Ці ведаеце вы гісторыю і культуру роднага горада? Ці знаёмы з яго славутасцямі? Гэтыя і іншыя пытанні прывялі настаўніцу гісторыі і грамадазнаўства Алену Пстыга з Малагарадзішчанскай сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна да стварэння турыстычна-экскурсійнага блакнота ў фармаце квестбука “Ідзі і глядзі! Падарожжа па Ляхавічах”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Квестбук спалучае ў сабе элементы даведніка, блакнота і квеста, — расказвае педагог. — Гэта невялікая кніжка з картай Ляхавіч і лагічнымі заданнямі, дзе можна пісаць, маляваць і ўклейваць фотаздымкі. Ідэя квестбука зацікавіла не толькі мяне, але і вучняў. Многія з нас прабягаюць міма знаёмых месцаў, не звяртаючы ўвагі на дробныя дэталі, а квестбук дазваляе камбінаваць гульню і прыгоды, пашырае кругагляд і веды пра райцэнтр, яго культурную і гістарычную спадчыну. Так і ўзнікла ідэя знешняга выгляду блакнота.
Акрамя папулярных гістарычных мясцін і зніклых аб’ектаў горада, у квестбуку прадстаўлена інфармацыя пра сучасныя арт-аб’екты. Каб прайсці па маршруце, не патрабуюцца энцыклапедычныя веды пра Ляхавічы, дастаткова інфармацыі з блакнота, увагі і здагадлівасці ў заданнях.
Нядзіўна, што мэту праекта склалі 3 словы: рух, пазнанне і адпачынак. На кожнай старонцы квестбука — новае заданне, загадка або цікавае месца, якія дапамогуць даведацца больш пра горад і натхніцца на творчасць.
— Менавіта гэта і лягло ў аснову турыстычна-экскурсійнага маршруту, — гаворыць Алена Пстыга. — Мы вызначылі спіс месцаў, якія затым уключылі ў квестбук. Сфатаграфавалі з розных ракурсаў гарадскія славутасці і ўсё, што можна выкарыстоўваць у заданнях: розныя помнікі, гістарычныя будынкі, паркі, вуліцы, надпісы, памятныя дошкі, таблічкі, арт-аб’екты… Усё гэта мае сваю гісторыю з’яўлення.
Для большай дакладнасці педагог звярталася да кніг па гісторыі горада, інтэрнэт-рэсурсаў з гістарычнымі і інфармацыйнымі даведкамі. Усё гэта дапамагае праходзіць заданні на экскурсійным маршруце, а выкарыстанне QR-кодаў ажыўляе іх. Так, перайшоўшы па адным QR-кодзе, можна пачуць музыку, па другім — азнаёміцца з дадатковай даведачнай інфармацыяй.
Па словах настаўніцы, важным этапам у рабоце над квестбукам стала складанне ўступнай часткі, дзе распрацаваны яго інструкцыі і правілы. Ад іх залежыць, ці захочуць удзельнікі праходзіць экскурсійны маршрут і выконваць заданні.
— Распрацаваны маршрутны ліст змяшчае карту горада, дзе пакрокава адзначаны лакацыі з выкарыстаннем інфаграфікі, — паведамляе Алена Пстыга. — Карыстальнікі, абапіраючыся на карту, могуць прайсці прапанаваным маршрутам ці самастойна выбраць аб’ект, з якога пачнуць праходзіць квест. У выніку яны пабудуюць індывідуальны шлях. У блакноце змешчаны цікавыя лагічныя заданні рознай ступені складанасці. Матэрыялы падабраны ў адпаведнасці з тэматыкай і канцэпцыяй квеста.
Каб прыцягнуць увагу карыстальнікаў, аўтары пры распрацоўцы дызайну квестбука выкарыстоўвалі пэўную колеравую гаму, просты шрыфт тэксту, інфаграфіку, фотаздымкі і QR-коды. Назва праекта ўзнікла неяк сама сабой. Словы “Ідзі і глядзі! Падарожжа па Ляхавічах” даюць уяўленне пра атмасферу, сюжэт і характар работы.
Педагог абяцае, што падарожжа па Ляхавічах абавязкова падорыць усім незабыўныя ўражанні і задавальненне ад кожнага здзейсненага кроку. Для гэтага варта даць волю сваёй дапытлівасці і быць гатовым раскрыць таямніцы горада, атрымаць новыя веды і захаваць убачанае, прычым не толькі ў памяці, але і ў самім блакноце.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