Якасць адукацыі складаецца з многіх кампанентаў і прадугледжвае не толькі высокі ўзровень аказання адукацыйных паслуг. Гэтая ідэя стала ключавой на пасяджэнні выніковай калегіі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Грамадства, дзяржава і час ставяць перад намі мноства задач. Найважнейшая з якіх — забяспечыць роўныя магчымасці атрымання якаснай адукацыі. Задача не новая, і вынік залежыць ад кожнага з нас, — падкрэсліў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай.
Ён таксама адзначыў, што Гродзенская вобласць у пытаннях якасці ў сістэме адукацыі краіны заўсёды займала дастаткова трывалыя пазіцыі. Канстатавала гэта ў тым ліку прадстаўленая ўвазе ўдзельнікаў калегіі выстава напрацовак і дасягненняў устаноў адукацыі рэгіёна.
На выніках работы ў мінулым годзе і прыярытэтных напрамках на бягучы год у сваім выступленні спыніўся начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык:
— 2023 год вылучаўся шэрагам новаўвядзенняў у частцы выніковай атэстацыі навучэнцаў, ён азнаменаваўся вялікай тэматычнай нарадай кіраўніка дзяржавы па пытаннях развіцця сістэмы адукацыі і ўзгаднення падыходаў унутры сістэмы. Шэраг даручэнняў працягвае дзейнічаць. Наша задача — да пачатку новага навучальнага года выканаць іх у поўным аб’ёме.
Вялікая ўвага ў гэтым годзе будзе ўдзелена ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы, захаванню павышанай бяспекі ўстаноў адукацыі вобласці.
У 2024 годзе плануецца ўвод у эксплуатацыю двух дзіцячых садоў — на 190 месцаў у Ашмянах і на 335 месцаў у Гродне. За кошт сродкаў Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы працягнецца будаўніцтва школы ў Астраўцы на 510 месцаў.
Рамонтныя работы капітальнага характару плануецца выканаць у 11 школах вобласці.
— Хачу звярнуць увагу, што ў 2024 годзе зменяцца падыходы да прыёмкі школ да пачатку новага навучальнага года і гэтую работу важна арганізаваць з улікам новых патрабаванняў, — падкрэсліў кіраўнік сістэмы адукацыі вобласці.
Што тычыцца новых падыходаў у арганізацыі школьнага харчавання, сёння яны ўкаранёны ў 210 школах Гродзеншчыны. Завершана гэтая работа ў пяці раёнах. А да верасня 2024 года будзе ажыццёўлены пераход устаноў адукацыі, якія засталіся.
У частцы дзейнасці сістэмы дашкольнай адукацыі рэгіёна на пасяджэнні калегіі адзначалася, што ў мінулым годзе тут зменшылася колькасць дзён, прапушчаных адным дзіцем па хваробе. У Прынёманскім краі гэты паказчык адзін з самых нізкіх у краіне — 2,9 дня на адно дзіця. Разам з тым пытанні стварэння здароўезберагальнага асяроддзя не павінны страчваць сваёй актуальнасці.
Для сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі мінулы год быў годам новаўвядзенняў у частцы выніковай атэстацыі і ўступных экзаменаў. Абедзве кампаніі ў вобласці прайшлі арганізавана. Навучэнцамі атрымана больш за 240 стабальных вынікаў на цэнтралізаваным экзамене і цэнтралізаваным тэсціраванні. Чатыры з іх набралі максімальных 300 тэставых балаў на ЦЭ і ЦТ.
— Палепшыліся ў тым ліку вынікі выступлення абласной каманды на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах: у 2023 годзе атрыманы 82 дыпломы. Разам з тым работа з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі патрабуе далейшага ўдасканалення, — звярнуў увагу Руслан Абрамчык.
У сістэме прафесійнай адукацыі ў 2023 годзе падрыхтавана больш за 5 тысяч выпускнікоў з прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Усе яны атрымалі пасведчанні аб накіраванні на работу. У каледжах рэгіёна з улікам патрэбнасцей арганізацый — заказчыкаў кадраў у 2023 годзе адкрыта падрыхтоўка па некалькіх новых спецыяльнасцях і кваліфікацыях.
У мінулым навучальным годзе ў цэнтрах кампетэнцый на базе каледжаў вобласці прайшлі навучанне больш за 3 тысячы чалавек. У Год якасці неабходна і ў далейшым выкарыстоўваць у адукацыйным працэсе самыя сучасныя тэхналогіі і абсталяванне, якія маюць цэнтры кампетэнцый прафесійнай адукацыі.
Асаблівы акцэнт на калегіі быў зроблены на выхаваўчай рабоце і неабходнасці пастаяннага фарміравання ў вучняў актыўнай грамадзянскай пазіцыі і неабыякавасці да мінулага. Падкрэслівалася, што ў 2024 годзе трэці раз у краіне будзе арганізавана культурна-адукацыйная патрыятычная акцыя “Цягнік Памяці”. У сувязі з гэтым неабходна забяспечыць на высокім арганізацыйным узроўні правядзенне адборачных этапаў рэспубліканскага конкурсу “Я патрыёт сваёй краіны” ў рамках акцыі і арганізаваць шырокую інфармацыйную работу сярод школьнікаў.
На завяршэнне сустрэчы былі падведзены вынікі абласнога конкурсу на лепшую арганізацыю работы па развіцці рэгіянальных сістэм адукацыі ў 2023 годзе, названы лепшыя школы гарадской і сельскай мясцовасці, каледжы.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара