БДПУ на 120 месцаў павялічыць прыём на бюджэтную дзённую форму навучання

- 16:14Новости

Як прайшоў дзень адкрытых дзвярэй у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

У холе першага і другога паверхаў БДПУ з 10 гадзін раніцы было шматлюдна. На першым паверсе, дзе размясціліся прэзентацыйныя лакацыі “Прывітанне, абітурыент!”, старшакласнікаў і іх бацькоў, якія з’ехаліся з усёй краіны, сустракалі прадстаўнікі школ, дзіцячых садоў, раённых упраўленняў адукацыі Мінска і Мінскай вобласці, прапаноўваючы гасцям разгледзець варыянт працаўладкавання на будучыню і заключыць дагавор на мэтавае навучанне ўжо цяпер.

На другім паверсе каля інтэрактыўных інфармацыйных пляцовак сабраліся прадстаўнікі ўсіх факультэтаў БДПУ. Студэнты-актывісты, цьютары і валанцёры ахвотна расказвалі юнакам і дзяўчатам, а таксама іх бацькам, як гэта — вучыцца на той ці іншай спецыяльнасці. Мяркуючы па колькасці людзей ля стэндаў, аднымі з найбольш прывабных напрамкаў для абітурыентаў сталі псіхалогія і інклюзіўная адукацыя. Зрэшты, бойкія гутаркі з прадстаўнікамі ўсіх факультэтаў не спыняліся на працягу гадзіны.

Каля стэнда факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій чуецца натхнёны аповед старшыні студсавета:

— Усе нашы іншагароднія студэнты-першакурснікі на сто працэнтаў забяспечваюцца інтэрнатам. Мы вывучаем шмат цікавых прадметаў па псіхалогіі. Акрамя таго, што ў нас цікава вучыцца, мы стараемся бавіць вольны час весела. Праводзім шмат конкурсаў, канцэртаў, акцый, мерапрыемстваў, на якіх кожны можа прадэманстраваць свае таленты ў спевах, танцах, чытанні вершаў. Любая творчая ініцыятыва студэнтаў заўсёды падтрымліваецца адміністрацыяй і выкладчыкамі, якія, дарэчы, у нас выдатныя.

Ад прадстаўнікоў факультэта эстэтычнай адукацыі абітурыенты даведаліся, што набор вядзецца па дзвюх спецыяльнасцях — “Мастацкая адукацыя” і “Музычная адукацыя”. Таксама ўсім жадаючым прапаноўвалася прайсці віктарыну, каб, адказаўшы на пытанні з розных галін мастац­тва, вызначыць свой узровень эстэтычных ведаў.

— За першыя паўгадзіны работы да нас звярнуліся ўжо некалькі дзясяткаў чалавек. Пытанні, якія іх цікавяць, наступныя: як вучыцца на факультэце, ці ўсім хопіць месцаў у інтэрнаце, як здаюцца творчыя выпрабаванні? Патэнцыяльныя першакурснікі запаўнялі міні-анкеты, пакідаючы звесткі пра сябе, — дзеліцца тым, як праходзіць дзень адкрытых дзвярэй, студэнтка 2 курса Нікаліна Кот. — Мы дабавім усіх іх у бяседу абітурыента ў Telegram, дзе будзе размяшчацца самая важная і актуальная для паступлення інфармацыя.

Аб адукацыйных перавагах старшакласнікаў, іх спадзяваннях і сумненнях вырашыла даведацца з першых вуснаў.

Напрыклад, адзінаццацікласніца Ульяна прыехала з Маладзечна з бацькамі і малодшым братам Паўлам, які вучыцца ў 9 класе, але ўжо прыглядае сабе адукацыйную траекторыю, так бы мовіць, на выраст, раздумваючы паміж прафесіяй юрыста і псіхолага.

— На сённяшні дзень я для сябе разглядаю два варыянты: факультэт пачатковай адукацыі і сацыяльна-педагагічных тэхналогій. Пакуль у прыярытэце прафесія сацыяльнага педагога. Я люблю дзяцей. Мне падабаецца дапамагаць людзям. Думаю, было б цікава разбірацца ў праблемах школьнікаў, прымаць актыўны ўдзел у сацыяльным жыцці, — гаворыць Ульяна.

— А мэтавае навучанне для сябе разглядаеце? — цікаўлюся я.

— Так. Гэта таксама варыянт. Калі вырашу ім скарыстацца, то мне хацелася б працаваць у родным горадзе.

У сябровак-мінчанак Дар’і і Вікторыі перавагі аказаліся рознымі. Адну цікавіць псіхалогія, другую — інклюзіўная адукацыя. Дарэчы, мяркуючы па выніках леташняй уступнай кампаніі, гэтыя напрамкі ўвахо­дзяць у топ-7 найбольш запатрабаваных спецыяльнасцей у галоўнай педагагічнай УВА краіны.

— Я хачу паступаць у Інстытут інклюзіўнай адукацыі на спецыяльнасць, якая звязана з лагапедыяй, — дзеліцца планамі Вікторыя. — Мне хочацца дапамагаць дзецям. Падчас вучобы ёсць магчымасць прымаць удзел у рабоце валанцёрскіх арганізацый. Думаю, я ёй абавязкова скарыстаюся.

У фармаце “Адкрыты мікрафон” усе прысутныя ў актавай зале госці даведаліся аб дзейнасці ўніверсітэта ад прадстаўнікоў рэктарата і прыёмнай камісіі.

Як паведаміў рэктар БДПУ Аляксандр Жук, сёлета ў адпаведнасці з даручэннем Міністэрства адукацыі прыём на бюджэтную форму падрыхтоўкі спецыялістаў будзе павялічаны. Пры гэтым крыху зменшыцца прыём на платную форму навучання. Калі летась на бюджэт было набрана 890 чалавек, то сёлета запланаваны набор на 1010 бюджэтных месцаў. Акрамя таго, як адзначыў рэктар, на педагагічныя спецыяльнасці плануецца набраць каля 60 працэнтаў студэнтаў-мэтавікаў.

Потым гутарка абітурыентаў і бацькоў з выкладчыцкім складам універсітэта, дэканамі факультэтаў і дырэктарамі інстытутаў працягнулася на дыялогавых пляцоўках “Профі — аб прафесіі”, дзе яны больш прадметна абмеркавалі хвалюючыя пытанні.

Марына КУНЯЎСКАЯ 
Фота аўтара