Шыкоўныя домікі для птушак зрабілі педагогі і дзеці ў Светлагорску

- 15:12Новости

Шкадуючы птушак і не шкадуючы сіл і часу: удзел у дабрачыннай акцыі “Кармушкі для птушкі” прынялі дашкольнікі і педагогі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Светлагорска, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Зіма настала — вешай сала: выхаванцы і педагогі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Светлагорска падышлі да пытання падтрымкі птушак творча і зрабілі для іх больш за 20 кармушак. На гэтым не спыніліся — згатавалі экакорм.

Яшчэ летам у выхавальніц Настассі Карасевіч і Ангеліны Шчамялёвай, загадчыцы Ніны Захаранка ўзнікла ідэя аб падтрымцы птушак у зімовы перыяд. Бо як толькі снег пакрываецца лёдам ці пачынаюцца вялікія снегапады, для сініц, вераб’ёў і іншых крылатых наступа­юць галодныя часы. І без дапамогі ім не выжыць, трэба ладзіць птушыныя сталовыя. Пачаць экалагічнае супрацоўніцтва было вырашана з заказніка рэспубліканскага значэння “Выдрыца”. Так, педагогі падзяліліся сваімі планамі і добрымі імкненнямі і знайшлі водгук у дырэктара заказніка Аляксея Шутава і ў спецыяліста Вадзіма Кандрашонка, якія ў сваю чаргу прапанавалі паўдзельнічаць у акцыі “Кармушкі для птушкі”.

— Каб прыві­ваць дзецям любоў да роднага краю, прыроды, каб узбагачаць іх ведамі ў гэтым кірунку, з радасцю паўдзельнічалі ў акцыі, — гаворыць выхавальніца Настасся Карасевіч. — Акрамя гэтага, распрацавалі інтэрактыўную карту “Шацілінскі маршрут”, на якой адзначаем цікавыя месцы, дзе ўжо ўдалося пабываць і якія бацькі могуць наведаць ра­зам з дзецьмі ў выхадны дзень. Годныя ўвагі памятныя мясціны раёна, мемарыяльныя комплексы, дзе дзеткі змо­гуць даведацца пра гістарычныя падзеі і герояў роднага краю. Нашым першым прыпынкам якраз стаў заказнік. Але ж на цяперашні момант на нашай карце ўжо адзначаны 4 пункты, да мая гэтая лічба вырасце да 27. Хлопчыкі і дзяўчынкі паспелі пабываць у мемарыяльным комплексе “Ала”, Светлагорскім гісторыка-краязнаўчым музеі, храме Святых апосталаў Пятра і Паўла і экабазе “Урэчча” ў рэс­публіканскім заказніку “Выдрыца”.

Да акцыі “Кармушкі для птушкі” падключыліся дашкольныя ўстановы адукацыі Светлагорскага раёна. Удзельнікі чэленджа пабудавалі шыкоўныя гасцявыя домікі для птушак.

Дарэчы, усе кармушкі маленькія памочнікі вырабілі сваімі рукамі разам з бацькамі, не было ніводнай хаткі з магазіна. Усё з экалагічна чыстых матэрыялаў: дрэва, натуральнага моху, яловых галінак.

— Кармушкі яркія, маляўнічыя, прыгожыя і адметныя, у кожную з іх былі ўкладзены не толькі старанні і майстэрства маленькіх рук, фантазія, але і тое, што немагчыма паказаць, а можна толькі адчуць — эмоцыі, — працягвае Настасся Віктараўна. — Цяпер яны ўпрыгожваюць маляўнічае месца.

Дарэчы, спецыяліст заказніка Вадзім Кандрашонак гасцінна сустрэў маленькіх чамучак і захапіў увагу дзяцей невялікім пазнавальным аповедам пра “Выдрыцу”, пра яе жыхароў і правілы паводзін у лесе. Расказаў, чаму птушкі маюць патрэбу ў нашай дапамозе асабліва зімой.

Арганізатары акцыі, з аднаго боку, пастараліся прыцягнуць увагу дашкольнікаў да праблем зімавання птушак, з другога — паказаць дзецям, што іх праца прыносіць карысць і радасць.

А яшчэ, за тыдзень да паездкі ў заказнік на занятках у групе выхаднога дня дашкольнага цэнтра дзеткі зрабілі экакорм па спецыяльнай тэхналогіі. Для гэтага ўзялі зярняткі, семкі, тое, што можна дзяўбці птушкам, змесціва выклалі ў спецыяльныя формачкі і залілі жэлацінам. Праз суткі экакорм быў гатовы. Яго, дарэчы, можна было як пакідаць у кармушцы, так і асобна павесіць на галінку дрэва.

Дзеці разам з бацькамі і педагогамі развесілі кармушкі і назіралі, як да месца “балю” зляцеліся тыя, хто зімуе ў заказніку. Кожная кармушка аказалася для іх каштоўным падарункам у сцюжу. І гэта ўсё дзякуючы клопату дзяцей і арганізацыі дарослых. Маленькія дашкаляты знаходзіліся пад вялікім уражаннем і былі шчаслівыя паўдзельнічаць у добрай справе.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
 Фота дашкольнай установы