На якія з выданняў апошняга часу выдавецтва «Беларусь» па гісторыі Бацькаўшчыны варта звярнуць увагу педагогам і вучням?

- 17:03Новости

Якія кнігі пра гісторыю Бацькаўшчыны з выданняў апошняга часу могуць зацікавіць настаўнікаў, выкладчыкаў, вучняў і студэнтаў? Пра гэта карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала галоўны рэдактар выдавецтва “Беларусь” Ларыса Языковіч.

Гаворачы пра аналітычныя праекты, галоўны рэдактар падкрэсліла:

— Адзін з іх — “Геноцид белорусского народа”: выйшлі дзве кнігі, у рабоце трэцяя. Пачыналі мы з тысячнага тыражу, а ўжо выйшла больш за 15 тысяч: у першай кнігі чатыры выданні, у другой — два. Мы прэзентуем кнігі ў розных аўдыторыях, аднак набываць нікога не прымушаем. Людзі самі разумеюць важнасць і значнасць тэмы. А праект гэты доўгатэрміновы, заяўлена больш за 10 кніг.

Заслугоўвае ўвагі і кніга “Хатынь” (на беларускай, рускай, англійскай мовах), яе аўтар — дырэктар аднайменнага мемарыяльнага комплексу Артур Зельскі. Ларыса Языковіч адзначыла:

— Кнігу мы выдалі, можна сказаць, па гарачых слядах апошняй рэканструкцыі мемарыяла, у сакавіку 2023-га — да 80-годдзя хатынскай трагедыі. У кнізе прыводзяцца ўдакладненыя даныя і статыстыка. Раней, напрыклад, гаварылі пра 186 вёсак, якія былі спалены на тэрыторыі Беларусі і не адра­дзіліся, а цяпер, па выніках работы спецкамісіі, вядома ўжо пра 216. Кніга вытрымала два тыражы, рыхтуем цяпер трэці. Сёлета ў нас была сустрэча з нямецкімі журналістамі, якія прытрымліваюцца нашай гістарычнай канцэпцыі. Дык яны прасілі перакласці кнігу “Хатынь” і на нямецкую мову: каб яе можна было чытаць, распаўсюджваць у Германіі.

Кніга Алены Харашэвіч і Анатоля Шаркова “Священная память Великой Победы” расказвае пра дзейнасць беларускай дзяржавы па ўшанаванні памяці абаронцаў Айчыны, захаванні памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.

Як арганізавана пошукавая работа ў краіне, каб выяўляць няўлічаныя пахаванні воінаў і ахвяр войнаў, устанаўліваць звесткі пра загінулых? Пра гэта ў названай кнізе расказваецца на падставе цікавых сабраных матэрыялаў, у тым ліку пра тое, як ствараліся вядомыя ў краіне мемарыялы, помнікі. Кніга дакументальная і пазнавальная. У ёй пада­дзены спісы помнікаў па кожнай вобласці, раёне. Гэта вельмі каштоўны матэрыял як для ўстаноў адукацыі, так і для даследчыкаў, музеяў, ідэалагічных работнікаў.

Як своеасаблівы вучэбны дапаможнік выдадзена кніга Віктара Ермаловіча “Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны (1941—1945): пытанні і адказы”. На падставе дакладных гістарычных фактаў і матэрыялаў у ёй расказваецца ў тым ліку пра асаб­лівасці міжнародных адносін напярэдадні вайны, прычым з улікам апошніх дасягненняў гістарычнай навукі.

Далейшае знаёмства з навінкамі выдавецтва Ларыса Языковіч прадоўжыла, спачатку назваўшы аднаго з аўтараў — гісторыка Ігара Марзалюка. Многія ведаюць яго харызму і тое, што ён дасведчаны ў многіх пытаннях беларускай мінуўшчыны, заўсёды цікава выступае ў розных аўдыторыях. У выдавецтве “Беларусь” выйшла яго кніга “Сімвалы беларускай вечнасці: гісторыя сімвалаў беларускай дзяржаўнасці”. У ёй ідзе размова пра нашы герб і сцяг: тэма раскрываецца падрабязна, пераканальна, і ўсе факты падмацаваны дакументамі. Як адзначыла Ларыса Языковіч, кніга лёгка чытаецца, напісана таленавіта. На прэзентацыі ў 47-й школе Віцебска Ігар Марзалюк пад­крэсліў, што гэта кніга пра веліч беларускай гістарычнай традыцыі і дзяржаўнасці, пра нашы гістарычныя сімвалы і вытокі, пра нас і нашых продкаў. Гэта шчырыя развагі пра тое, што такое патрыятызм для беларусаў, для якіх слова “Радзіма” не з’яўляецца пустым гукам, а мае высокі сэнс.

З вялікай павагай да гістарычнай праўды напісаў сваю кнігу “На Западном фронте летом 1941 года: люди, события, факты” і вядомы аўтар Барыс Далгатовіч, якому сёлета споўнілася 90 гадоў.

