Комплексная работа з тэкстам: як сфармiраваць функцыянальную дасведчанасць

- 14:10Образование, Портфолио

Настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 192 Мінска Ірына Даніленка комплексную работу з тэкстам выкарыстоўвае як сродак дыягностыкі, карэкцыі і планавання працэсу фарміравання чытацкай адукаванасці малодшых школьнікаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Чытацкія ўменні з’яўляюцца асновай фарміравання ў малодшых школьнікаў вучэбнай самастойнасці. Калі вучань не авалодаў уменнем вучыцца, то яму, хутчэй за ўсё, будзе цяжка кіраваць уласнай пазнавальнай дзейнасцю, спраўляцца з вялікім патокам інфармацыі на II ступені навучання, падыходзіць да яе выбіральна і ацэньваць крытычна, — адзначае Ірына Аляксандраўна.

Праверку сфарміраванасці чытацкіх уменняў малодшых школьнікаў напрыканцы кожнага раз­дзела падручніка “Літаратурнае чытанне” ў вучняў 2—4 класаў рэкамендуецца праводзіць з выкарыстаннем комплекснай работы з незнаёмым тэкстам. Для выканання работы Ірына Аляксандраўна загадзя рыхтуе індывідуальныя аркушы з тэкстам і заданнямі для кожнага вучня ў класе. Перад выкананнем заданняў яна звяртае ўвагу вучняў на спосабы фіксацыі правільных адказаў (дэманструе на дошцы). Звычайна педагог падбірае мастацкія тэксты (апавяданні, казкі), якія не ўвайшлі ў вучэбны дапаможнік. Пры адборы тэкстаў вызначальнымі крытэрыя­мі з’яўляецца адпаведнасць іх псіхалагічным і ўзроставым асаблі­васцям вучняў пачатковых класаў, адукацыйная, выхаваўчая і высокая мастацкая каштоўнасць.

Вучням прапаноўваюцца заданні на пошук інфармацыі, ра­зуменне прачытанага, выяўленне агульнай арыентацыі ў змесце тэксту; заданні на інтэграцыю і інтэрпрэтацыю інфармацыі; заданні на асэнсаванне і ацэнку інфармацыі з пункту гледжання ўласных маральных норм.

— Пры рабоце над заданнямі, накіраванымі на фарміраванне ўмення здабываць з тэксту інфармацыю, зададзеную ў яўным выглядзе, вучні павінны ўмець звяз­ваць істотныя дэталі пытання (шукаемая ўласцівасць, аб’ект, час, месца ці абставіны дзеяння) і адпаведныя дэталі тэксту. Гэта сувязь бывае як прамой, так і ўскоснай, што патрабуе ад вучня прымянення навыкаў катэгарызацыі. Для выканання заданняў гэтага тыпу вучань павінен “прабегчы” тэкст вачыма, вызначыць яго асноўныя элементы і пачаць пошук неабходнай інфармацыі. Такія заданні адносяцца да рэпрадукцыйнага ўзроўню чытацкай адукаванасці і звязаны з уменнем дзейні­чаць па ўзоры, — тлумачыць Ірына Даніленка. — Заданні, накіраваныя на фарміраванне ўмення інтэграваць і інтэрпрэтаваць паведамленне тэксту, маюць на ўвазе поўнае разуменне ўнутранага сэнсу тэксту. Для гэтага вучні павінны ўмець здабываць з тэксту інфармацыю, якая не паведамляецца напрамую, устанаўліваць схаваныя сэнсы, дадумваць і тлумачыць як асобныя фрагменты, так і цэлы тэкст, рабіць пры гэтым дапушчэнні і папаўняючы недаказанасці. Такая дзейнасць патрабуе цэлага шэрага разумовых дзеянняў. Гэтыя заданні адносяцца да прадукцыйнага ўзроўню чытацкай адукаванасці і звязаны з мысліцельнымі дзеяннямі аналізу і сінтэзу, для іх выканання патрабуецца ўвага да дэталей, схаваных фактаў, аўтарскіх намёкаў. Да творчага ўзроўню чытацкай адукаванасці адносяцца ўменні асэнсоўваць і ацэньваць змест тэксту. Як правіла, прадугледжваецца выхад за межы тэксту, апора на жыццёвы вопыт чытача, не звязаны з тэкстам. Гэтая група чытацкіх уменняў мае даволі выяўлены камунікатыўны склад і звязана з адпаведнымі ўніверсальнымі вучэбнымі дзеяннямі.

Алгарытм распрацоўкі комп­лекснай работы з тэкстам выглядае так: адбор літаратурнага ма­тэрыялу; складанне скарбонкі слоў да тэксту; складанне пытанняў па змесце тэксту; разбіўка пытанняў на ўзроўні вучэбнай дзейнасці і ўзроўні сфарміраванасці чытацкіх уменняў; вызначэнне колькасці балаў за заданні; разбіўка пытанняў па варыянтах.

Заданні да тэксту Якуба Коласа “Ластаўкі”, 3 клас:

1.Выпішы словы, якімі аўтар апісвае песеньку ластаўкі.

2.Дзе Пятрусь зрабіў новае гняздо для ластавак? Абвядзі лі­тару з правільным адказам: а) на слупе; в) на версе гумна; б) на гарышчы дома; г) на страсе хлява.

3.Навошта Антось спароў гняздо? Абвядзі літару з правільным адказам: а) хлопчыку было цікава паглядзець на малых; б) каб зрабіць злое Петрусю; в) каб навучыць маленькіх ластавак лётаць; г) каб выпусціць ластавак на вуліцу.

4.Прачытай прыказку. Выпішы з тэксту словы, якія падыходзяць пад яе сэнс. (І ў вераб’я ёсць сэрца.)

5.Паразважай, якое шчасце даў Пятрусь ластаўкам.

Пры навучанні выканання заданняў педагог складае і абмяркоўвае з вучнямі план дзеянняў па пошуку інфармацыі ў тэксце. Ён складаецца вусна ці фіксуецца на дошцы: што патрабуецца ў заданні; што я павінен зрабіць, каб выканаць заданне; як я буду гэта рабіць; якім будзе адказ; як я яго запішу. Пасля выканання работы педагог высвятляе цяжкасці ў вучняў, даведваецца што атрымалася лягчэй за ўсё.

— З дапамогай дыягнастычных заданняў вырашаюцца задачы па вызначэнні ўзроўню сфарміраванасці УВД кожнага вучня на розных этапах навучання, адсоч­ваецца індывідуальная дынаміка руху дасягнення метапрадметных адукацыйных вынікаў, вучэбны пра­цэс арганізоўваецца з улікам магчымасцей кожнага вучня, — адзначае Ірына Даніленка.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Здымак з архіва рэдакцыі выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі