Сістэма падрыхтоўкі да алімпіяд будзе перафармаціравана

- 10:00Актуально, Образование

На выніковай калегіі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама міністр адукацыі Андрэй Іванец праанансаваў шэраг змяненняў, якія тычацца адукацыйнай галіны, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

— Міністэрства адукацыі перафармаціруе сістэму падрыхтоўкі да алімпіяд. Мы зробім яе круглагадовай, — адзначыў А. Іванец. — Работа па падрыхтоўцы алімпіяднікаў носіць шаблонны характар: праводзіцца спачатку раённы этап, затым — гарадскі і потым пачынаецца падрыхтоўка да заключнага этапу. Аднак выяўленне адораных і таленавітых дзяцей мы павінны праводзіць цэлы год і па ўсёй краіне, незалежна ад таго, дзе пражывае навучэнец — у Мінску ці ў маленькай вёсачцы. Плануем з наступнага навучальнага года ўвесці круглагадовую завочную алімпіяду, якая будзе своеасаблівым навучальным цэнтрам для кожнага маладога чалавека. Таксама намераны наладзіць круглагадовыя падчас канікулярнага перыяду зборы па падрыхтоўцы вучняў з усёй рэспублікі па ўсіх вучэбных прадметах. Гэта дазволіць у роўнай ступені раскрыць той патэнцыял, які ёсць у нашых школьніках.

Значная роля ў гэтай рабоце будзе адведзена не толькі школам і інстытутам развіцця адукацыі, але і ўніверсітэтам. За кожным напрамкам, вучэбным прадметам неабходна замацаваць тую ці іншую УВА, факультэт, выкладчыкаў, якія будуць працаваць са школьнікамі, прычым не толькі на этапе іх паездкі на міжнародныя спаборніцтвы.

Па словах міністра адукацыі, падрыхтоўка школ да новага навучальнага года таксама пройдзе па-новаму. З лютага ва ўстановах адукацыі пачаліся планавыя праверкі. Фактычна ў красавіку кожная школа ўжо будзе мець акт бягучага стану. Пасля гэтага ўстанова адукацыі разам з мясцовым выканаўчым камітэтам зможа правесці ўсю неабходную падрыхтоўчую работу для таго, каб у жніўні атрымаць пашпарт гатоўнасці. Дарэчы, у склад камісій увойдуць прадстаўнікі ўсіх структур, якія адказваюць за бяспеку дзяцей у школах.

Закрануў Андрэй Іванец і пытанні сёлетняй уступнай кампаніі. У гэтым годзе плануецца істотна павялічыць набор абітурыентаў на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі, але пры гэтым не ўпусціць лічбы набору ў ПТНУ.

— Нягледзячы на так званую даступнасць вышэйшай адукацыі, мы праводзім планамерную работу па ўзмацненні рэгіёнаў. Набор у мінскія УВА будзе скарачацца, рэгіянальныя УВА — і далей падтрымлівацца. Але гэта не значыць, што сталічныя школьнікі не змогуць атрымаць вышэйшую адукацыю. Колькасць бюджэтных месцаў будзе павялічвацца, колькасць платных — змяншацца, — патлумачыў А. Іванец. — Медалісты маюць проста беспрэцэдэнтныя магчымасці: паступленне ва УВА без экзаменаў, у сталічныя — на запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці. У гэтым годзе мы пашырылі іх пералік. Раней шмат у чым гэта былі спецыяльнасці, непапулярныя ў абітурыентаў. Мы мяняем падыходы.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара