Гімназія № 13 Мінска і БДУІР пашыраюць супрацоўніцтва

- 14:29Образование

У гімназіі № 13 Мінска прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя Сусветнаму дню інжынерыі, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Гэта не проста даніна павагі працы інжынераў, навукоўцаў, вынаходнікаў і іншых спецыялістаў сферы, прызнанне ўкладу, які ўносяць яны ва ўстойлівае развіццё чалавецтва, паляпшэнне побыту людзей і павышэнне якасці жыцця, — адзначыла дырэктар гімназіі, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Марына Ільіна. — Адкрыццё ў гімназіі ў 2023 г. профільных класаў інжынернай накіраванасці — крок да пабудовы комплекснай сістэмы бесперапыннай падрыхтоўкі інжынерных кадраў у ланцужку «школа — універсітэт — вытворчасць». Функцыянаванне адзінай пераемнай лічбавай адукацыйнай прасторы забяспечваецца прадуманай і апрабаванай на практыцы сістэмай арганізацыі адукацыйнага працэсу ад першага званка да студэнцкай лаўкі. Прыцягненне матэрыяльна-тэхнічных, кадравых рэсурсаў устаноў вышэйшай адукацыі і спецыялістаў IT-сферы выкарыстоўваецца як інструмент павышэння якасці адукацыі і аптымізацыі адукацыйнага працэсу шляхам узмацнення практычнага складніка навучання. Стратэгія выхавання арыентавана на фарміраванне асобы гімназіста як носьбіта каштоўнасцей нацыянальнай культуры, грамадзяніна і патрыёта, яго сацыяльных кампетэнцый і маральнай сталасці. Прынцыпова новы комплексны падыход да рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця як педагагічнага інструмента прыцягнення падрастаючага пакалення да вырашэння сацыяльных праблем сучаснасці, прыняцця адказных рашэнняў і рэалізацыі ўласных планаў нацэльвае на выкананне патрабаванняў Стратэгіі развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі да 2030 г., надае ўніверсальны характар выхаваўчым дзеянням.

Інжынерная справа з’яўляецца жыццёва важнай для дасягнення практычна ўсіх Мэт устойлівага развіцця. Невыпадкова сярод праведзеных мерапрыемстваў — круглы стол «Інжынерная справа на службе ўстойлівага развіцця». Ён прайшоў з удзелам навучэнцаў профільнага класа інжынернай накіраванасці, дырэктара гімназіі, педагогаў Аляксея Пархоменкі, Алены Бяспалай, прадстаўнікоў БДУІР: Тамары Парафіяновіч, кандыдата педагагічных навук, дацэнта кафедры інфармацыйных радыётэхналогій, Таццяны Дворнікавай, старшага выкладчыка кафедры, і студэнткі 2-га курса Настассі Кісцернай.

Школьнікі прынялі ўдзел у віктарыне «Прафесія — інжынер», дыялогавай пляцоўцы «Маё прызванне — інжынер», прафарыентацыйных гадзінах, лекцыях. Вынікам мерапрыемства сталі круглы стол «Мэтавая падрыхтоўка інжынерных кадраў: размова зацікаўленых» і абмеркаванне перспектыўных планаў супрацоўніцтва гімназіі № 13 і БДУІР, накіраваных на ўмацаванне і пашырэнне партнёрскіх адносін у пытаннях падрыхтоўкі будучых кваліфікаваных інжынерных кадраў.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота прадастаўлена гімназіяй № 13 Мінска