Навагодні баль сабраў у Гродне лепшых навучэнцаў і студэнтаў вобласці

- 13:35Репортаж

Мерапрыемства прайшло ў рамках рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Удзельнікамі ўрачыстасці сталі 36 пар. Гэта выдатнікі вучобы, пераможцы алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў з ліку студэнтаў УВА, навучэнцаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, кадэцкага вучылішча і школьнікаў Гродзенскай вобласці.

— Пераднавагодні баль у Гродзенскай вобласці стаў ужо своеасаблівай традыцыяй. Штогод у абласной філармоніі збіраецца не проста моладзь, якая праявіла сябе ў вучобе і розных конкурсах. Гэта сапраўды рознабакова развітыя маладыя людзі. Нязменна прысутнічаюць тут і кіраўнікі ўстаноў адукацыі, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, каб яшчэ раз падкрэсліць значнасць таленавітай моладзі. Такая ўвага з году ў год удзяляецца тым, хто гатовы самарэалізоўвацца не толькі для задавальнення сваіх інтарэсаў, а галоўным чынам дзеля таго, каб прыносіць карысць грамадству, сваёй установе адукацыі, свайму раёну. Менавіта такой моладзі ў нашай краіне адкрыты ўсе дарогі, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык.

Многія пары на працягу ўсёй восені і пачатку зімы рыхтаваліся да сённяшняй падзеі. Праграма прадугледжвала не толькі танцы, але і вялікую колькасць гульняў і забаў, якія былі характэрныя для баляў.

У ліку тых, хто закружыўся ў вальсе, выпускніца педагагічнага класа адной са школ Віцебскай вобласці Юлія Сінкевіч, трэцякурсніца філалагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы.

— Скончыла школу з залатым медалём і шлях у прафесію педагога выбрала свядома. Ужо маю вопыт работы з дзецьмі: кожны год працую ў аздараўленчых лагерах Гродзеншчыны. Выдатную вучобу ва ўніверсітэце сумяшчаю яшчэ і з творчай актыўнасцю. Дзякуючы гэтаму і стала ўдзельніцай балю. Гэта адначасова хвалююча і адказна, — падзялілася будучы педагог і прызналася, што самым складаным у падрыхтоўцы танцам стала кадрыль.

Юлія кружылася ў пары з чацвёртакурснікам матэматычнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Арцёмам Часноўскім, які ўжо меў вопыт удзелу ў балях. У мінулым годзе малады чалавек стаў удзельнікам рэспубліканскага свята навучэнскай моладзі і студэнтаў у сталіцы.

Сёлета праграма святочнага балю складалася з чатырох аддзяленняў і ў адпаведнасці з назвай — “Поры года” — уключала вясновыя, летнія, восеньскія і зімовыя матывы.

Кружыліся ў танцы ўдзельнікі балю пад акампанемент эстраднага аркестра Art college Band Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара