Грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне — адна з прыярытэтных задач установы адукацыі. Наш педагагічны калектыў імкнецца да таго, каб далучэнне выхаванцаў да беларускай нацыянальнай культуры пранізвала ўсе напрамкі дзейнасці.
Пачыналi работу з арганізацыі развіццёвага прадметна-прасторавага асяроддзя, таму што яно адыгрывае вялікую ролю ў фарміраванні любові да Радзімы, паважлівых адносін да гістарычнага мінулага свайго народа. У метадычным пакоі аформлены этнакуток, у групах — патрыятычныя куткі з нацыянальнай сімволікай, куткі беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Таксама ва ўстанове створаны куток “Беларуская хата”, які паступова папаўняецца абсталяваннем, экспанатамі і матэрыяламі.
Мы ўвялі адзіны дзень зносін на беларускай мове. Дзеці вучацца размаўляць па-беларуску праз тэматычныя гульні, заняткі, святы і забавы. На афіцыйным сайце ўстановы ёсць адпаведны раздзел, дзе размешчаны кансультацыі па тым, як правільна далучаць дзяцей да роднай мовы, з канкрэтнымі практычнымі прыкладамі.
Пашырэнню кругагляду дзяцей спрыяе творчасць. Так, выхаванцаў груп усіх узростаў, педагогаў і бацькоў надоечы аб’яднаў агляд-конкурс “Гісторыя маёй Радзімы”. Яго правядзенне паспрыяла таму, што куткі патрыятычнага выхавання папоўніліся новым дыдактычным і наглядным матэрыялам, картатэкамі гульняў па развіцці маўлення, лэпбукамі, фальклорнымі зборнікамі. Новыя рэчы з’явіліся і ў “чароўных куфэрках”, якія выхавальнікі выкарыстоўваюць для развіцця беларускага маўлення і знаёмства дзяцей з традыцыямі роднага краю. Сем’і праявілі неверагодную творчую актыўнасць. Мамы і таты стварылі калажы, аплікацыі, малюнкі, тэматычныя папкі. Вельмі цікавым атрымаўся зняты бацькамі дакументальны фільм пра Круглае.
Дарэчы, узаемадзеянне з бацькамі ў кірунку патрыятычнага выхавання ў нас бесперапыннае. У бацькоўскіх кутках прадстаўлены зменны матэрыял з рэкамендацыямі, спіс дзіцячай літаратуры айчынных аўтараў, гульні і заданні для развіцця беларускага маўлення, маршруты выхаднога дня. Мамы і таты з’яўляюцца актыўнымі памочнікамі ў падрыхтоўцы і правядзенні ў садзе народных і дзяржаўных свят.
Плённае супрацоўніцтва выбудавана і з іншымі арганізацыямі: бібліятэкай, гісторыка-краязнаўчым музеем, школай. Рэгулярна ладзім сумесныя мерапрыемствы. Усебаковасць і разнастайнасць выхаваўчай работы дапамагае дзецям усвядоміць прыналежнасць да беларускай нацыі, адчуць непаўторны каларыт сваёй культуры, меладычнасць гучання роднай мовы.
Пройдзе час, і сённяшнія выхаванцы ўстаноў дашкольнай адукацыі будуць вызначаць будучыню нашай краіны. Па гэтай прычыне вельмі важна загадзя ўдзяляць увагу выхаванню ў падрастаючага пакалення нацыянальнай самасвядомасці, змалку закладваць у дзяцей грамадзянскія пачуцці.
Таццяна МЕЛЬНІКАВА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
дзіцячага сада № 3 Круглага