Дызайнер пачынаецца з натхнення — так лічыць кіраўнік узорнай студыі моды «Сілуэт» Ірына Стрэльчык

- 14:45Интервью, Новости

У жыцці і рабоце Ірыны Стрэльчык, педагога дадатковай адукацыі, кіраўніка ўзорнай студыі моды “Сілуэт” Палаца дзіцячай творчасці Баранавіч, было нямала асабістых і прафесійных перамог. Аднак галоўныя з іх — упэўненасць у сваіх сілах і 1­-е месца ў міжнародным конкурсе: у Санкт-­Пецярбургу дызайнер са сваёй калекцыяй “Францыск Скарына” стала лепшай у адной з намінацый. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Дызайнер. Пачатак

— Ірына Міхайлаўна, з чаго пачынаецца дызайнер? З чаго пачыналі асабіста вы?

Я скончыла Віцебскі тэхналагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці “Інжынер-канструктар”, маю спецыялізацыю “Канструяванне і тэхналогія швейных вырабаў”. Працавала на швейнай фабрыцы, аднак мне хацелася тварыць. Прапанавала свае навыкі ў Палацы дзіцячай творчасці Баранавіч — спачатку займала пасаду касцюмера, а крыху пазней мне выдзелілі педагагічныя гадзіны. Так я пачала працаваць з дзецьмі. Акрамя таго, у палацы я право­джу заняткі ў мадэльнай школе, бо вельмі многія дзяўчынкі любяць моднічаць. Тварыць таксама любяць, але моднічаць — значна больш. Дзякуючы іх жаданню, у нас з’явілася мадэльная школа “I.S.MODELS”.

— Як выхаваць у дзіцяці любоў да прафесіі дызайнера? Да вас прыходзяць розныя дзеці, ці бачыце вы ў кімсьці з іх будучую зорку?

Дзеці выбіраюць напрамак дызайну, калі ім падабаецца ствараць адзенне. Да мяне прыхо­дзяць дзяўчынкі, якія добра малююць, у якіх выдатна развіты ўяўленне, фантазія. Яны часам падказваюць мне, якую калекцыю ствараць. Мы прарысоўваем эскізы — ствараем крыніцу натхнення, гэта асноўная частка ў дызайне, бо без крыніцы натхнення працаваць далей немагчыма. Так паступова з’яўляецца чарговая калекцыя: за эскізамі ідзе выбар колеравых рашэнняў, у якіх будзе выканана калекцыя, тканіны і г.д. Дарэчы, многія дзеці, прыходзячы ў студыю, не ўмеюць маляваць. Я іх супакойваю, што гэтаму можна навучыцца. Такім чынам, галоўнае для юнага дызайнера — не ўменне маляваць, а фантазія і жаданне тварыць. Прывяду прыклад Насці Русак, якая ходзіць да мяне з пятага па восьмы клас. Яна вельмі хацела паспраба­ваць стаць дызайнерам, але зусім не ўмела маляваць. За год навучання ў студыі дзяўчынка асвоіла малюнак, і яе няўпэўненыя лініі кардынальна змяніліся (Ірына Міхайлаўна здымае прымацаваны над сталом для крою малюнак будучага ўбору Снягуркі, які намалявала Насця. На малюнку — лёгкі дзявочы сілуэт у шыкоўным доўгім кажушку, які быццам лунае над снегам. Так педагог змагла разгледзець у дзяўчынцы таленавітую і творчую асобу, дапамагла дзіцяці раскрыць свой патэнцыял. — Заўвага аўтара.).

Мая старэйшая дачка Марыя, якая нядаўна скончыла юрыдычны каледж у Мінску і зараз працуе ў сталічным судзе, з самага ранняга дзяцінства любіла зіхатлівы свет моды і дызайну, расла ў творчай атмасферы стварэння прыгожага адзення. Калі вучылася ў сталічным каледжы, скончыла яшчэ і Нацыянальную школу прыгажосці, умее сябе паказаць. А яшчэ ў 2018 го­дзе мы з дачкой загарэліся ідэяй стварыць калекцыю адзення, якая магла б стаць візітнай карткай Беларусі. І мы яе стварылі.