— Унікальны гісторык, Барыс Дзмітрые­віч па-ранейшаму бадзёры, шмат піша, даследуе гісторыю, — адзначыла галоўны рэдактар. — Гэтая кніга выйшла ў нашай серыі “Гісторыя для школьнікаў” . Барыс Далгатовіч грунтоўна даследуе беларускую тэматыку, расказвае пра лёсы беларусаў, якія ўдзельнічалі, напрыклад, у Смаленскай бітве, у бітве за Маскву, а раней пісаў пра нашых землякоў на Курскай дузе і пра ўдзельнікаў Сталінградскай бітвы. У кнізе падаецца падрабязны матэрыял як пра гістарычныя па­дзеі, так і пра людзей-беларусаў у іх кантэксце, пра тое, што былі з беларускага роду і камандзіры армій, дывізій, Героі Савецкага Саюза і поўныя кавалеры ордэна Славы. Прычым капае Барыс Дзмітрыевіч скрупулёзна, а піша даходліва, таму кнігі серыі не залежваюцца ў кнігарнях. І гэта, на маю думку, добрыя памочнікі ў адукацыйным пра­цэсе. Дарэчы, на прэзентацыях у бібліятэках, куды нас запрашаюць, гавораць: серыю трэба прадаўжаць. Мы так і робім.

Яшчэ адзін выдавецкі бестселер, на які звяртае ўвагу Ларыса Языковіч, — кніга Сяргея Мусіенкі і Максіма Осіпава “Привкус цветных революций”, унікальны міжнародны праект Аналітычнага цэнтра ЕСООМ, рэалізаваны сумесна з Выдавецкім домам “Беларусь сегодня”. Галоўны рэдактар адзначае:

— Пульс часу адчуваецца ў самой падачы інфармацыі, тут сканцэнтравана ўвага на нейкіх вострых, важных момантах. Прычым заўважу: гэта пазіцыі, погляды не толькі беларускіх аўтараў! У кнізе пададзены меркаванні людзей з розных краін, якія вывучаюць падобныя падзеі пад агульнай наз­вай “каляровыя рэвалюцыі”. У кнізе прадстаўлены аўтары з Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Францыі, Аргенціны… Мы цяпер з імі аднадумцы! А такіх шмат па свеце, і яны адстойваюць свой пункт гледжання на падобныя падзеі, бо гэта ж было ў Турцыі, Чылі, Венесуэле, Гватэмале, Польшчы, Расіі, Партугаліі, Бразіліі, Тайландзе, Сербіі, Францыі, Украіне, Літве… Ну і ў Беларусі ў 2020 го­дзе. Паверце: гэта вельмі цікавы матэрыял! Чытаеш — і ўсё ў галаве нібы раскладваецца па палічках. Знаходзіш паралелі, пераконваешся: гэта былі аднатыпныя падзеі, яны адбываліся па адной схеме, разыхо­джанні ёсць хіба што ў нюансах і дэталях. Гэтая кніга — своеасаблівы ўклад Беларусі ў даследаванне вельмі небяспечнай з’явы, яна працуе на прадухіленне глабальных пагроз, у тым ліку скіраваных і ў наш бок.

У ліку кніг, якія зусім нядаўна пабачылі свет, Ларыса Языковіч назвала трохмоўнае выданне “Верховный Совет БССР первого созыва (1938—1947)”. Гэта вельмі актуальная кніга ў час, калі ў краіне ідзе падрыхтоўка да чарговых выбараў — адначасова ў дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

У кнізе ідзе размова пра тое, як фарміраваўся, дзейнічаў самы першы Вярхоўны Савет: і ў мірны даваенны час, і ў гады вайны, і пасля яе. Кніга расказвае пра жыццё і дзейнасць вядомых людзей-дэпутатаў, уключае шматлікія фатаграфіі, фотакопіі архіўных дакументаў, артыкулаў з перыядычнага друку.

Галоўны рэдактар выдавецтва “Беларусь” Ларыса Языковіч нагадала: цяпер выдавецтва — правапераемнік “Белэнцыклапедыі”. Таму і ў цяперашняй дзейнасці “Беларусі” ёсць звароты да энцыклапедычных выданняў, праектаў, распачатых раней. У якасці прыкладу быў прыведзены міжнародны праект, прысвечаны казахстанцам, якія змагаліся з фашызмам на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Кніга “Победа одна на всех. Казахстан — Беларусь” пабачыла свет і шырока прэзентавалася ў 2015 годзе. А ў 2019-м выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Пет­руся Броўкі” выпусціла падобнага фармату кнігу “Победа одна на всех. Беларусь — Узбекистан”. Цяпер жа ў рабоце — сумесны праект з Башкартастанам. Яго рабочая назва — “Ураджэнцы Башкартастана ў баях за Беларусь”. Па словах Ларысы Языковіч, праект знаходзіцца на асаблівым кантролі ў кіраўніка Башкартастана Радзія Хабірава, яго курыруе і Мінінфармацыі Беларусі. У рабоце задзейнічаны навукоўцы, супрацоўнікі музеяў, архіваў Беларусі. Далучыцца да работы могуць і настаўнікі, педагогі, прадстаўнікі Школ міру — гэта паспрыяе наладжванню дружалюбных кантактаў з братняй Рэспублікай Башкартастан.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара