для настаўнікаў ідзе гаворка пра выкарыстанне асобасна арыентаваных тэхналогій навучання, дыдактычныя мадэлі ўрокаў па тэхналогіі крытычнага мыслення, тэхналогіі дзелавой гульні, педагагічных майстэрняў (французская), калектыўнага асэнсавання, праектнага навучання. Акрамя таго, разглядаюцца інфармацыйна-камп’ютарныя тэхналогіі, тэхналогія выкарыстання лічбавых адукацыйных рэсурсаў у выкладанні беларускай мовы і літаратуры, дыдактычныя мадэлі правядзення заняткаў з прымяненнем мультымедыйных сродкаў, інтэрнэт-рэсурсы для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры і дыстанцыйнае навучанне.
Але пра ўсё па парадку і больш падрабязна. Пачаў Мікалай Васільевіч з назвы свайго дапаможніка. Актыўныя адукацыйныя тэхналогіі закліканы фарміраваць свабодную асобу вучня. Але свабода нам даецца не дзеля свабоды. Шматгадовы педагагічны вопыт майго суразмоўцы сведчыць пра тое, што сучасным падлеткам трэба дапамагаць у вызначэнні сэнсу жыцця, неабходна выхоўваць у іх павагу да прынятых норм маралі, фарміраваць грамадзянскія адносіны да сям’і, матываваць цікавасць і патрэбу ў авалоданні нацыянальным моўным багаццем, да гістарычнай спадчыны і гісторыі сваёй Айчыны.
— І сёння, як ніколі, педагог павінен умець ствараць умовы для індывідуальнага самавызначэння вучняў, іх творчага патэнцыялу, схільнасцей і здольнасцей. Развіваць навыкі міжасобасных адносін, выхоўваць якасці лідара і грамадзянскую пазіцыю як ва ўмовах вучэбнага працэсу, так і ў пазакласнай дзейнасці.
Сучасныя падлеткі жадаюць і імкнуцца быць вольнымі і незалежнымі. Сёння яны хочуць распараджацца сабой па ўласным жаданні, не хочуць звязваць сябе абавязкамі і адносінамі, праяўляюць негатыўную свабоду ў грубых адносінах з бацькамі і настаўнікамі, не прыкладаюць намаганняў у вучобе, шмат часу трацяць на знаходжанне ў інтэрнэце, бясконца гуляюць у камп’ютарныя гульні, любяць позна вяртацца дадому, паспрабаваць у раннім узросце тытунь, а то і наркотыкі, сесці за руль аўтамабіля без наяўнасці на гэта правоў і г.д. Безумоўна, такая свабода (а больш дакладна, свавольства), лёгкадумнасць, прынясе толькі шкоду. У выніку такіх паводзін, як правіла, узнікае псіхалагічная і фізічная залежнасць. А гэта ўжо крайняя ступень няволі, у якую малады чалавек з цягам часу заганяе сябе сам.
Вось так паступова свабода можа ператварацца ў сваю процілегласць — звычайную няволю ці трагедыю, таму ў сваім дапаможніку вяду гаворку пра свабоду як пра адну з магчымасцей дасягнення канструктыўнай мэты ў жыцці школьніка. Вядома, што калі падлетак ставіць правільную мэту, то свабода яму дае і карысны вынік, — адзначыў Мікалай Васільевіч.
Тэхналогіі, да якіх звяртаецца педагог, дзейсныя не толькі ў адукацыйным плане, але і ў выхаваўчым. І калі раней у адносінах да педагагічных тэхналогій быў прыдатны тэрмін “модна”, то сёння гэта ўжо неабходнасць. Разам з тым напрацовак менавіта для беларусазнаўцаў у нас было няшмат, таму Мікалай Васільевіч са сваімі дапаможнікамі з’яўляецца першапраходцам. З мая бягучага года ён з’яўляецца настаўнікам-метадыстам, што яшчэ больш падкрэслівае слушнасць яго метадычных парад.

Гульні дзелавыя і ролевыя

У адаптацыі новых педагагічных тэхналогій для ўрокаў беларускай мовы і літаратуры Мікалай Васільевіч кіраваўся некалькімі прынцыпамі. Зразумела, галоўныя з іх тычыліся выніковасці ўрокаў, але не менш важнае значэнне мае зручнасць той ці іншай тэхналогіі.
Напрыклад, гаворачы пра дыдактычныя мадэлі ўрокаў па тэхналогіі крытычнага мыслення, Мікалай Васільевіч адразу зазначыў, што гэтая тэхналогія навучання з’яўляецца больш прыдатнай для выкарыстання менавіта настаўнікамі-філолагамі. Знешне яна набліжана да традыцыйнай методыкі выкладання, і на падрыхтоўку заняткаў па ёй патрабуецца нязначны час. Яна эканомная па абсталяванні, накіравана на эфектыўную работу школьнікаў з тэкстам.
