Сваімі развагамі аб ролі педагогаў у навучанні і выхаванні юных грамадзян, сённяшнім стане адукацыйнай галіны ў сталіцы і перспектывах з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” падзяліўся намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран.
Па ключавым напрамку
— Фарміраванне грамадзянскай пазіцыі, нацыянальнай годнасці і патрыятызму ў дзяцей і моладзі пачынаецца менавіта з адукацыі. Таму нашы намаганні скіраваны на стварэнне ў адукацыйнай галіне спрыяльнага, камфортнага клімату для навучання і выхавання юнага грамадзяніна нашай краіны.
Мая асноўная пазіцыя як кіраўніка ў развіцці адукацыйнай галіны складвалася ў час работы ў адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска, дзе фарміравалася канцэпцыя развіцця адукацыі раёна, вызначаліся найбольш эфектыўныя падыходы ў навучанні і выхаванні, што дало станоўчыя вынікі. Падчас кіраўніцтва сталічным мікрараёнам было прыкладзена шмат намаганняў, каб створаная сетка навучальных устаноў, дзіцячых садкоў, сацыяльных аб’ектаў задавальняла запыты насельніцтва. Будаваліся новыя школы, рамантаваліся існуючыя, былі адкрыты новыя цэнтры развіцця мастацкай і тэхнічнай творчасці, спартыўныя аб’екты для ўсебаковага развіцця нашых дзяцей. Вялося цеснае ўзаемадзеянне з рэальным сектарам эканомікі, непасрэдна з будаўнічай галіной, улічваўся фінансавы ўзровень сталіцы. Важна было, каб адзін канкрэтны раён, у тым ліку і па забеспячэнні адукацыйнай галіны, гарманічна ўпісваўся ў агульны выгляд горада. Канцэпцыя раўнамернага развіцця сферы адукацыі Мінска застаецца прыярытэтнай.
У роўнай меры
Аб’ём будаўніцтва і рамонту ў сферы адукацыі ўзрастае з кожным годам. Узведзена шмат новых сучасных навучальных устаноў, адрамантаваны і аснашчаны па апошнім слове тэхнікі школы і дзіцячыя садкі, добраўпарадкаваны тэрыторыі. Для вырашэння гэтых задач з бюджэту горада выдаткоўваюцца істотныя фінансавыя рэсурсы.
Так, за апошнiх 5 гадоў у Мінску ўведзены ў эксплуатацыю пасля новага будаўніцтва і капітальнага рамонту 106 аб’ектаў устаноў адукацыі (з іх 7 школ і 18 устаноў дашкольнай адукацыі — новабудоўлі), выкананы капітальны рамонт 69 устаноў адукацыі (38 школ, 15 дзіцячых садкоў, 5 устаноў дадатковай адукацыі: “Золак”, “Кантакт”, “Лідар” i iнш. — 7 устаноў ПТА, 2 установы ССА, 1 ВВК і 1 дзіцячы дом сямейнага тыпу). Праведзена рэканструкцыя 12 аб’ектаў: 9 школьных стадыёнаў, 1 установы дадатковай адукацыі (“Ранак”), 1 спецыялізаванага (кадэцкага) вучылішча і 1 дзіцячага сада.
Часта сустракаючыся з бацькамі, чую ад некаторых меркаванне, што выхаванне дзяцей у першую чаргу тычыцца навучальнай установы і педагогаў. Безумоўна, у кожнай сям’і свае каштоўнасці, свае традыцыі, аднак не заўсёды такія меркаванні і развагі сугучныя з агульнапрынятымі канонамі. Мы павінны з гэтым лічыцца, але не можам змірыцца з абыякавасцю сям’і, калі размова ідзе пра выхаванне дзяцей. Калі бацькам будзе ўсё роўна, які лёс чакае іх сыноў і дачок, калі мамы і таты будуць фармальна падыходзіць да выхавання і спадзявацца толькі на школу, педагога, то нічога добрага не атрымаецца. Мы можам дасягнуць станоўчага выніку выключна праз супрацоўніцтва з сям’ёй, і мы актыўна вядзём гэтую работу.
Яскравым прыкладам супрацоўніцтва з сям’ёй з’яўляецца бацькоўскі ўніверсітэт, агульныя сходы, серыя якіх нядаўна прайшла ва ўсіх раёнах сталіцы. Гэта дае свой плён: расце актыўнасць і ініцыятыва бацькоў у жыцці сваіх дзяцей, навучальнай установы.
Нашы педагогі ва ўзаемадзеянні з мамамі і татамі фарміруюць жыццёвую траекторыю дзіцяці, каб яно адчувала сябе ўпэўнена, абаронена, каб яго станаўленне адбывалася на карысць сваёй краіны і на аснове нацыянальных традыцый. У фарміраванні такога светапогляду пазіцыя педагога павінна быць высокапрафесійнай, грунтоўнай. Настаўніку неабходны ўнутраны стрыжань, харызма, асабістае перакананне ў значнасці тых задач, якія маюць дзяржаўнае значэнне.
