Лепшых навучэнцаў каледжаў вызначылі на Міншчыне

- 11:20Новости

У Мінскай вобласці ўпершыню прайшоў абласны конкурс «Маладзёжны ПРАрыў», расказаў карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко.

У Слуцкім гарадскім Доме культуры за званне лепшага змагаліся дзевяць чалавек. Яны вучацца ў розных установах сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міншчыны, дзе рыхтуюць будучых спецыялістаў у галіне сельскай гаспадаркі і абслугоўвання, будаўнікоў, электрагазазваршчыкаў і маркетолагаў, настаўнікаў, медсясцёр і ветэрынарных урачоў.

— Усе фіналісты даказалі, што яны лепшыя не толькі ў вучобе, але і ў іншых сферах, у тым ліку ў навуцы, творчасці, спорце, у грамадскім жыцці сваёй установы адукацыі, — адзначыў М. Башко.

Першым выпрабаваннем стаў «Конкурс візітак». У спаборніцтве па прамоўніцкім майстэрстве ўдзельнікі выступалі з загадзя падрыхтаваным нумарам, у якім расказвалі пра сваю будучую прафесію. А тое, наколькі крэатыўна мысляць будучыя маладыя спецыялісты, паказаў інтэлектуальны конкурс у фармаце «Бліц».

Адным з выпрабаванняў стала таксама прэзентацыя маладзёжнага праекта, які ўжо рэалізаваны ці будзе рэалізоўвацца ва ўстанове адукацыі ў бліжэйшыя тры гады, — дадаў суразмоўнік.

Што тычыцца праектаў, то яны павінны адлюстроўваць такія кірункі, як грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, прапаганда здаровага ладу жыцця, падтрымка таленавітай і адоранай моладзі, работа з моладдзю ў інфармацыйнай прасторы і кібербяспека, міжнароднае супрацоўніцтва і інш.

Пасля падліку балаў па ўсіх конкурсах журы назвала імёны пераможцаў. Трэцяе месца заваявала навучэнка Барысаўскага дзяржаўнага каледжа Лізавета Сімановіч. Другой стала Дар’я Назарчук з Мінскага дзяржаўнага абласнога каледжа. А першае месца і ганаровае права звацца лепшай сярод навучэнцаў каледжаў Міншчыны аддадзена прадстаўніцы Ільянскага дзяржаўнага аграрнага каледжа Настассі Краўцовай.

Дарэчы, Настасся — будучы ветэрынар. Яна актыўна прымае ўдзел не толькі ў мерапрыемствах, якія праводзяцца ў каледжы, але і ў тых, што арганізуюць горад і вобласць. Дзяўчына з’яўляецца ўдзельніцай маладзёжнага праекта «Жывое слова», у межах якога разам з іншымі навучэнцамі праводзіць канцэрты, акцыі, займаецца валанцёрскай дзейнасцю. Таму вопыт публічных і творчых выступленняў у яе ўжо ёсць.

Падрыхтоўкай Настассі да абласнога конкурсу займаліся педагогі Ільянскага дзяржаўнага аграрнага каледжа Кацярына Гамолка і Таццяна Буслоўская.

Наталля САХНО
Фота прадастаўлены МАІРА