— З настаўніцкай практыкі добра вядома, што развіць крытычны розум удаецца не адразу і не ва ўсіх вучняў, а толькі ў 30 — 60%. Тут, вядома, многае будзе залежыць і ад іх узроўню адукаванасці, сацыяльнага становішча, матывацыі і патрэбы ў ведах. Праўда, развіць крытычнае асэнсаванне сёння можна ў любым узросце і без значнай папярэдняй падрыхтоўкі, таму што многія яго прыкметы, асаблівасці фарміруюцца і пры традыцыйным, класічным выкладанні. Аднак эфектыўнасць гэтага працэсу і яго вынікі найбольш відавочныя пры сістэмным і паслядоўным фарміраванні названага тыпу асэнсавання, пачынаючы са школы і працягваючы ў сярэдніх спецыяльных ці вышэйшых навучальных установах.
Забяспечыць развіццё крытычнага асэнсавання з дапамогай інтэрактыўнага ўключэння вучняў у адукацыйны працэс — гэта і ёсць асноўная мэта названай тэхналогіі. Пла-нуецца, што ў выніку выкарыстання такой тэхналогіі вучань з цягам часу выпрацуе ў сабе ўменне суб’ектыўнага бачання, аргументаванага меркавання, прыме незалежныя прадуманыя рашэнні, няхай нават і не заўсёды правільныя і ўдалыя. Але самае галоўнае — яна матывуе вучняў актыўна ўключыцца ў вучэбна-выхаваўчы працэс, што стварае падмурак для новых ідэй разумовай дзейнасці. На аснове вышэйсказанага можна сцвярджаць: крытычна думаць — гэта значыць выпрацоўваць імунітэт душы, — адзначыў М.В.Жуковіч.
А вось дзелавая гульня заклікана навучыць школьнікаў прымаць рашэнні. Як заўважыў Мікалай Васільевіч, яе можна выкарыстоўваць у час выкладання асобных тэм па геаграфіі, хіміі, фізіцы, біялогіі, а таксама ва ўсіх тыпах і відах урокаў беларускай мовы і літаратуры: у час тлумачэння і паўтарэння новага матэрыялу, абагульнення і сістэматызацыі, праверкі і ацэнкі ведаў вучняў.
— Звычайна ў вучняў 5 — 11 класаў найбольшую цікавасць выклікаюць ролевыя гульні, дзякуючы якім у школьнікаў фарміруюцца некаторыя прафесійныя якасці, лідарства, развіваецца ўменне кіраваць людзьмі. Поспех залежыць ад здольнасці вучня супрацоўнічаць з аднакласнікамі. Удзельнікі могуць пабываць у ролі настаўніка, экскурсавода, бібліятэкара, карэктара і інш. Такі падыход у выкладанні мовы і літаратуры не толькі разнастаіць змест урока, але і раскрые выхаванцам некаторыя аспекты пэўных прафесій.
Напрыклад, можна пагуляць у “Арфаграфічную эстафету”, дзе некалькі ўрыўкаў невялікага вершаванага ці празаічнага тэксту дыктоўкі трэба размясціць на сцяне ці дошцы школьнага кабінета за 3 — 5 метраў ад вучняў класа. Выкладчык дзеліць клас на групы па 3-4 чалавекі і прапануе ў кожнай вызначыць ролі: 1-2 будуць “кур’еры”, 1-2 — “пісьменнікі” і “карэктар”. “Кур’ерам” трэба пабываць каля тэксту вызначаную настаўнікам колькасць разоў і дакладна запомніць як мага больш, нічога пры гэтым не запісваючы. “Пісьменнік” у сшытку павінен правільна запісаць тэкст, прадыктаваны “кур’ерам”. За работай сваёй групы сочыць “карэктар”. Пасля сігналу настаўніка ён правярае тэкст “пісьменніка”, выпраўляе памылкі, параўноўвае запісанае з арыгіналам і ацэньвае работу згодна з прапанаванымі крытэрыямі.
“Арфаграфічную эстафету” можна праводзіць практычна ў кожным класе, асабліва на трэніровачна-карэкцыйным ці кантрольна-рэфлексіўным этапе сучаснага ўрока мовы.
Гульня “Вучань-настаўнік” не толькі дапаможа паўтарыць і сістэматызаваць веды вучняў па вывучаным матэрыяле, але і сфарміруе цікавасць да прадмета і настаўніцкай прафесіі. За некалькі ўрокаў да запланаванай дзелавой гульні трэба паведаміць чатыром-пяці ініцыятыўным вучням, што на наступных занятках яны па чарзе будуць выконваць ролю настаўніка (напрыклад, да дзесяці хвілін па пэўнай тэме). Можна застацца з гэтымі вучнямі пасля ўрокаў і абмеркаваць ход гульні і змест заданняў.
