Якія вынікі прадэманстравалі школьнікі Брэстчыны на абласным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды

- 11:00Образование

Інтэлектуальныя спаборніцтвы праходзілі на базе ўстаноў агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі Брэста, Баранавіч, Пінска, Кобрына, Маларыты і Драгічына, а таксама абласнога ІРА. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

54 лепшыя знаўцы інфарматыкі сабраліся ў сярэдняй школе № 1 імя С.І.Грыцаўца Баранавіч.

Ігар Гардынец са сваімі вучнямі. Фота Мікалая Навумчыка

— Спаборніцтва складалася з двух практычных тураў па 5 гадзін кожны, — расказаў старшыня журы алімпіяды па інфарматыцы, загадчык кафедры прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БрДУ імя А.С.Пушкіна, кандыдат фізіка-матэматычных навук Дзмітрый Грыцук. — Кожны тур уключаў 4 “касмічныя” задачы, якія выяўлялі ўзровень валодання сучаснымі мовамі праграмавання і метадамі алгарытмізацыі: “Няспраўнасці ў палёце”, “Загадзя складаная рэклама”, “Задачы пра кактусы”, “Паказальная справаздача” і інш. Кожная задача была пабудавана вакол адзінага сюжэту і прадугледжвала выкананне пэўных аперацый. Вучні паказалі якасную падрыхтоўку, у тым ліку 5 дзяўчын. Максімальны бал — амаль 756 з 800 магчымых (летась 594).

Высокія вынікі прадэманстравалі выхаванцы Ірыны Гарбацэвіч з гімназіі № 1 імя абаронцаў Брэсцкай крэпасці Брэста, Алы Лаўрыновіч з гімназіі № 4 Баранавіч, Івана Трагубава з сярэдняй школы № 2 Лунінца, Ігара Гардынца з Маларыцкай раённай гімназіі і Сяргея Басана з сярэдняй школы № 14 Баранавіч.

Дыпломы І ступені атрымалі дзевяцікласнік Уладзіслаў Цішчанка і адзінаццацікласнік Валерый Яфрэменка з гімназіі № 4 Баранавіч, дзесяцікласнік Мікіта Сланеўскі з Маларыцкай раённай гімназіі, адзінаццацікласнікі Захар Цвірко з сярэдняй школы № 14 Баранавіч і Аліна Арэшка з сярэдняй школы № 2 Лунінца.

Мікіта Сланеўскі далучыўся да алімпіяднага руху яшчэ ў 5 класе, а па любімай інфарматыцы — у 6-м. На гэта юнака натхніў прыклад старэйшага брата. Акрамя таго, пяцікласніка Мікіту запрасіў на факультатыўныя заняткі па інфарматыцы настаўнік Ігар Гардынец. З таго часу хлопец працуе з ім у дружным тандэме. 

Юнаку вельмі падабаецца ўдзельнічаць у алімпіядах, якія дазваляюць праверыць уласныя сілы, паспаборнічаць з іншымі, парашаць складаныя задачы. У параўнанні з мінулым годам (дыплом ІІ ступені) сёлета Мікіта палепшыў свой вынік у інтэлектуальным марафоне. Далейшае жыццё хлопец плануе звязаць з інфарматыкай, але пакуль не вызначыўся, у якой сферы.  

***

Алімпіяда па працоўным навучанні сабрала ў сценах сярэдняй школы № 7 Кобрына і Коб­рынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа 26 юнакоў і 25 дзяўчат. Арганізатары стварылі належныя ўмовы для іх работы.

— Спаборніцтва складалася з практычнага і тэарэтычнага тураў, — адзначыў старшыня журы алімпіяды па працоўным навучанні (тэхнічнай працы) настаўнік працоўнага навучання Дзмітрый Грушко з Брашэвіцкай сярэдняй школы Драгічынскага раёна. — За 4 гадзіны, адведзеныя на практычны тур, патрабавалася вырабіць з драўніны і металічных элементаў цацку — чатырохлопасцевы верталёт. Заданне даволі складанае, паколькі прадугледжвала работу з дэталямі малых памераў. Але з ім у той ці іншай ступені справіліся ўсе.

Трохгадзінны тэарэтычны тур складаўся з тэставых пытанняў па розных раздзелах школьнай праграмы. Удзельнікі рашалі разліковыя і творчыя задачы на выяўленне тэхнічнага мыслення і складанне тэхналагічных карт. Найбольшыя цяжкасці выклікалі заданні, звязаныя з матэматычнымі і фізічнымі вылічэннямі.  

Па словах Дзмітрыя Грушко, з году ў год узровень падрыхтоўкі алімпіяднікаў стабільна высокі. Больш за тое, якасць іх тэарэтычнай падрыхтоўкі сёлета істотна палепшылася.

Тым не менш па-ранейшаму застаюцца актуальнымі пытанні, якія тычацца чытання чарцяжоў і правільнасці іх афармлення, якасці афармлення работ і напісання тэхналагічных карт, кантролю якасці і памераў вырабаў. Асаблівую ўвагу педагогам варта ўдзяляць матэматычнай падрыхтоўцы школьнікаў, неабходнай для дакладных разлікаў.

— Сёлета ў практычным туры дзяўчаты выраблялі прамавугольную касметычку з ільняной тканіны, — паведаміла старшыня журы алімпіяды па працоўным навучанні (абслуговай працы) настаўніца працоўнага навучання кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” Галіна Зуй з сярэдняй школы № 3 Пружан. — Заданне даволі цікавае і высокатэхналагічнае: касметычка павінна была складацца з падкладкі, кішэняў, дэкаратыўнай вышыўкі і элементаў, звязаных кручком. Нягледзячы на гэта, удзельніцы паспяхова справіліся. Ацэньваўся і творчы падыход. З фантазіяй ва ўдзельнікаў праблем не было. Кожная работа вылучалася адметным аўтарскім стылем.  

Тэарэтычны тур складаўся з тэставых і творчых заданняў па ўсіх раздзелах школьнай праграмы і па-за ёй. Педагогам варта ўдзяляць большую ўвагу тэарэтычным заданням, найперш творчага характару, глыбокаму засваенню вучэбнага матэрыялу, пашырэнню кругагляду дзяцей і якасці выканання тэхналагічных аперацый.

Дыпломы І ступені атрымалі адзінаццацікласнікі Павел Кавальчук з сярэдняй школы № 18 Пінска і Давід Шубіч з сярэдняй школы № 17 Брэста, а таксама дзесяцікласніцы Яна Пранкевіч з сярэдняй школы № 3 Баранавіч і Валерыя Каржаневіч з Пінкавіцкай сярэдняй школы імя Якуба Коласа Пінскага раёна.

Дзевяцікласнік Віталь Ганчарук з сярэдняй школы № 3 Лунінца ўдзельнічаў у абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні другі раз. Як і летась, ён стаў уладальнікам дыплома ІІ ступені.

Юнаку вельмі падабаецца майстраваць. Цікавасць да працоўнага навучання перадалася яму ад бацькі, які займаецца вырабам мэблі. У гэтай рабоце хлопец актыўна дапамагае яму.

— Алімпіяда добра мабілізуе веды і сілы, дазваляе набыць новы вопыт, выкарыстаць на практыцы атрыманыя ўменні і навыкі, якія абавязкова спатрэбяцца ў дарослым жыцці, — лічыць Віталь.

Да спаборніцтваў ён рыхтаваўся пад кіраўніц­твам настаўніцы Юліі Цяльпук і дзякуючы грунтоўным ведам паспяхова справіўся з алімпіяднымі заданнямі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