Маргарыта Паўловіч: «Працуючы выхавальніцай, адкрыла ў сабе шмат новага» 

- 14:07Первое рабочее место

Ідучы ў свой час з мамай за руку ў Раснянскі дзіцячы сад Камянецкага раёна, Маргарыта Паўловіч наўрад ці магла ўявіць, што калі­-небудзь адправіцца туды ўжо ў якасці выхавальніцы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— У нашай сям’і не было педагогаў, але ў школе, дзе я вучылася, выкладалі цудоўныя настаўнікі, якія далучалі нас да новага, загадкавага і цікавага свету ведаў. Хацелася быць падобнай да іх, — гаворыць Маргарыта Валер’еўна.

У школьныя гады яна заўсёды ўяўляла сябе побач з дзецьмі. Юнай Маргарыце вельмі падабалася мець зносіны з малымі і даглядаць іх, а дарослыя, ведаючы гэта, давяралі іх ёй.

Прафесійны шлях дзяўчыны быў заканамерным: спачатку Пінскі каледж БрДУ імя А.С.Пушкіна, а затым — БДПУ. У яе неаднара­зова пыталіся, чаму яна захацела ­стаць менавіта выхавальніцай, чыю работу не назавеш спакойнай і высокааплатнай.

— У мяне асаблівая місія на Зямлі! — адказвае ўсім Маргарыта Валер’еўна. — Выхавальнік — надзвычай светлае і ласкавае слова. Ад яго вее шчаслівым і бесклапотным дзяцінствам, шчырай дзіцячай усмешкай і матчынай любоўю. Гэта мой усвядомлены выбар, у якім я не толькі не расчаравалася, а нават сцвердзілася.

Часам педагог думае, што, магчыма, не яна выбрала сваю прафесію, а наадварот. Упершыню пераступіўшы парог роднага Раснянскага дзіцячага сада ў новай ролі, Маргарыта Паўловіч убачыла цікаўныя вочкі, адчула дотык мяккіх, цёплых далонек, заўважыла імкненне выхаванцаў да адкрыццяў і канчаткова зразумела, што тут яе месца і прызванне. А калі аднойчы пачула ад аднаго з малышоў “Я так спа­дзяваўся, што прыйду ў сад і бу­дзеце вы”, то пераканалася яшчэ і ў тым, як моцна тут яе любяць і заўсёды ­чакаюць. Нядзіўна, чаму работа выхавальніка стала для Маргарыты Валер’еўны не проста прафесійным абавязкам, але і важкай часткай жыцця, якая ро­біць яго больш асэнсаваным. І гэта не пафасныя словы. Малады педагог адчувае задавальненне ад выбранай прафесіі, бо яна дазваляе, акрамя іншага, быць карыснай грамадству.

— Адаптавалася даволі паспяхова, хаця, шчыра кажучы, баялася спачатку, як успры­муць 19-гадовую выхавальніцу баць­кі, — прызнаецца Маргарыта Паўловіч. — Тэарэтычных ведаў хапала, у метадычных пытаннях ахвотна дапамагалі калегі, а наладзіць зносіны з бацькамі і дзецьмі — цярпенне і карпатлівая праца. За час работы пазнаёмілася з выдатнымі педагогамі, у якіх вучуся нялёгкаму майстэрству. Выдатна разумею, што на мне ля­жыць вялікая адказнасць, з якой справіцца толькі той, хто вельмі любіць дзяцей і цалкам адданы прафесіі.

Сваіх чамучак Маргарыта Валер’еўна заўсёды называе “мае дзеці”, радуецца іх асабістым дасягненням, няхай і невялікім, перажывае разам з імі няўдачы і падтрымлівае, калі ў іх штосьці не атрымліваецца.

— Вядома, не ўсё прыхо­дзіць адразу, але кожнае дзіця хутка навучыцца правільна трымаць лыжку і завязваць шнуркі, прыбіраць на месца пасля гульні цацкі, дапама­гаць іншым, спяваць і танца­ваць… Назваць работу што­дзённым святам нельга. Часам бывае і цяжка, нават апускаюцца рукі. Але варта дзіцяці ўсміхнуцца табе, як вяртаюцца і сілы, і вера ў сябе, — заўважае педагог.

У дашкольнай установе яна працуе ўсяго трэці год. Разам з выхаванцамі вучыцца новаму, расце, развіваецца.

