Міхаіл Мірончык – пра сутнасць Праграмы развіцця нацыянальнай сістэмы забеспячэння якасці адукацыі

- 10:04Компетентно, Образование, Школа управления

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка аб’явіў новы, 2024 год Годам якасці. Такое рашэнне прынята з мэтай далейшага павышэння якасці жыцця нашых грамадзян, забеспячэння канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі, стымулявання ініцыятывы і фарміравання адказнасці кожнага з нас за будучыню нашай краіны. Ва ўнісон з дзяржаўнай палітыкай Міністэрствам адукацыі была зацверджана Праграма развіцця нацыянальнай сістэмы забеспячэння якасці адукацыі да 2025 года і на перспектыву да 2030 года. Аб сутнасці дакумента карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў дырэктар Дэпартамента кантролю якасці адукацыі галіновага міністэрства Міхаіл Мірончык.

— Міхаіл Уладзіміравіч, які стан спраў у нацыянальнай сістэме адукацыі? Хто задзейнічаны ў забеспячэнні якасці навучання?

— У нашай краіне функцыянуюць больш як 7 тысяч устаноў адукацыі ўсіх узроўняў, дзе вучацца і выхоўваюцца больш як 2 млн дзяцей, навучэнцаў, студэнтаў, курсантаў і слухачоў. У сістэме адукацыі занята больш за 417 тысяч работнікаў. У забеспячэнні якасці адукацыі перш-наперш задзейнічана наша галіновае міністэрс­тва, непасрэдна Дэпартамент кантролю якасці адукацыі, а таксама мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, дзяржаўныя арганізацыі, якія забяспечваюць функцыянаванне сістэмы адукацыі, установы, якія ажыццяўляюць навукова-метадычнае забеспячэнне адукацыйнага і выхаваўчага працэсу, вучэбна-метадычныя аб’яднанні ў адукацыйнай сферы і самі навучальныя ўстановы. Прынятая праграма накіравана на цэнтралізацыю дзейнасці Міністэрства адукацыі і падпарадкаваных арганізацый у сферы забеспячэння якасці адукацыі, уліку міжузроўневых сувязей, забеспячэння комплекснага інфармацыйна-аналітычнага суправаджэння дзейнасці галіновага міністэрства ў частцы забеспячэння якасці адукацыі.

— Хто прымаў удзел у распрацоўцы праекта праграмы?

— У гэтай рабоце прынялі ўдзел структурныя падраздзяленні Міністэрства адукацыі, Дэпартамент кантролю якасці адукацыі, а таксама падпарадкаваныя Міністэрству адукацыі Нацыянальнае агенц­тва па забеспячэнні якасці адукацыі, Нацыянальны інстытут адукацыі, Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі, Рэспуб­ліканскі інстытут вышэйшай школы, Галоўны інфармацыйна-аналітычны цэнтр. Гэтыя структуры стануць і асноўнымі выканаўцамі праграмы. Праект дакумента дасканала разгледжаны і ўзгоднены грамадскімі аб’яднаннямі па ўзроўнях адукацыі, а таксама прайшоў шырокае абмеркаванне з педагагічнай грамадскасцю на спецыяльна арганізаваных семінарах і іншых мерапрыемствах.

— Міхаіл Уладзіміравіч, закранём пытанні, якія тычацца сутнасці праграмы, а менавіта тых паказчыкаў, якія характарызуюць выкананне пастаўленых задач па забеспячэнні якасці адукацыі.

— У першую чаргу гэта стварэнне адзі­ных патрабаванняў да зместу адукацыі, дзейнасці ўстаноў адукацыі і прафесійнага ўзроўню педагагічных кадраў. Дак­ладней кажучы, гэты напрамак уключае распрацоўку адукацыйных стандартаў, вучэбна-праграмнай дакументацыі, іншых кампанентаў навукова-метадычнага забеспячэння адукацыі, нарматыўнай прававой базы, у тым ліку крытэрыяў адпаведнасці ўстаноў адукацыі заяўленаму віду, а таксама падрыхтоўку педагагічных кад­раў. Вызначальная роля ў рэалізацыі гэтай функцыі ўскладзена на Міністэрства адукацыі, а таксама на арганізацыі, якія ажыццяўляюць навукова-метадычнае забеспячэнне адукацыі на рэспубліканскім, абласным і раённым узроўнях, вучэбна-метадычныя аб’яднанні ў сферы адукацыі пры цесным узаемадзеянні з заказчыкамі кад­раў.

У 2022 годзе ў нашай краіне ўпершыню былі распрацаваны і зацверджаны крытэрыі адпаведнасці ўстаноў адукацыі заяўленаму віду для ўстаноў агульнай сярэдняй, спецыяльнай, сярэдняй спе­цыяльнай, вышэйшай і дадатковай адукацыі дарослых. Нядаўна быў абноўлены адукацыйны стандарт дашкольнай адукацыі. Вядзецца распрацоўка крытэрыяў ацэнкі дзейнасці ўстаноў навукова арыентаванай адукацыі.

Праграма развіцця нацыянальнай сістэмы забеспячэння якасці адукацыі да 2025 года і на перспектыву да 2030 года з’яўляецца комплексным дакументам, распрацаваным з мэтай выканання шэрага даручэнняў кіраўніка дзяржавы па павышэнні якасці адукацыі. Яна падрыхтавана на падставе Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі і ўлічвае палажэнні шэрага законаў, праграм і канцэпцый, якія тычацца сферы адукацыі, што дазволіць планамерна і паслядоўна ўдасканаль­ваць нацыянальную сістэму забеспячэння якасці адукацыі.

 — І ліцэнзаванне адукацыйнай дзейнасці з’яўляецца неад’емнай часткай забеспячэння якасці адукацыі.

— Так, працэс ліцэнзавання накіраваны на ацэнку існуючых магчымасцей устаноў адукацыі да ажыццяўлення адукацыйнай дзейнасці. У нашай краіне выбудавана ўласная сістэма ліцэнзавання, якая дае магчымасць аб’ектыўна аца­ніць патэнцыял саіскальніка ліцэнзіі, забяспечыць допуск да адукацыйнай дзейнасці толькі тых суб’ектаў, якія выконва­юць ліцэнзійныя патрабаванні. Якраз-такі ў праграме прадугледжана каардынацыя дзейнасці і прававое, арганізацыйна-метадычнае суправаджэнне мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, якія ажыццяўляюць ліцэнзаванне дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі, а таксама кантралююць тыя суб’екты гаспадарання, якія фактычна рэалізуюць адукацыйныя праграмы дашкольнай адукацыі без ліцэнзіі, прыкрываючыся іншымі відамі неліцэнзуемай дзейнасці. На 1 сту­дзеня 2024 года ў краіне налічвалася 399 ліцэнзіятаў на ўзроўнях прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спе­цыяльнай і вышэйшай адукацыі, дадатковай адукацыі дарослых і 5816 ліцэнзіятаў на ўзроўнях дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі.

— Якую функцыю выконвае дзяржаўная акрэдытацыя ўстаноў адукацыі?

— Дзяржаўная акрэдытацыя накіравана на ўстанаўленне адпаведнасці адукацыйнай дзейнасці ўстановы адукацыі, іншай арганізацыі, якой, згодна з заканадаўствам, прадастаўлена права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць. Таксама акрэдытацыя адсочвае адпаведнасць змес­ту і якасці адукацыі, якая прадастаўляецца, патрабаванням адукацыйных стандартаў, вучэбна-праграмнай дакументацыі адукацыйных праграм і прадастаўляе права выдаваць дакументы аб адукацыі.

Пэўныя заканадаўчыя і працэдурныя змяненні сферы дзяржаўнай акрэдытацыі ўжо праводзіліся папярэдне. У далейшым неабходна правесці аналіз практычнай рэалізацыі гэтых працэдур, пры­няць пры неабходнасці меры па ўдасканаленні акрэдытацыі, уключаючы частковую лічбавізацыю адміністрацыйнай пра­цэдуры.

— Што прадугледжвае праграма ў дачыненні да кантрольна-дыягнастычных вымярэнняў у сферы адукацыі?

— Кантрольна-дыягнастычныя вы­мярэнні ў сферы адукацыі ўключаюць у сябе правядзенне даследаванняў, кантрольных зрэзаў, комплексных кантрольных работ, выніковай атэстацыі навучэнцаў і інш. Тэхналогіі, метады, методыкі, формы, спосабы, сродкі, інструменты кантрольна-дыягнастычных вымярэнняў залежаць ад узроўню адукацыі і мэт такіх вымярэнняў. Згодна з праграмай прадуг­леджваецца пашырэнне практыкі правя­дзення кантрольных вымярэнняў на ўзроўні прафесійнай адукацыі, распрацоўка інструментарыю і форм ацэнкі якасці дашкольнай адукацыі, дадатковай адукацыі дарослых.

