Іх арт-аб’екты не могуць не здзіўляць: у Смілавіцкім дзяржаўным каледжы ствараюць незвычайныя скульптуры

- 10:12Новости

У пачатку снежня ў майстэрні Смілавіц­кага дзяржаўнага каледжа, дзе займаюцца ўдзельнікі гуртка “Рацыяналізатар”, ажывілі сімвал будучага года — дракона, які, калі нешта не спадабаецца, можа нават полымем на­пужаць. Імя яму далі простае, але закана­мернае — Дракоша. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Усё пачалося з года пеўня

Даведацца, калі і з каго ў Смілавіцкім дзяржаўным каледжы пачалася гісторыя стварэння незвычайных арт-аб’ектаў, якія дубліруюць сімвалы ўсходняга календара, вельмі проста: дастаткова ў адваротнай паслядоўнасці адлічыць фігуры і суаднесці з пэўным годам.

Што тычыцца гісторыі ажыўлення герояў кітайскага календара, то пачыналася яна прадказальна. Дарэчы, працаваў над калекцыяй загадчык цэнтра кампетэнцый Арцём Крывапуст.

“Восем гадоў таму нашу навучальную ўстанову запрасілі паўдзельнічаць у конкурсе “Сімвал года”, — расказвае Арцём Крывапуст. — Дырэктар Юрый Корсік прапанаваў падумаць, што можна зрабіць. Я вельмі здзівіўся, бо нават маляваць не ўмею, не гаворачы ўжо пра стварэнне скульптуры. Але задача пастаўлена — значыць, трэба ­думаць і шукаць ідэі”.

Пасля размовы з дырэктарам Арцём Крывапуст у пошуках натхнення пайшоў у майстэрню, а пасля да сваіх вучняў. Педагог доўга думаў, якія матэрыялы для работы з тых, што ёсць у каледжы, можна прымяніць у творчасці. Улічваючы, што ў распараджэнні гуртка “Рацыяналізатар” мноства адпрацаваных дэталей і запчастак ад тэхнікі, менавіта іх вырашылі ўзяць за аснову. Але з чаго пачаць работу над пеўнем, сімвалам надыходзячага года? Ідэю ў літаральным сэнсе слова прынёс навучэнец.

“Адзін з маіх выхаванцаў, які атрымліваў у каледжы прафесію трактарыста, прынёс бензінавы бак ад матацыкла “Іж” і сказаў, што ён яму нагадвае пеўня, — дзеліцца А. Крывапуст. — Я паглядзеў: сапраўды, так і ёсць, бак вельмі падобны да гэтай птушкі. Адразу было вырашана, што менавіта вызначаную дэталь і возьмем за аснову. Астатняе прымяралі ў працэсе работы. Мы пачалі прымацоўваць да бака розныя дэталі: шасцярэнькі, ланцугі, дрот, спружыны. Калі бачылі, што дэталь пасуе і можа стаць часткай пеўня, прыварвалі да цела — бензабака. Падчас работы хлопцы вельмі захапіліся такой творчасцю: самі падбіралі і прыварвалі дэталі, а мне трэба было толькі сачыць за ўсім і карэкціра­ваць, калі трэба. На стварэнне нашага першага сімвала спатрэбіўся месяц. У выніку атрымаўся даволі цікавы і прыгожы певень”.

У каманды Арцёма Крывапуста певень атрымаўся адмысловы, а работа над ім вельмі захапіла і навучэнцаў, і педагога. Менавіта з таго часу, як быў створаны першы герой, у каледжы вырашылі, што і надалей бу­дуць прымаць удзел у творчым спаборніцтве. Стымул для далейшай работы ў каманды быў: спачатку на абласным, а пасля і на рэс­публіканскім этапе конкурсу “Сімвал года” певень са Смілавіч заняў 1-е месца. Дагэтуль нічога падобнага на творчае спаборніцтва ніхто не прывозіў. 

“Напярэдадні кожнага новага года мы з задавальненнем пачынаем работу над новым героем, — прызнаецца загадчык цэнтра кампетэнцый. — Цікава, што ў мас­тацтве мы не моцныя, але тыя, хто разбіраецца ў ім, сказалі, што кожная наша фігура выканана ў незвычайным стылі. Певень, сабака і свіння адносяцца да аднаго стылю, пацук — да іншага, тыгр і трус маюць сваю гісторыю. Дарэчы, наш певень, які стаў лепшым у краіне, прысутнічаў нават на ­рэспубліканскай ёлцы, дзе на яго маглі паглядзець дзеці з усёй краіны”. 

Надзея на быка

У наступныя гады і свіння, і сабака, і трус станавіліся лепшымі ў краіне, канкурэнтаў у іх не было. На пацука таксама ўскладвалі вялікія надзеі, але ён падвёў. Праўда, не па сваёй віне.

“Нашы арт-аб’екты кожны год здзіўлялі і журы, і ўдзельнікаў конкурсу, — расказвае Арцём Крывапуст. — Зразумела, што ўсім хацелася нас перамагчы. Калі навучэнцы працавалі над тыграм, нам тэлефанавалі з іншых устаноў адукацыі і гаварылі, што на гэты раз мы прайграем. У такія моманты з’яўляецца азарт. Разумеючы, што ў нас ёсць канкурэнты, мы прыдумалі новыя фішкі”.

Так, QR-код, які пачалі размяшчаць на наступных фігурах, пачынаючы з тыгра, робіць сапраўдныя цуды. Калі яго адсканіра­ваць, тыгр павіншуе з Новым годам. Трус, прататып свайго родзіча з “Алісы ў Краіне цудаў”, здольны круціць галавой і абавязкова павітаецца, калі навесці камеру тэлефона на яго асабісты код.

“Канкурэнты павінны адчуваць, што мы не стаім на месцы, — дадае вынаходлівы педагог. — Калі пачынаем працаваць над кожным наступным сімвалам, стараемся зрабіць усё вельмі дасканала і прыгожа. На пацука, хоць ён і маленькі па сваім памеры, патрацілі вельмі шмат часу, больш за месяц. Справа ў тым, што ён зроблены з вогнетушыцеляў, звараных паміж сабой. Каб гэтага не было бачна, мы вельмі шчыльна ўсё зачышчалі, зварвалі дэталі, пасля зноў зачышчалі і зварвалі, і так многа разоў. Хацелася, каб ніводнага шва ніхто не ўгледзеў, каб наш пацук выглядаў бездакорна. Сваёй мэты мы дасягнулі. Пацук атрымаўся вельмі рэалістычны і прыгожы, мы змаглі акрэс­ліць контуры яго цела, надаць яму ідэальны выгляд. Але на конкурсе прайгралі. Першае месца ў нас забраў пацук, які быў памерам з чалавека. Гледзячы на тое, як ён выкананы, я бачыў усе агрэхі, дапушчаныя ў пра­цэсе зваркі і зачысткі элементаў. Калі спытаў, у чым справа, мне сказалі, што наш пацук вельмі маленькі. На гэта я адказаў толькі адно: чакайце нас у наступным годзе”.

Праз год Арцём Крывапуст выканаў сваё абяцанне: бык вагой амаль у 1 тону быў гатовы пакараць краіну. Каб адвезці яго ў Мінск, у каледжы задзейнічалі машыну-пагрузчык з тэлескапічнай стралой, якая высадзіла героя будучага года на ганак Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці.

Сёння бык стаіць на тэрыторыі каледжа: ва ўстанове для яго, такога вялікага і важкага, месца не знайшлося.

“Ідзі за белым Трусам”

Ці варта ўдакладняць, што трус, які адзін у адзін падобны да героя “Алісы ў Краіне цудаў”, таксама стаў лепшым у краіне? Гасцей каледжа ён сустракае не з пустымі рукамі: у адной трымае кветку як сімвал гасціннасці, а ў другой — гадзіннік, каб і пра час ніхто не забываў. Дарэчы, га­дзіннік — гэта ў першую чаргу напамін для самога труса. Днямі ён пазбавіўся сваёй галоўнай ролі і саступіў месца дракону — сімвалу новага года.

“Калі працавалі над трусам, выконвалі яго ў новым стылі, — знаёміць з самым казачным экспанатам А.Крывапуст. — У асноўным выгіналі метал, працуючы над элементамі вобраза труса. Дзякуючы рабоце над аб’ектамі мае гурткоўцы, якія прыйшлі вучыцца на трактарыстаў, атрымліваюць новыя навыкі, вучацца зварцы металу, рабоце з ім”.

Да 2024 года “Рацыяналіст” пачаў рыхтавацца задоўга да зімы. У Арцёма Крывапуста ўжо даўно з’явілася ідэя наконт таго, якім будзе іх дракон.

“Я нарадзіўся ў год Дракона па ўсходнім календары, таму захацеў зрабіць яго такім, каб ён пакарыў усіх, — прызнаецца выкладчык каледжа. — Для таго каб стварыць Дракошу, мы патрацілі ўвесь матэрыял, які быў ва ўстанове адукацыі. Але гэты шэдэўр варты таго”.

Над арт-аб’ектам шэсць навучэнцаў 1 і 2 курсаў і загадчык цэнтра кампетэнцый працавалі паўтара месяца. Хвост дракона — даўжынёй 5 метраў. А сам ён 3 метры ў вышыню і столькі ж складае размах яго крылаў. Дракоша створаны са спісаных дзвярэй, бляхі, ланцугоў і металалому. Яго з’яўленне — гэта чыстая імправізацыя, без усялякіх праектаў і чарцяжоў. У адрозненне ад іншых скульптур, якія ажываюць у майстэрнях каледжа і адразу пераязджаюць у Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, Дракошы быў наканаваны іншы лёс. Пасля таго як яго прызналі абсалютным пераможцам абласнога этапу конкурсу на лепшы сімвал года, жалезную скульптуру перавезлі ў Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк для знаёмства з дзецьмі з усёй краіны.

“Над усімі аб’ектамі мы з навучэнцамі працуем на занятках гуртка “Рацыяналізатар”, — знаёміць са сваімі памочнікамі Арцём Крывапуст. — Гурток наведваюць 12 дзяцей, самыя актыўныя з іх — Сцяпан Богдан, Данііл Шыбалка, Аляксей Філіповіч, Арцём Шчамялёў і Даніла Мароз. Заняткі праходзяць 2 разы на тыдзень і доўжацца 3 гадзіны”.

Работа з металам патрабуе асцярожнасці, а калі гэта тычыцца прымацавання элементаў да гатовага аб’екта, то варта быць асабліва ўважлівым.

Камандай і перамогамі свайго таленавітага выкладчыка Арцёма Крывапуста ганарыцца дырэктар Смілавіцкага дзяржаўнага каледжа Юрый Корсік. Яго Арцём Юр’евіч, дарэчы, таксама прыцягвае да тэхнічнай творчасці: даручае пафарбаваць элементы арт-аб’ектаў, над якімі працуюць майстры. 

“Я бачу, з якім запалам выкладчык і дзеці працуюць над вобразамі, назіраю, як ува­сабляюць іх у рэальнасць, — дзеліцца Юрый Корсік. — Сёння думаем над тым, куды паставім дракона, калі той вернецца з рэс­публіканскага этапу конкурсу. Ва ўстанову ён не змесціцца, побач з быком таксама не ўжывецца — усё ж розныя ў іх тэмпераменты. Напэўна, прыйдзецца ста­віць на дах над галоўным уваходам у каледж. Калі ён адтуль будзе сустракаць нашых гасцей, яны запомняць нас надоўга”.

Наталля САХНО
Фота аўтара і Алега ІГНАТОВІЧА