Ход гульні можа быць такім: у 10 класе на заключным уроку мовы па тэме “Марфемная будова слова. Словаўтварэнне” пасля сігналу настаўніка да дошкі выходзіць першы вучань і праводзіць тэарэтычнае пісьмовае апытанне ў форме перакрыжаванай дыктоўкі: чытае азначэнне, правіла, а аднакласнікі пад адпаведны нумар даюць адказ адным словам. Другі вучань выклікае да дошкі 2-3 аднакласнікаў і з каментарыем праводзіць марфемны і словаўтваральны разбор слоў. Трэці “настаўнік” прапануе слоўнікавую дыктоўку на правапіс прыставак і галосных у складаных словах, на правапіс галосных і, ы, зычнага й пасля прыставак.
Трэба адзначыць, што вучні вельмі адказна ставяцца да такіх урокаў, паміж аднакласнікамі ўзнікае супрацоўніцтва, у дзесяцікласнікаў фарміруецца аб’ектыўны погляд на складанасць і адказнасць настаўніцкай прафесіі, — працягваў Мікалай Васільевіч.

У новай рэдакцыі

Апошняя распрацоўка майго суразмоўцы — лічбавыя адукацыйныя рэсурсы і інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі на ўроках беларускай мовы і літаратуры. Яна, канечне, не з’яўляецца абсалютна новай, але тады, у 2007 годзе, Мікалай Васільевіч толькі расказаў, што такое інтэрнэт-урок, як можна выкарыстоўваць на ўроках мультымедыйныя прэзентацыі. Новая рэдакцыя гэтай распрацоўкі перапрацаваная і больш змястоўная. Тут аўтар спыняецца не толькі на выкарыстанні мультымедыя. Ён расказвае пра электронны падручнік, інтэрнэт-сайты для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, дыстанцыйнае навучанне, тэставыя тэхналогіі.
— Сёння настаўнік беларускай літаратуры можа выкарыстаць інтэрнэт як дапаможны сродак на занятках ці арганізаваць асобны інтэрнэт-урок. На сёння ёсць шмат рэсурсаў, прысвечаных класікам беларускай літаратуры: Максіму Багдановічу (www.maksimbogdanovich.ru), Уладзіміру Караткевічу (www.uladzimir-karatkevich.com ), Васілю Быкаву (www.bykau.info), Максіму Танку (www.maksimtank.ru) і інш. Гэтыя сайты нельга пакінуць па-за ўвагай сучасных школьнікаў, асабліва на ўроках літаратуры ў 10-11 класах сярэдніх школ, гімназій і ліцэяў.
Пры арганізацыі такіх урокаў трэба лічыцца з магчымымі збоямі інтэрнэту. З мэтай эканоміі фінансавых сродкаў настаўніку варта за некалькі дзён да запланаванага ўрока па тэме “Васіль Быкаў. Жыццёвы і творчы шлях пісьменніка” ў 11 класе зайсці на сайт “Васіль Быкаў” і спампаваць патрэбны матэрыял. Перад заняткамі гэты матэрыял можна вельмі хутка перанесці на персанальныя камп’ютары, — зазначыў Мікалай Васільевіч.
Цяпер у метадычнай скарбонцы М.В.Жуковіча ёсць і метад актыўнай ацэнкі, але, як заўважыў педагог, не ўсё з гэтага метаду кладзецца на ўрокі беларускай мовы.
— У 11 класе з гэтай тэхналогіяй асабліва не разгонішся, а вось у пятым класе можна паспрабаваць. Я са сваімі пяцікласнікамі зараз знаходжуся на мэтавызначальным этапе, але ўжо адчуваю, што дзеці пачалі разумець, што ад іх патрабуецца на ўроку. Дарэчы, дзеці не ведаюць, што мы працуем па нейкай новай тэхналогіі. Знешне гэта звычайныя ўрокі камбінаванага тыпу, якія я, дарэчы, люблю і працую ў іх межах пастаянна. Але я ўвёў мэтавызначальную частку. Напрыклад, на паўтарэнне прыметніка даецца дзве гадзіны. Вучні, зразумела, многае за лета забываюць, а я на першым уроку ім гавару, што яны павінны ведаць азначэнне прыметніка, знаходзіць яго ў тэксце, правільна пісаць канчаткі прыметнікаў і змяняць іх па склонах. На наступным уроку даецца невялікая праверачная работа, узор якой абмяркоўваўся загадзя, і дзеці выконваюць яе без праблем. У выніку задаволены і настаўнік, і вучні, — расказаў педагог.
Пра выкарыстанне на ўроках беларускай мовы і літаратуры новых педагагічных тэхналогій мы з Мікалаем Васільевічам гаварылі доўга. На жаль, плошча газетнай паласы не дазваляе перадаць яе падрабязна, але самае галоўнае — гэта тое, што, безумоўна, новыя педагагічныя тэхналогіі зрабілі прарыў у навучанні беларускай мове і літаратуры. Разам з тым да іх прымянення трэба падыходзіць вельмі абдумана і абавязкова з практычнага пункта погляду. Сёння ў свеце бясконцых папер, якія даводзіцца запаўняць педагогу, не так проста знайсці хвілінку, каб падрыхтавацца да ўрока. Хаця М.В.Жуковіч добра падмацаваў метадычны тыл настаўнікаў-беларусазнаўцаў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.