Амаль год назад у баранавіцкай сярэдняй школе № 1 імя С.І.Грыцаўца пачаў працаваць дзіцячы тэхнапарк роўных магчымасцей, аналагаў якому на Брэстчыне няма. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Яго ўнікальнасць у тым, што ён адкрывае шырокія магчымасці для навучання ў тэхнічнай сферы па розных кірунках, — гаворыць дырэктар школы Марына Купцова. — Гэта вельмі дапамагае ў дапрофільнай і профільнай падрыхтоўцы вучняў, іх удзеле ў тэматычных зменах Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка.
У 8 лабараторыях, аснашчаных сучасным тэхнічным абсталяваннем і найноўшымі сродкамі навучання, займаюцца ўсе дзеці, у тым ліку з АПФР. На вучэбных занятках яны не толькі замацоўваюць веды, набытыя на ўроках, але і рэалізуюць іх у практычнай дзейнасці.
— У лабараторыі робататэхнікі вучні на базе спецыяльных адукацыйна-апаратных платформ знаёмяцца з мовамі і сістэмамі праграмавання прамысловых робатаў, рашаюць тыпавыя задачы па электроніцы і схематэхніцы, праектуюць і канструююць корпусныя дэталі і механічныя вузлы, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце школы Андрэй Любас. — Удзельнікі лабараторыі альтэрнатыўнай энергетыкі і інжынернай экалогіі асвойваюць крыніцы альтэрнатыўнай энергіі, вывучаюць спосабы аховы навакольнага асяроддзя, мадэлююць інтэлектуальныя сістэмы аўтаномнага вырошчвання раслін і энерганезалежнага спажывання. У гэтым юным даследчыкам дапамагаюць сонечная міні-электрастанцыя і сонечныя батарэі рознага тыпу, ветрагенератар, спецыяльнае вымяральнае і камутацыйнае абсталяванне, мадэль энерганезалежнага дома і нават невялікая стэлажная цяпліца з аўтаномным мікракліматам.
У лабараторыі 3D-мадэлявання і прататыпавання школьнікі спасцігаюць асновы гэтых тэхнічных працэсаў, вывучаюць тэхналогію праектавання і пабудовы 3D-мадэлей на 3D-прынтарах і сканерах, ствараючы з іх дапамогай уласныя канструкцыі.
У лабараторыі мехатронікі і радыёэлектронікі можна навучыцца працаваць на сучасных лазерных, фрэзерных (з лічбавым праграмным кіраваннем) і свідравальных станках, атрымаць базавыя навукова-тэарэтычныя веды для вырашэння практычных задач у галіне лазернай тэхнікі і тэхналогій.
Лабараторыя віртуальнай і дапоўненай рэальнасці дазваляе з дапамогай спецыяльнага абсталявання асвоіць сферу іх выкарыстання і перспектывы развіцця, набыць навыкі работы з інфармацыйнымі сістэмамі і VR/AR-дадаткамі.
Адправіцца ў віртуальнае падарожжа па Сусвеце дазваляе лабараторыя космасу, дзе вучні не толькі знаёмяцца з гісторыяй вырабу штучных спадарожнікаў, але і самі мадэлююць і збіраюць розныя сістэмы нанаспадарожнікаў, прычым гатовых да вываду на пазаземную арбіту. А паназіраць за іншымі галактыкамі можна дзякуючы прафесійнаму тэлескопу.
Асаблівую ўвагу школьнікаў прыцягвае лабараторыя БПЛА, дзе яны вывучаюць асноўныя тэхналогіі, якія прымяняюцца пры стварэнні сучасных лятальных апаратаў, збіраюць і наладжваюць вучэбныя квадракоптары са спецыялізаваных набораў, асвойваюць тэхніку пілатавання БПЛА ў ручным рэжыме з дапамогай авіясімулятара, а таксама пілатуюць рэальныя мадэлі.
Дзейнасць лабараторыі практычнага праектавання грунтуецца на ідэях па рэалізацыі праектаў рэзідэнтаў тэхнапарка — настаўнікаў-прадметнікаў, якія займаюцца праектнымі пошукамі і праводзяць розныя даследаванні. У лабараторыі аформлены адмысловыя экспазіцыі з тэхнічнымі цацкамі, вырабленымі ў тым ліку з другаснай сыравіны, і рэтратэхнікай.
Настаўнік-дэфектолаг Юлія Барэева з педкласаўцамі
Асобнае месца ў тэхнапарку займае цэнтр ранняй прафарыентацыі. З дапамогай электроннага рэсурсу “Атлас прафесій будучыні” школьнікі вывучаюць сучасны і перспектыўны рынак працы, асаблівасці атрымання пэўнай спецыяльнасці, праходзяць тэсціраванне. А пераканацца ў правільным прафесійным выбары і апрабаваць атрыманыя веды на практыцы вучні могуць на прадпрыемствах-партнёрах, якіх у Баранавічах больш чым дастаткова.
На базе тэхнапарка, акрамя адукацыйнага працэсу, арганізуюцца разнастайныя мерапрыемствы і экскурсіі для школьнікаў. Так, летась тут прайшоў першы абласны хакатон для вучняў, якія цікавяцца праграмаваннем і вэб-дызайнам, і настаўнікаў-ментараў. Па выніках міжнароднай адкрытай інжынернай канферэнцыі школьнікаў “Патэнцыял” у Маскве рэзідэнты тэхнапарка занялі 1-е месца ў секцыі “Фізіка: эксперыментальныя метады даследавання”.
Настаўніца мастацтва Алена Шмырына з вучнямі
На аглядных экскурсіях з прэзентацыяй праектных работ вучняў у лабараторыях пабывалі ўжо больш за 1,5 тысячы дзяцей. На летніх канікулах запланаваны аглядныя экскурсіі “Юны даследчык” і майстар-класы для гарадскіх школьнікаў, якія правядуць выхаванцы тэхнапарка ў рамках часовай працоўнай занятасці.
Педагогі сярэдняй школы № 1, адкрытай усяго 2,5 года назад, могуць пахваліцца не толькі ўнікальным тэхнапаркам. Ва ўстанове, якая мае статус Школы міру, шмат фішак, якія робяць яе суперсучаснай і адметнай сярод іншых: Кікоінскі клас, адзіны ў краіне Музей народнага адзінства. Гэта вынік натхнёнай і самаадданай працы дружнага і мэтанакіраванага педкалектыву на чале з Марынай Купцовай, нястомным генератарам і рэалізатарам цікавых ідэй, пры падтрымцы гарадскога ўпраўлення па адукацыі.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА