Як арганічнае земляробства развіваецца ў Павяцкай сярэдняй школе Міёрскага раёна

- 12:04Пресс-тур «Настаўніцкай»

У Павяцкай сярэдняй школе імя Героя Савецкага Саюза В.А.Бабічава Міёрскага раёна створана эксперыментальная адукацыйная пляцоўка па арганічным земляробстве ў адкрытым і закрытым грунце, на якой дзеці набываюць агранамічныя ўменні і навыкі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Наша школа знахо­дзіцца ў маляўнічым кутку Беларусі. Прырода, мясцовыя традыцыі, любоў да працы, сацыяльнае жыццё ў вёсцы — усё гэта дапамагло ўстанове знайсці сваю індывідуаль­насць, — расказвае дырэктар школы Алена Вітальеўна Паўлоўская. — Звярніце ўвагу: на сцяне будынка школы намаляваны мурал з галоўнай павяцкай славутасцю — вадаспадам на рацэ Вяце і картай, якая па­казвае шлях да яго.

Павяцкая школа —  гэта месца прыцяжэння і для мясцовых жыхароў, і для турыстаў. Старшакласнікі заўсёды рады правесці экскурсію для ўсіх жадаючых. Многіх цікавіць эксперыментальная адукацыйная пляцоўка па арганічным земляробстве, якая створана на тэрыторыі ўстановы намаганнямі педагогаў і дзяцей пры ўдзеле Павяцкага сельскага выканкама. Установа адукацыі мае статус “Зялёная школа”, а галоўным арыенцірам для яе вучняў у выбары прафесіі з’яўляецца аграрны клас. Профільная група аграрнай накіраванасці ўпершыню была адкрыта ў школе ў верасні 2018 года.

Для вучняў аграрнага класа праводзяцца факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”, якія ўключаюць тэарэтычны матэрыял і яго замацаванне на практыцы на эксперыментальнай адукацыйнай пляцоўцы па арганічным земляробстве, што з’явілася ў школе ў 2020 годзе. Тут для будучых аграрыяў праходзяць урокі хіміі і біялогіі.

— Работа над праектам па арганічным земляробстве пачалася з пад­рыхтоўкі пустуючага школьнага ўчастка, — адзначыла настаўніца біялогіі і хіміі Іна Іванаўна Хадасевіч. — За кароткі перыяд ён не толькі набыў прывабны выгляд, але і стаў практыка-арыентаванай самаакупнай дэманстрацыйна-адукацыйнай пляцоўкай па навучанні тэарэтычным і практычным асновам вядзення прыроднага земляробства.

Юнымі аграрыямі на пляцоўцы па арганічным земляробстве пасаджаны разнастайныя віды дэкаратыўных раслін, садовыя маліны, буякі, кусты чорнай парэчкі, яблыні і вішні. Там выраблены высокія эксперыментальныя градкі для вырошчвання экалагічна чыс­тай агародніны без прымянення нітратаў і для вытворчасці вострадухмяных траў для гарбаты.

Замест старой цяпліцы на тэрыторыі школы ўстаноўлена новая 24-метровая з полікарбанату, закуплены мотаблок. У цяпліцы вучні аграрнага класа вырошчваюць раннюю агародніну і зеляніну, расаду кветак, таматаў, перцаў для рэалізацыі насельніцтву і папаўнення матэрыяльнай базы школы. Удалым аказаўся эксперымент па вырошчванні кавуноў, якімі ўсе частаваліся ў верасні. Паласатая ягада не толькі набрала вагу (некаторыя ўзоры былі па 10—14 кг), але і саспела. А цыбуля “эксібішэн” з насення вырасла вагой да 600 грамаў.

Школа забяспечвае сябе агароднінай для харчавання вучняў у сталовай. Зеляніна з цяпліцы паступае ў школьную сталовую ў канцы красавіка, а выхаванцам дзіцячага сада ранняй агародніны хапае да сярэдзіны лета. Зараз зіма, але ў школьнай цяпліцы работа ідзе, у скрынях пасаджана цыбуля на пяро, вядзецца нарыхтоўка насення і ўгнаенняў.

Арганічнае земляробства пад­разумявае выкарыстанне прыродных угнаенняў. Для іх атры­мання на гаспадарчым двары школы размясцілі вермікампостары па перапрацоўцы арганічнага смецця і харчовых адходаў (скошанай травы, лістоты, адходаў садавіны і агародніны) у біягумус з дапамогай папуляцыі гібрыда каліфарнійскага чырвонага чарвяка, адаптаванага да мясцовых умоў. Дзеці цалкам асвоілі тэхналогію догляду чарвякоў. Біягумус — гэта натуральнае ўгнаенне, якое валодае вельмі карыснымі для раслін уласцівасцямі і лічыцца бясшкодным. Атрыманае восенню арганічнае ўгнаенне вясной прымяняецца для вырошч­вання расады ў цяпліцы і агародніны на градках.

Пляцоўка па біяцэнозным вермікультываванні ў Павяцкай школе стала першай у Міёрскім раёне па вытворчасці біягумусу і развядзенні гібрыда каліфарнійскага чырвонага чарвяка. У перспектыве яна стане рэсурсным цэнтрам па навучанні тэарэтычным і практычным асновам вядзення прыроднага земляробства на прысядзібных участках для жыхароў Міёрскага раёна.

Ужо прайшлі чатыры семінары па вядзенні арганічнага земляробства з удзелам эксперта з Мінска кандыдата сельскагаспадарчых навук А.І.Спрынчака. Мясцовыя прадпрымальнікі і фермеры, якія ўдала развіваюць свой аграбізнес на сяле, таксама правялі шэраг каштоўных практычных заняткаў па вырошчванні культурных і дэкаратыўных раслін.

Для павяцкіх школьнікаў арганізоўваюцца адукацыйныя се­мінары па раслінаводстве ў шосты школьны дзень з запрашэннем спецыялістаў сельскагаспадарчай галіны, індывідуальных прадпрымальнікаў і прадстаўнікоў розных прафесій, якія працуюць у падшэфных гаспадарках. На такіх занятках дзеці вучацца асновам сельска­гаспадарчага бізнесу ў вёсцы, культуры і інфарматызацыі ў экалагічных і эканамічных пытаннях.

— Нашы вучні прымалі ўдзел у даследаваннях, — гаворыць Алена Вітальеўна. — Адбіраліся глебавыя ўзоры на трох участках школьнай тэрыторыі (на эксперыментальнай пляцоўцы, у цяпліцы і школьным агародзе). У лабараторыі Віцебскай абласной праектна-вышукальнай станцыі хімізацыі сельскай гаспадаркі быў зроблены аграхімічны аналіз на вызначэнне перагною і кіслотнасці глебы, а таксама праведзены аналізы на ўтрыманне мікраэлементаў, такіх як фосфар, калій, бор, медзь, цынк, магній і кальцый. Вынікі паказваюць, што на ўчастках арганічнага земляробства глеба ўрадлівая і здаровая, а вось на школьным агародзе неабходна палепшыць структуру глебы, узбагаціць яе арганікай.

Летам і восенню вучні 9—11 класаў працаўладкоўваюцца ў вытворчую брыгаду або студэнцкі атрад, даглядаюць расліны на тэрыторыі школы і ў цяпліцы, выконваюць падсобныя работы на зернесушыльным комплексе ў падшэфных гаспадарках. Мясцовы ўладальнік фермерскай гаспадаркі Уладзімір Кашкур прапаноўвае моладзі работу па зборы клубніц і буякоў. Дзякуючы яму вясной школьны сад узбагаціўся новымі дрэвамі і кустамі, дзеці навучыліся ў фермера агратэхніцы іх вырошчвання.