Наш Францыск перамог у Піцеры

— Вы пра сваю знакамітую калекцыю “Францыск Скары­на”? Раскажыце, калі ласка, падрабязней пра яе.

— У Беларусі ўжо даўно пра­хо­дзіць рэспубліканскі конкурс “Млын моды”. Важнымі для нас з дачкой сталі словы арганізатара конкурсу загадчыка аддзела моды і дызайну Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і мола­дзі Ігара Іванова пра тое, што было б цудоўна ўбачыць калекцыю, якая б прадстаўляла Беларусь на міжнародных пляцоўках. Нам прыйшла ідэя ўзяць за аснову калекцыі выдатнага айчыннага асветніка Францыска Скарыну. Крыніцай натхнення сталі яго кнігі, іх цікавае афармленне, тэкст. Вывучылі шмат літаратуры, штудзіравалі з дачкой энцыклапедыі — праца прароблена каласальная. Тады якраз святкавалася 550-годдзе з дня нараджэння Францыска Скарыны, і гэта зара­дзіла нас энергетыкай першадрукара. Над калекцыяй мы працавалі год (з перапынкам на мой дэкрэтны адпачынак у сувязі з нараджэннем малодшай дачушкі Леры).

— Разумею, што немагчыма апісваць калекцыю моднага адзення, як нельга апісваць жывапісныя палотны. Аднак што ўяўляе сабой калекцыя “Францыск Скарына”? Зможаце апісаць чалавеку, які не бачыў яе?

— У Санкт-Пецярбургу, куды мы ездзілі паказваць калекцыю на конкурсе, нам сказалі, што наша калекцыя атрымалася чыстай і высакароднай. У нашай калекцыі — кашулі, штаны-палацца (шырокай формы) і паліто розных канструктыўных форм у стылі аверсайз (мехаватыя і аб’ёмныя). Падзялюся з вамі, што калі мы яе стваралі, прарысоўвалі эскізы, то нам хацелася паказаць у ёй дзяўчыну з моцным унутраным стрыжнем і нават мужчынскім характарам.

— Моцную дзяўчыну — беларуску, якая можа ўсё?

— Так, дакладна. Фішка нашай калекцыі — роспіс фрагментамі тэкстаў з кніг Францыска Скарыны. Роспіс выкананы ўручную ў тэхніцы мокры бацік. Распісвалі мы не толькі тканіну, але і экаскуру. (Ірына Міхайлаўна здымае са стойкі шыкоўнае паліто з элементамі роспісу. — Заўвага аўтара.) У нашай калекцыі мы таксама выкарыстоўвалі знак першадрукара — Сонца і Месяц: Францыск Скарына лічыў, што людзі павінны быць адукаванымі, гэта сімвалізавала Сонца, а сімвалам невукаў ён лічыў Месяц.

Міжнародны фестываль моды, мастацтва і дызайну “Адміралцейскі шпіль” праходзіў у Санкт-Пецярбургу ў кастрычніку бягучага года. Нас туды запрасілі як фіналістаў “Млына моды”. Праводзіў конкурс універсітэт прамысловых тэхналогій і дызайну Санкт-Пецярбурга, удзельнічалі каля 300 дызайнераў з розных краін у 6 намінацыях. Мы занялі 1-е месца ў намінацыі “Паўсядзённае адзенне”. Дарэчы, арганізатары прадугледзелі, каб усю інфармацыю аб калекцыі можна было прачытаць, сканіраваўшы QR-код. Яшчэ адна фішка арганізатараў — віртуальная мода. Студэнты ўніверсітэта ствараюць віртуальныя калекцыі адзення пры дапамозе 3D-тэхналогій, з якімі можна азнаёміцца з дапамогай віртуальных акуляраў. Так у сферу моды і дызайну прыходзяць праграмаванне і ІТ.

Мне спадабалася, што калекцыя ацэньвалася не толькі візуальна, але і тэхналагічна — па якасці пашыву. Перамога нас акрыліла! Творчаму чалавеку патрэбен поспех, каб ісці наперад і развівацца. Як пераможцаў нас ужо запрасілі на Тыдзень моды ва Узбекістан у маі наступнага года і на стажыроўку ў Парыж на 3 тыдні. Вельмі хочацца паехаць.

Быць маладым — быць сабой

— Як вы ацэньваеце, што апранае сучасная моладзь?

Зразумела, што ствара­юць для сябе адзенне далёка не ўсе. Падлеткі набываюць адзенне катэгорыі мас-маркет у гандлёвых цэнт­рах. А яшчэ моладзь часта тусуецца па сэканд-хэндах.

Часцей за ўсё сучасныя падлеткі выбіраюць зручнае і камфортнае адзенне, любяць спартыўны стыль і рэчы аверсайз. Таксама многія з іх захапляюцца стылем анімэ. Мае навучэнкі падзяліліся са мной сакрэтам, што зараз надзвычай модна капіраваць адзенне і стыль блогераў. Для мяне гэта стала адкрыццём. Навошта кагосьці імітаваць, калі можна выпрацаваць індывідуальны стыль? Зараз мы з дзяўчынкамі ў нашай студыі, узяўшы за крыніцу натхнення ганчарную вытворчасць Мірскага замка, ствараем адмысловую калекцыю, у якой будуць адлюстраваны нацыянальныя традыцыі.

— У якім уборы вы раіце моладзі сустракаць Новы год?

Я заўсёды вучу сваіх выхаванак, што святочны ўбор залежыць ад характару свята. Важна прааналізаваць свой вобраз, каб не прыйсці ў строгім касцюме на маладзёжную вечарынку. Святочны вобраз павінен быць яркім, мець шык, прычым яго можна стварыць, узяўшы за аснову свой звычайны вобраз. Замест блузкі можна апрануць топ у паетках або нават гарсэт — хіт сезона сярод моладзі, спалучыўшы яго з кашуляй аверсайз. Важна памятаць, што адзенне без здаровага і дагле­джанага знешняга выгляду не спрацуе. Вучу дзяўчынак рабіць сілуэт максімальна жаноцкім, каб адзенне падкрэслівала прыгажосць дзявочай фігуры і юную грацыю.

— Вы зараз працуеце над вобразам Снягуркі. Раскажыце пра вашу будучую мадэль. Якой яна будзе?

Мы ствараем касцюм Снягуркі для нашага палаца. Дырэктар палаца Людміла Уладзіміраўна Дземідовіч, якая заўсёды падтрымлівае ўсе нашы ідэі і ведае нашу адказнасць, даручыла гэтую справу нашай студыі. Мы пастараемся не расчараваць яе чаканні. Я люб­лю ў дызайне не толькі прыга­жосць. Лічу, што дызайнер — той жа скульптар, які бачыць форму свайго вобразу і лепіць яго.

Наша Снягурка будзе ў аксамітным уборы з элементамі сярэб­ранай аплікацыі, упрыгожаным шклянымі стразамі. Касцюм бу­дзе дэкарыраваны футрам па лініі борта і па нізе, рукавы мы зробім аб’ёмнымі, расшыранымі. Дадаткова дэкарыруем касцюм серабрыстай тасьмой. У гэтым годзе мы вырашылі стварыць для нашай Снягуркі дастойны, багаты касцюм, а не традыцыйны кажушок, каб наша Снягурка адчувала сябе зі­мовай каралевай.

Наступны год па ўсходнім календары — год Зялёнага Драўлянага Дракона. У Кітаі лічаць, што Дракон бу­дзе задаволены адзеннем залатога, сярэбранага і шэра-белага колераў. Можна выкарыс­таць ва ўборы элементы адзення чыр­вонага, жоўтага, аранжавага, фіялетавага колераў. Можна выбраць для ўбору і зялёны колер, але не людзям, наро­джаным у год Дракона. Дракон — сімвал раўнавагі і духоўнага адраджэння, таму чакаем ад наступнага года ўсяго найлепшага, у тым ліку новых пе­рамог і натхнення.

Наталля КАСТЭНКА
Фота аўтара і з архіва І.М.Стрэльчык