Свой почырк
Лейтматывам педагогікі ў сферы адукацыі Мінска з’яўляецца асабісты прыклад як у педагагічным асяроддзі, так і ў навучэнскім. Конкурсы прафесійнага майстэрства штогод вызначаюць высокі ўзровень падрыхтоўкі настаўнікаў сталіцы, іх інтэлектуальнасць, наватарскі падыход. Мы ствараем самыя спрыяльныя ўмовы для развіцця педагога, росту прафесіяналізму, прэстыжу прафесіі ў грамадстве. На сустрэчах з настаўнікамі адчуваеш іх зараджанасць на тое, каб прыўнесці ў работу пэўныя крэатыўныя знаходкі, свой почырк. Гэта высокаадукаваныя людзі, якія ўмела валодаюць найноўшымі тэхналогіямі, імкнуцца наладзіць творчую атмасферу ўнутры класа, шукаюць падыход да кожнага выхаванца. Яны апантаныя, улюбёныя ў сваю справу, сваіх навучэнцаў, а значыць, прыйшлі ў прафесію па прызванні.
Больш за 200 работнікаў адукацыі атрымалі прэміі Мінгарвыканкама.
Педагагічныя работнікі, удастоеныя прэмій і грантаў Мінгарвыканкама ў 2023 годзе, з’яўляюцца прыкладам для нашых дзяцей. Сярод іх — загадчыца дзіцячага сада № 302 Мінска настаўнік-дэфектолаг Юлія Джэйгала, выхавальніца дзіцячага сада № 372 Мінска Антаніна Голуб, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 121 Мінска імя М.Ф.Ягорава Ірына Мазанік.
Па прыкладзе настаўнікаў заахвочваюцца навучэнцы, якія дасягнулі высокіх вынікаў не толькі на гарадскім узроўні, але і на рэспубліканскім і міжнародным. Вось толькі некалькі імёнаў: навучэнцы гімназіі № 41 Мацвей Вылягжанін, Міхаіл Райхман, навучэнец сярэдняй школы № 131 Багдан Вербіловіч.
Свежы павеў
Дзейсным кірункам у выхаванні стала развіццё ваенна-патрыятычнага руху, заснаванага на супрацоўніцтве з іншымі структурамі. Яго можна назваць свежым павевам у адукацыйным асяроддзі. Гэта не толькі новыя і цікавыя заняткі для школьнікаў, але і магутны выхаваўчы складнік, дзе гартуецца характар, пашыраецца кругагляд, фарміруецца светапогляд. Са стварэннем амаль у кожнай сталічнай школе ваенна-патрыятычнага клуба, класа, музея ваеннай тэматыкі выхаваўчая работа адкрываецца новымі гранямі, расце ініцыятыўнасць і творчы падыход у педагогаў, праяўляюць актыўнасць школьнікі, актывізуюцца бацькі.
У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі на тэрыторыі раёнаў Мінска арганізавана 26 ваенна-патрыятычных клубаў, у склад якіх уваходзяць 1256 навучэнцаў. Два ваенна-патрыятычныя клубы — “Аскер” і “Школа мужнасці” — дзейнічаюць на базе Мінскага дзяржаўнага каледжа камунальнай гаспадаркі і транспартнага абслугоўвання. Яны атрымалі станоўчы грамадскі водгук, сёння запатрабаваны падлеткамі і іх бацькамі. У работу клубаў уключаны прафарыентацыйныя мерапрыемствы, экскурсійныя і пазнавальныя праграмы, заняткі па дапрызыўнай і фізічнай падрыхтоўцы. 121 музей працуе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі. З іх 14 музеям прысвоена званне народнага. Ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі горада адкрыты тэматычныя экспазіцыі, прысвечаныя генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя таго, тэматычныя экспазіцыі створаны ва ўстановах дашкольнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У бягучым навучальным годзе адкрыты 80 класаў ваенна-патрыятычнага кірунку.
Мадэль даступнасці
Рэалізацыя прынцыпу інклюзіі ў сістэме адукацыі накіравана на забеспячэнне поўнага ахопу неабходнымі відамі дапамогі ўсіх дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (АПФР) і атрыманне імі якаснай адукацыі ў адпаведнасці з іх магчымасцямі. Гэтая катэгорыя навучэнцаў складае каля 11% ад агульнай колькасці дзяцей горада. Згодна з банкам даных на 15 верасня, штогод іх колькасць павялічваецца прыкладна на тысячу: у 2021 годзе — 32 810 дзяцей, у 2022-м — 33 783, у 2023-м — 35 085.
У Мінску дзеці з асаблівасцямі ў развіцці на 100% ахоплены спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйна-педагагічнай дапамогай. Найбольш распаўсюджаная форма арганізацыі адукацыйнага працэсу для дзяцей з АПФР — інтэграванае навучанне і выхаванне, якім ахоплена 79% дзяцей такой катэгорыі. Сетка інтэграваных класаў і груп штогод пашыраецца ў адпаведнасці з патрэбамі вучняў і запытамі іх бацькоў. Цяпер у горадзе налічваецца 625 класаў інтэграванага навучання і выхавання, якія функцыянуюць у 140 установах агульнай сярэдняй адукацыі. Патрэба ў такіх класах задаволена на 100%.
Акрамя таго, у бягучым навучальным годзе адкрыты 22 класы сумеснага навучання і выхавання, дзе вучацца дзеці з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату, сіндромам дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці.
Відавочна, што ў сталічнай адукацыі для юных мінчан створаны ўсе неабходныя ўмовы для навучання і выхавання.
Ала КЛЮЙКО
Фота з архіва Мінгарвыканкама