Жыццё Ірыны Гагулінай — пацвярджэнне таго, наколькі важна не баяцца перамен і знайсці сваё прызванне

- 13:10Новости

Былы галоўны юрысконсульт прадпрыемства расказала пра тое, чаму яна зацікавілася фотасправай і стала педагогам дадатковай адукацыі Талачынскага цэнтра дзяцей і моладзі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Наканавана лёсам

— Атрымаць адукацыю юрыста ніколі не марыла. Куды больш мяне вабіла прафесія настаўніка. Аднак калі ў 90-х гадах я заканчвала школу, на сямейным савеце быў выбраны першы варыянт. Пасля вучобы ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспуб­лікі Беларусь пачала працаваць у калгасе па сваёй спецыяльнасці. Атрымлівалася добра, але ж душа не ляжала да гэтай справы, — расказвае Ірына Сяргееўна.

Хутчэй за ўсё, яна працягвала б праца­ваць юрыстам, каб не перамены ў жыцці, якія здарыліся нечакана. Стала вядома, што два сыны блізкай сваячкі апынуліся ў бя­дзе — засталіся без бацькоў.

— Не змагла я застацца абыякавай да іх лёсу. Тым больш што старэйшы з іх, Ілья — равеснік маёй дачкі Паліны і нарадзіліся яны ў адзін дзень, у адным радзільным доме. Малодшаму брату Ільі Елісею тады было тры гады, а майму сыну Прохару — пяць. Прайшло ўжо дзесяць гадоў, як я кінула сваю папярэднюю работу і стала прыёмнай маці, — дзеліцца суразмоўніца.

Канечне, ёй не проста было прыняць такое адказнае рашэнне, улічваючы той момант, што Ілья мае асаблівасці псіхафізічнага развіцця. Аднак гэта яе не спыніла. Жанчына выстаяла, нягледзячы на тое, што засталася без падтрымкі мужа.

Жыццё пайшло далей, са сваімі клопатамі, праблемамі, якія Ірына Сяргееўна навучылася вырашаць, і радасцямі, якія яна навучылася не толькі заўважаць, але і ствараць. Адной з такіх крыніц натхнення стала сямейнае захапленне падарожжамі па краіне.

— Мы жылі ў Оршы ва ўласным доме, таму спачатку азнаёміліся з усімі цікавымі месцамі ў горадзе і раёне. Адной цяжка даглядаць дом, таму абмянялі яго на кватэру ў Талачыне. І пачалі даследаваць славутасці гэтага краю. Падарожжы нас вельмі аб’ядналі. Машыны не было, ездзілі на электрычках, шмат хадзілі пешшу. Пасля кожнай экскурсіі, паездкі на памяць заставалася шмат фотаздымкаў. І я сама не заўважыла, як зацікавілася фотасправай, змяніла звычайную “мыльніцу” на прафесійную камеру. Аднойчы вырашылі прыняць удзел у конкурсе “Сцежкамі малой радзімы”. Адправілі серыю фота, на якіх Ілья на фоне розных славутасцей. Ён, дарэчы, вельмі любіць знаходзіцца ў кадры. Дэбют прынёс нам адразу 1-е месца. Нас запрасілі ў сталіцу на ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання, і гэта вельмі мяне акрыліла, — падкрэслівае Ірына Сяргееўна.

Потым яна звярнулася ў Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі з ідэяй стварэння аб’яднання па інтарэсах, на занятках якога яна будзе не толькі вучыць дзяцей рабіць прыгожыя фотаздымкі, але і знаёміць з гісторыяй малой радзімы. Яе падтрымалі. Метадысты ўстановы дадатковай адукацыі дапамаглі з напісаннем праграмы навучання, і два гады назад пачаў дзейнічаць новы гурток “Фотакрай”. А ў былога юрыста пачалася новая старонка жыцця.

На сваім месцы

— На нас заўсёды звяртаюць увагу, калі з удзельнікамі гуртка выходзім у горад з фотаапаратамі. Людзі здзіўляюцца: што ж там такога цікавага адбываецца, што яны здымаюць? — з умешкай расказвае Ірына Сяргееўна.

Жадаючых займацца фотасправай аказалася нямала. Група мінулага года — 12 чалавек. Прычым гэта дзеці самага рознага ўзросту. Самаму малодшаму — 7, а старэйшаму, сыну педагога, — 17. Дзеці хутка пасябравалі і з задавальненнем бягуць на заняткі ў студыю нават падчас канікул. Дарэчы, калі першы год яны вучыліся зды­маць на “мыльніцы” ці тэлефоны, то зараз Ірына Сяргееўна давярае ім прафесійныя камеры. У студыі ёсць і прафесійнае абсталяванне для фотаздымак — розныя фоны, адбівальнік святла, лайт-боксы. Гурткоўцы вучацца правільна выстаўляць святло, падбіраць фон, фарміраваць прыгожы кадр, каб лішняе ў яго не трапляла. Дзеці спрабуюць самі апрацоўваць здымкі ў спецыяльных камп’ютарных праграмах. У планах — пачаць ствараць мультфільмы і відэаролікі.

У гэтым годзе выхаванцамі Ірыны Сяргееўны сталі вучні 1—4 класаў сярэдняй школы № 3 Талачына імя М.Б.Осіпавай. На заняткі да іх яна прыходзіць сама. Таксама прыво­дзіць іх у студыю. Абавязкова выкладае тэарэтычную частку, простымі словамі, даступна тлумачыць дзецям складаныя тэхнічныя паняцці. І, канечне, важны складнік работы — адпрацоўка практычных навыкаў.

— Спачатку дзеці здымаюць усё без разбору: і шнуркі, і шрубы на мэблі… Потым разам разглядваем фота, шукаем памылкі, высвятляем, навошта яны зрабілі пэўныя кадры. Яны задумваюцца і пачына­юць больш адказна ставіцца да фотаздымак. Вывучаем асновы фотатэхнікі, гісторыю фатаграфіі, розныя жанры… Абавязкова вя­дзём канспекты. Не так даўно праходзілі тэму “Партрэт”. Я прынесла з дома капелюшы, шалі, флейту, і дзеці прыдумлялі сабе вобразы, фатаграфавалі адно аднаго. Лю­бяць дзеці здымаць і нацюрморты. Мы бяром прыгожы абрус, выкладваем садавіну, агародніну, кветкі, вучні яшчэ і свае цацкі туды дабаўляюць. Калі дазваляе надвор’е, здымаем на вуліцы, там ім раздолле, толькі паспявай потым апрацоўваць фота, — расказвае Ірына Сяргееўна.

Добрай матывацыяй і спосабам настро­іць дзяцей на творчы лад сталі выставы работ гурткоўцаў, якія пастаянна праходзяць у цэнтры і ў школе № 3. Падчас заняткаў Ірына Сяргееўна таксама арганізоўвае конкурсы “Лепшы фотаздымак ёлкі” ці “Лепшае фота хатняга гадаванца”. А яшчэ школьнікі наведваюць гарадскія мерапрыемствы і робяць фотарэпартажы.

— Шмат падарожнічаем. Пабывалі ў храмах і музеях Полацка, Віцебска, Оршы, Сянна. У Талачынскім раёне некалькі разоў наведалі старажытнае гарадзішча каля Друцка, азнаёміліся з помнікамі, якія ўшаноўваюць памяць аб подзвігу нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у Талачыне, Райцах, Азярцах, Задневе. Пабывалі на месцы расстрэлу яўрэяў у пасёлку Коханава. Ездзілі ў вёску Звенячы — на радзіму мастака Міхаіла Савіцкага, паглядзелі на вежу Шухава. Прайшліся старажытным шляхам з варагаў у грэкі — ад вёскі Забайкалле да вёскі Перавалачная. Не пакінулі без увагі адзін са старажытных паркаў Беларусі — парк Рацава, дзе знаходзіцца сядзіба рода Тышкевічаў — Замойскіх. Былі ў Ганчароўцы і бачылі слуп Кацярыны ІІ, стары млын у вёсцы Крывое, — пералічвае педагог.

Аддзел па адукацыі Талачынскага райвыканкама заўсёды ідзе насустрач і дапамагае з арганізацыяй экскурсій, набыццём абсталявання. Аказваюць падтрымку і бацькі дзяцей: далучаюцца да экскурсій і мерапрыемстваў. У сацыяльных сетках ёсць група, дзе Ірына Сяргееўна выкладвае відэа з заняткаў, здымкі гурткоўцаў, дзеліцца навінамі. І хоць “Фотакрай” яшчэ зусім маладое аб’яднанне па інтарэсах, у мінулым годзе яно было прызнана лепшым у раёне.

Вучыцца і яшчэ раз вучыцца

Ірына Сяргееўна ўвесь час паглыбляе свае веды па фотасправе. У хуткім часе плануе скончыць курсы, каб атрымаць пасведчанне фатографа. У планах — набыццё педагагічнай адукацыі.

— Тэма далейшай вучобы актуальная амаль для ўсёй нашай сям’і. У гэтым го­дзе Паліна плануе паступаць у БДУКМ. Ілья таксама адзінаццацікласнік, але здароўе не дазваляе яму далей вучыцца. Прохар пасля дзевяці класаў вырашыў авалодаць прафесіяй фатографа. Такім чынам, у мяне застанецца толькі адзін школьнік — Елісей. Ён, дарэчы, чэмпіён раёна па шахматах і шашках. Сама пачынала яго вучыць, каб выха­ваць уседлівасць. Так нечакана раскрыўся яго талент, — з гордасцю адзначае Ірына Сяргееўна.

Гэтым летам яна разам з дачкой пабывала ў Дагестане, дзе здзейснілася даўняе жаданне пафатаграфаваць горы. Спадзяецца, што калі-небудзь увасобіцца яшчэ адно — пабываць у Індыі, такой далёкай, такой яркай і самабытнай.

— Мае любімыя жанры — пейзаж і дакументальнае фота. З задавальненнем разглядваю здымкі ўдзельнікаў міжнародных конкурсаў. Гэта вельмі важна для павышэння прафесійнага ўзроўню. З вялікай павагай стаўлюся да творчасці дарэвалюцыйнага фатографа з Оршы Барыса Арыэля. Па яго работах можна вывучаць мінуўшчыну нашага краю. Сярод сучасных вельмі натхняюся работамі талачынскага краязнаўца Дзмітрыя Іўчанкі, — заўважае суразмоўніца.

Яе аптымізму, смеласці і жыццярадаснас­ці можна толькі пазайздросціць. Пры гэтым Ірына Сяргееўна не перастае марыць і ве­рыць, што жаданае абавязкова здзейсніцца.

Марына ЖДАНАВА
Фота аўтара