— У аснове прафесіі — давер, — лічыць Маргарыта Валер’еўна. — Дзеці чакаюць, што іх заўсёды прымуць, ва ўсім падтрымаюць і дапамогуць. Без даверу не будзе любові і добрых ­адносін. Таму раблю ўсё магчымае, каб мне давяралі не толькі дзеці, але і баць­кі, якія вельмі хвалююцца за іх.

Мамы і таты могуць не перажываць: педагог не падвядзе! Разам з Маргарытай Валер’еўнай утульна і камфортна, як дома. З ёй не засумуеш. Яна ведае, як працаваць з дзецьмі і чым іх зацікавіць.

— Малышам вельмі падабаецца займацца з лэпбукам, — расказвае Маргарыта Паўловіч. — Гэта выдатны спосаб паўтарэння пройдзенага матэрыялу. У зручны час дзіця проста адкрывае лэпбук і з радасцю разглядвае папку, паглыбляючыся ў свет, схаваны ў ёй. Дзякуючы нагляднай прыцягальнасці, навучанне адбываецца непрыметна. Выхаванцы любяць паказ­ваць лэпбукі бацькам і расказ­ваць, з якімі кішэнькамі ў іх яны працавалі.

У сваёй дзейнасці педагог не абыходзіцца без творчасці, бо лічыць, што талент раскрываецца толькі ў тым выпадку, калі што­дзень захапляць і дзяцей, і самога сябе.

— Працуючы выхавальніцай, адкрыла ў сабе шмат новага, — падкрэслівае Маргарыта Валер’еўна. — Сказаўшы аднойчы “магу”, абавязана трымаць слова, інакш страчу аўтарытэт у вачах дзяцей. Для мяне не існуе слова “не”. Калі чагосьці не ўмею, магу гэтаму навучыцца. Так, навучылася спяваць і танцаваць на ранішніках, арганізоўваць святы, слу­хаць і разумець дзяцей, наладжваць зносіны з іх баць­камі…

Каб ператварыць заняткі ў захапляльны творчы працэс і зацікавіць дзяцей, педагог актыўна выкарыстоўвае цацкі ў якасці вядучых, уключае музыку, загадвае загадкі, рыхтуе сюрпрызы, звяртаецца да мастацкага слова. Таму дашкольнікі ахвотней удзельнічаюць у адукацыйнай дзейнасці. Выхавальніца імкнецца размаўляць з дзецьмі ветліва і ласкава і сочыць, каб яны гэтак жа будавалі зносіны паміж сабой.

— Магчыма, мне не наканавана здзейсніць подзвіг ці зрабіць вялікае адкрыццё, але гэта і не важна, — разважае Маргарыта Паўловіч. — Важна тое, што людзі даверылі мне самае дарагое — сваіх дзяцей, якія вырастуць і абавязкова ўнясуць важкі ўклад у развіццё краіны. Нехта з іх стане знакамітым. А я буду ведаць, што ў гэтым ёсць і мая заслуга, бо я ўклала ў выхаванцаў ­сваю працу, частку душы і сэрца.

Адкрытая ўсяму новаму, Маргарыта Валер’еўна з радасцю адгукнулася на прапанову паўдзельнічаць у конкурсе “Педагагічны дэбют”, па выніках абласнога этапу якога стала яго лаўрэатам. У падрыхтоўцы да спаборніцтва маладой калезе дапамагалі літаральна ўсім дзіцячым садам. Асаблівую ролю ў гэтым адыграла метадыст Вольга Лукашэвіч, якой выхавальніца вельмі ўдзячна. Конкурс не толькі падарыў новы вопыт, веды і знаёмствы, але і падштурхнуў да далейшага самаразвіцця.

— Працуючы з дзецьмі, пераконваюся ў тым, як нялёгка выхоўваць іх. Табе давяраюць, на цябе спадзяюцца, ад цябе чакаюць ра­зумення і адданасці. А ты павінен усяму гэтаму адпавядаць, быць заўсёды на вышыні, бо менавіта ад цябе залежыць, якімі лю­дзь­мі вырастуць твае выхаванцы, — падсумоўвае Маргарыта Валер’еўна, якая шчодра дзеліцца з імі сваімі лепшымі якасцямі, а ўзамен атрымлівае давер, шчырасць, радасць, маленькія таямніцы, хітрыкі і, самае галоўнае, любоў. Гэта ачышчае і ўзбагачае душу.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