Комплексная дапамога дзіцяці з АПФР: педагогі, медыкі і сацыяльныя работнікі

- 16:04Новости

Дапамагчы дзіцяці і яго бацькам, падставіць плячо ў няпростай жыццёвай сітуацыі гатова каманда спецыялістаў ЦКРНіР Маладзечна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Штогод павялічваецца колькасць дзяцей ранняга ўзросту, якія атрымліваюць дапамогу ў гэтым цэнтры (сёння гэта 41 дзіця ва ўзросце да 3 гадоў).

— Першачарговай для бацькоў, якія выхоўваюць дзіця з цяжкімі, множнымі парушэннямі ў фізічным і (або) псіхічным развіцці, з’яўляецца медыцынская рэабілітацыя ў надзеі на змяненні ў стане здароўя дзіцяці. Дапамога іншых спецыялістаў часта адыходзіць на другі план. Як правіла, па дапамогу да педагогаў бацькі звяртаюцца з трохгадовымі дзецьмі,  адзначае намеснік дырэктара цэнтра Таццяна Мышук.

Адбываецца сустрэча сям’і са спецыялістамі цэнтра (размовы, кансультацыі, скрынінг-дыягностыка). Далей кансіліум спецыялістаў вызначае актуальны ўзровень і зону найбліжэйшага развіцця дзіцяці, першачарговыя лініі развіцця (пры неабходнасці са спецыялістамі раённага ТЦСАН і дзіцячай паліклінікі). Наступны этап — складанне праграмы ранняй комплекснай дапамогі і ўключэнне бацькоў (і іншых членаў сям’і) у мерапрыемствы бацькоўскай гасцінай.

Цеснае супрацоўніцтва педагогаў са спецыялістамі дзіцячай паліклінікі і цэнтра сацыяльнага абслугоўвання дазваляе комплексна паглядзець на праблемы сям’і і знайсці дакладнае рашэнне.

— Разам са спецыялістамі цэнтра ранняга ўмяшання пры паліклініцы намі быў распрацаваны бланк накіравання для абследавання дзіцяці на ПМПК (адлюстроўвае від атрыманай дапамогі ў паліклініцы), — гаворыць Таццяна Міхайлаўна. — Гэты бланк мае адрыўны талон, які запаўнялі спецыялісты ­ЦКРНіР і перадавалі ў дзіцячую паліклініку для адсоч­вання далейшага маршруту аказання дапамогі. На жаль, не ўсе бацькі, якія атрымалі накіраванне, звярнуліся па дапамогу. Адна з прычын — пошук альтэрнатыўных форм дапамогі.

Калі ж з дзіцячай па­лі­клінікі паступае інфармацыя пра дзіця ранняга ўзросту, якое ўпершыню прызнана інвалідам, у сям’ю выязджаюць спецыялісты нашага ЦКРНіР і цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і запрашаюць бацькоў прайсці з дзіцем псіхолага-медыка-педагагічнае абследаванне. Па дасягненні малым трох гадоў на ПМПК будзе вызначаны яго далейшы адукацыйны маршрут.

Значную дапамогу ў гэтых пытаннях аказвае рэсурсны цэнтр спецыяльнай адукацыі па рабоце з дзецьмі з АПФР ва ўзросце ад 0 да 3 гадоў, які функцыянуе ў ЦКРНіР Маладзечна з 2013 года. Традыцыйнымі ў рабоце рэсурснага цэнтра сталі наступныя формы: дзень адкрытых дзвярэй, гульнявыя сеансы, падарожжы па займальных станцыях, майстар-класы, семінары-практыкумы, панарамы заняткаў.

Надзея ЦЕРАХАВА