Каардынацыю, метадычнае суправаджэнне і правядзенне кантрольна-дыяг­настычных вымярэнняў забяспечвае па ўзроўнях адукацыі Дэпартамент кантролю якасці адукацыі, які ажыццяўляе кантрольна-дыягнастычныя вымярэнні ў сферы адукацыі ў рамках дзяржаўнай акрэдытацыі.

Нацыянальны інстытут адукацыі ацэньвае якасць агульнай сярэдняй адукацыі па выніках правядзення рэспубліканскіх кантрольных работ, вывучэння функцыянальнай дасведчанасці навучэнцаў па тых ці іншых напрамках.

У мінулым годзе была праведзена рэс­публіканская кантрольная работа па вучэбным прадмеце “Гісторыя Беларусі”, у якой прынялі ўдзел 3812 навучэнцаў 6 класа са 164 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ўсіх рэгіёнаў краіны. Нацыянальнае агенцтва па забеспячэнні якасці адукацыі правяло кантрольныя вымярэнні якасці засваення вучэбнага матэрыя­лу навучэнцамі 11 класаў ліцэяў устаноў вышэйшай адукацыі, Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па 11 вучэбных прадметах, якія вывучаюцца на павышаным узроўні, і па вучэбных прадметах “Руская мова” і “Беларуская мова”, якія вывучаюцца на базавым узроўні. У гэтых кантрольных работах прынялі ўдзе­л 1309 навучэнцаў. Быў укаранёны механізм незалежнай выніковай атэстацыі навучэнцаў па выніках засваення адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі (сумяшчэнне выніковых экзаменаў з уступнымі іспытамі — правядзенне цэнтралізаванага экзамену).

 — Якія механізмы будуць выкарыс­тоўвацца па кантролі за забеспячэннем якасці адукацыі?

— У гэтым напрамку нам неабходна наладзіць узаемасувязь усіх элементаў сістэмы забеспячэння якасці адукацыі з іх кантролем. Так, вынікі дзейнасці падпарадкаваных арганізацый могуць выступаць падставай для ажыццяўлення кантрольнай дзейнасці з наступным прыняццем адпаведных мер рэагавання. Праграмны дакумент прадугледжвае распрацоўку і ўкараненне сістэмы аддаленага маніторынгу (кантролю) за забеспячэннем якасці адукацыі з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, у тым ліку на аснове статыстычнай інфармацыі, якая прадастаўляецца ўстановамі адукацыі ў Галоўны інфармацыйна-аналітычны цэнтр. Акрамя таго, неабходна забяспечыць прэвентыўнасць і прафілактычную накіраванасць кантрольнай дзейнасці, выкарыстаць існуючую статыстычную інфармацыю, вынікі дзейнасці ўсіх падпарадкаваных арганізацый па кожным узроўні адукацыі ўнутры самой сістэмы адукацыі. Гэтую функцыю ў рамках кантрольнай (нагляднай) дзейнасці выконвае Дэпартамент кантролю якасці адукацыі, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя орга­ны.

На працягу апошняга часу нашым дэпартаментам быў праведзены шэраг праверак, маніторынгаў дзейнасці ўстаноў адукацыі, вывучалася работа ўстаноў адукацыі па прафілактыцы карупцыйных правапарушэнняў. Ажыццёўлены ананімнае анкетаванне навучэнцаў і выкладчыкаў, кантроль выканання планаў мерапрыемстваў па супрацьдзеянні карупцыі ва ўстановах рознага ўзроўню адукацыі. Право­дзіцца прафілактычная і папераджальная работа з прадстаўнікамі органаў дзяржаўнага кіравання ў сферы адукацыі, з педагагічнымі калектывамі ўстаноў адукацыі. У цэлым павялічваецца колькасць мерап­рыемстваў такога характару, арганізаваных нашым міністэрствам, з улікам функцыянавання Дэпартамента кантролю якасці адукацыі ў складзе трох упраўленняў — упраўлення кантрольна-нагляднай дзейнасці, упраўлення арганізацыі дзяржаўнай акрэдытацыі, упраўлення ліцэнзавання і апастылявання.

Ала КЛЮЙКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА