Вясенняя раўнавага

- 10:42Авторские колонки, Ремарка

У прыродзе ўсё імкнецца да раўнавагі. Пасля халоднай зімы ідзе шумная, гаманкая вясна, прыбраная ў свежую зеляніну лістоты і першыя кветкі. Праз пару дзён наступіць дзень вясенняга раўнадзенства, калі дзень практычна зраўняецца па працягласці з ноччу і на зямлі пачне гаспадарыць вясна. Нарэшце мы напоўніцу парадуемся цяплу і сонцу.

Наталля КАСТЭНКА

А ці ведалі вы, што нашы продкі ўшаноўвалі сонца, як Бога, і з надыходам першых вясновых дзянькоў радаваліся, што сонейка пачынае саграваць зямлю, абуджаць яе пасля зімовай спячкі? Таму і з’явілася традыцыя пячы бліны і аладкі — круглыя, якія па форме нагадваюць сонца. Лічылася, што, з’еўшы такую страву, чалавек атрымае часцінку сонечнага святла і цяпла.

У нашай краіне традыцыйна шырока адзначаецца масленічны тыдзень, не стаў выключэннем і бягучы год. Смачную і вясёлую Масленіцу мы адсвяткавалі пару дзён назад. Выдатна, што да народных традыцый далучаюцца школьнікі, іх бацькі і настаўнікі, таму што любоў да роднай зямлі абуджаецца ў тым ліку праз шанаванне традыцый нашых продкаў.

Напрыклад, у сярэдняй школе № 4 Дзяржынска Мінскай вобласці трэцякласнікі разам са сваёй любімай настаўніцай Таццянай Сяргееўнай Якімовіч віталі Масленіцу згатаванымі дома з бацькамі блінцамі сонечнага колеру. А ў суботні ранак 16 сакавіка адзначалі народнае свята навучэнцы і педагогі Бакштаўскай сярэдняй школы імя Марыі Мікалаеўны Чэрнік Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. Мерапрыемства было арганізавана з мэтай прывіць хлопчыкам і дзяўчынкам павагу да традыцый і звычаяў беларускага народа, інтарэс да яго песень, гульняў, вуснай народнай творчасці. Падчас рухавых гульняў бакштаўскія школьнікі патрацілі шмат энергіі, таму пасля ўдосталь ласаваліся смачнымі блінамі, з любоўю згатаванымі іх матулямі і бабулямі. Вось так школа развітвалася з зімой, вітаючы надыход вясны.

Па-свойму чакаюць надыходу вясны айчынныя аграрыі. Сельскагаспадарчая тэхніка, якая выйдзе на палеткі для вырошчвання ўраджаю-2024, зараз прахо­дзіць неабходнае тэхнічнае абслугоўванне, каб нішто не парушыла планаў аграрыяў на багаты каравай. Прычым, па словах намесніка Прэм’ер-міністра Беларусі Леаніда Зайца, гатоўнасць сельгастэхнікі сёлета на 5% вышэйшая за ўзровень 2023 года. За мінулы год у нашай краіне куплена каля 10 тысяч адзінак тэхнікі на суму 1,8 млрд рублёў з усіх крыніц фінансавання.  У тым ліку павялічаны закупкі камбайнаў — 880 адзінак, набыта кормаўборачная, глебаапрацоўчая і іншая самаходная тэхніка.

“Сёння гэта дае магчымасць больш аператыўна праводзіць усе віды палявых работ. Не выклікае сумненняў, што ўвесь машынна-трактарны парк і ўся тэхніка для правядзення комплексу палявых работ будзе гатова і выканае сваё прызначэнне”, — адзначыў віцэ-прэм’ер.

Таксама, як паведаміў Леанід Заяц, ужо наступілі аптымальныя станоўчыя тэмпературы, якія садзейніча­юць правядзенню веснавых палявых работ. Глеба для сяўбы збожжавых культур падрыхтавана на 56 тысячах га пло­шчаў, пры гэтым засеяна 10 тысяч га. Пяць абласцей нашай краіны пачалі ўжо работы па сяўбе, хутка падключыцца і Віцебская вобласць.

Здымак з сайта pixabay.com выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі

Рыхтуецца да цёплых дзянькоў і сталічны рэгіён. У Мінску гэтай вясной плануюць высадзіць больш за 15 тысяч кустоў руж, пра што паведаміла намеснік генеральнага дырэктара па добраўпарадкаванні і ўтрыманні аб’ектаў зялёнай гаспадаркі УП “Мінскзелянбуд” Кацярына Кароткіна. Акрамя гэтага, па яе словах, у сталічных парках і скверах будуць высаджваць так званыя сакуры — дрэвы вішні, слівы, міндаля, якія адрозніваюцца прыгожым цвіценнем.

Усё ў нашым жыцці імкнецца да вясенняй раўнавагі. Сонца абудзіць да жыцця насенне, якое кінуць у глебу беларускія аграрыі, і кветкі, клапатліва высаджаныя на нашых вуліцах работнікамі зялёнай гаспадаркі. Аднак самае галоўнае, што чарговая вясна будзе ў Беларусі не толькі прыгожай, духмянай і сонечнай — яна будзе МІРНАЙ.