Увосень у школе праходзіць валанцёрская акцыя “Ураджай года” па дастаўцы агародніны адзінокім састарэлым людзям, аказваецца пасільная дапамога ветэранам педагагічнай працы, пенсіянерам у апрацоўцы прысядзібных участкаў. Вялікую цікавасць у вучняў выклікаюць выязныя аграсуботы і прафарыентацыйныя заняткі, якія арганізоўвае Міёрскі аддзел па адукацыі. За апошнія тры гады дзеці пабывалі практычна на ўсіх прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу раёна.

Падчас наведвання Беларус­кай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, Відзаўскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа, Віцебскай ветэрынарнай акадэміі вучні азнаёміліся з умовамі навучання і пражывання студэнтаў, убачылі сучасную тэхніку для падрыхтоўкі вадзіцеляў і трактарыстаў, пабывалі ў інтэрнаце, спартыўнай зале, вучэбных майстэрнях.

У лістападзе 2023 года Павяцкая сярэдняя школа сумесна з Узмен­скай базавай школай правялі кірмаш мэтавай падрыхтоўкі з удзелам прадстаўнікоў устаноў адукацыі і заказчыкаў кадраў сельскагаспадарчага, медыцынскага, інжынернага і педагагічнага напрамкаў. Наступны такі кірмаш запланаваны ў сакавіку 2024 года.

Каб вярнуць статус і прэстыж сельскага жыцця і аграрных прафесій, спатрэбіцца яшчэ нямала часу. У школе вядзецца прафарыентацыйная работа па павышэнні аўтарытэту і сацыяльнага статусу работніка сельскай гаспадаркі. Але ж галоўнае, каб кожны выпускнік свядома выбіраў справу жыцця. Першыя крокі зроблены, і першыя вынікі дасягнуты. У 2022 годзе чатыры навучэнцы аграрнага класа з шасці вырашылі скарыстацца магчымасцю па­ступлення ў БДСГА, заключыўшы мэтавыя дагаворы з сельскімі гаспадаркамі Міёрскага раё­на, дзе працуюць іх бацькі. У 2024 годзе адбу­дзецца яшчэ адзін выпуск 11 аграрнага класа.

Сваім вопытам настаўнікі і вучні аграрных класаў Павяцкай сярэдняй школы дзяліліся на першым абласным форуме класаў аграрнай накіраванасці “За мо­ла­ддзю — будучыня!”.

— Павяцце — невялікі аграгарадок, размешчаны паблізу райцэнтра, што, на жаль, паскарае адток насельніцтва. Менш становіцца і школьнікаў. У нашым выпадку само жыццё прымусіла шукаць новыя формы работы з бацькамі і дзецьмі, якія раскрывалі б магчымасці дастойнага, камфортнага жыцця ў вёсцы, — адзначае дырэктар. — Арганічнае земляробства, вырошчванне экалагічна чыстай прадукцыі, попыт на якую ў свеце расце, для многіх можа стаць бізнесам.

Штогод у школе праходзіць кірмаш з удзелам мясцовых садаводаў і агароднікаў, дзе вядзецца продаж расады раслін, травяной гарбаты, сувеніраў, якія дзеці майструюць самі. Калектыў установы рады падзяліцца зборнікам рэцэптаў павяцкай кухні, дзе сабраны стравы, якія карысталіся папулярнасцю на гэтай зямлі, напрыклад, арыгінальнымі рэцэптамі халадніка на сыроватцы, павяцкага хлеба на кляновых лістах.

Школьнікі з Павяцця ўдзельнічаюць у акцыях Мінпрыроды і лясгаса, збіра­юць смецце ў лесе і ўздоўж дарог, засвойва­юць правілы раздзельнага збору бытавых адходаў. У школе паставілі скрынкі для паперы, пластыку, батарэек, накрывак… Прапаганда право­дзіцца і ў сем’ях. Дзіцячыя тлумачэнні маюць куды большы эфект, чым настаўленні дарослых. У пэўны момант у Павяцці нават стала не хапаць кантэйнераў для раздзельнага збору смецця. Педагогі школы для вырашэння праб­лемы звярнуліся ў сельскі выканкам.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА