Больш за 100 творчых нумароў падрыхтавалі ўдзельнікі ІV адкрытага рэспубліканскага конкурсу-фестывалю па вакале і харэаграфіі “Выкрутасы” ў рамках праекта “Брэст — маладзёжная сталіца — 2024”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Арганізатарамі відовішчнага мерапрыемства, якое праходзіла на базе Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці, выступілі Магілёўскі абласны тэатр лялек пры партнёрстве з ТАА “Цэнтр падтрымкі талентаў”, Беларускай лігай танца, Рэспубліканскім маладзёжным цэнтрам і Рэспубліканскім інстытутам вышэйшай школы.
У конкурсе-фестывалі, прымеркаваным да 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, удзельнічалі творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы без узроставых абмежаванняў з усіх рэгіёнаў краіны. Аднак завадатарам свята песні і танца ўсё ж такі была моладзь. Гэта нядзіўна, бо мерапрыемства праводзілася найперш з мэтай папулярызацыі сучаснай дзіцячай і юнацкай творчасці, павышэння эстэтычнага ўзроўню юных артыстаў, абмену цікавым вопытам і падтрымкі таленавітых выканаўцаў.
Вакалісты прэзентавалі акадэмічныя, народныя, эстрадныя і джазавыя спевы, аўтарскія і патрыятычныя песні, сусветныя хіты, рэтрашлягеры і песні з мультфільмаў і кінафільмаў. Харэаграфічныя нумары былі прадстаўлены сюжэтна-гульнявымі, народнымі, класічнымі, бальнымі, вулічнымі, усходнімі і эстраднымі танцамі, а таксама арыгінальным жанрам. Майстэрства выканаўцаў ацэньвала журы з ліку вядомых артыстаў, музыкантаў, рэжысёраў і кампазітараў, удзельнікаў тэлепраектаў “Х-фактар”, “Еўрабачанне”, “Голас” і “Танцуюць усе”, фестывалю “Славянскі базар” і конкурсу “Новая дзіцячая хваля”.
Пераможцы конкурсу-фестывалю вызначаліся ў 7 намінацыях. Па выніках творчага спаборніцтва ўладальнікамі гран-пры сталі выхаванцы Цэнтра сучаснай творчасці “Атмасфера” Барысава, Глеб Стасюк з StudioPLAY Брэста і Маргарыта Філіпава з вакальнай студыі “7 нот” Брэста. Акрамя дзяцей, спецыяльнымі прызамі былі адзначаны і педагогі.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара