Як прымусіць ідэю працаваць? Спачатку трэба знайсці людзей, якія яе зразумеюць і прымуць. А пасля можна прыступаць да рэалізацыі. Мы запусцілі новы праект: на партале “Педагагічнай прэсы” з’явілася рубрыка “Клуб “Крыштальны журавель”.

Ідэя ўзнікла падчас пасяджэння клуба “Крыштальны журавель”. Некалькі тыдняў яна проста сядзела ў галаве, а пасля была агучана ў кабінеце дырэктара Выдавецкага дома “Педагагічная прэса”. Яе падтрымалі і кіраўнік, і яго першы намеснік. Мы натхніліся і запрасілі на сустрэчу старшыню і членаў клуба, каб абмеркаваць дэталі новага сумеснага праекта, сэнс якога ў метадычным суправаджэнні педагогаў.
Тады мы дамовіліся, што ў новай рубрыцы з’явяцца ўрокі, майстар-класы, сцэнарыі мерапрыемстваў членаў клуба. Так мы зможам не толькі папулярызаваць дзейнасць клуба, але і стаць платформай для абмену перадавым педагагічным вопытам. Метадычныя матэрыялы заўсёды запатрабаваны ў педагагічнай грамадскасці. А такіх мэтраў, якія ўваходзяць у клуб, вывучаюцца ў першую чаргу. Гэтыя педагогі заўсёды на перадавой, яны першыя апрабуюць новыя методыкі і тэхналогіі, распрацоўваюць свае падыходы да іх рэалізацыі, а затым вучаць сваіх калег.
“Такі фармат узаемадзеяння пашырыць прафесійныя магчымасці даўніх членаў клуба і паслужыць стымулам для тых, хто да нас далучыўся нядаўна. Абмен педагагічным вопытам неабходны ўсім прадстаўнікам настаўніцкай грамадскасці, бо гэта заўсёды крок наперад у рэалізацыі прафесійных задум і агульнай справе па павышэнні якасці адукацыі нашых вучняў”, — адзначыў тады старшыня клуба настаўнік інфарматыкі Лошніцкай раённай гімназіі Барысаўскага раёна Іван Якіменка.
А цяпер мы з гордасцю паведамляем, што ідэя запрацавала! І калі вы клікнеце на партале nastgaz.by на “Клуб “Крыштальны журавель”, то знойдзеце арыгінальныя распрацоўкі прызнаных мэтраў айчыннай методыкі.
Напрыклад, праект настаўніцы пачатковых класаў намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Оршы Святланы Емяльянавай-Раманоўскай, якая прадставіла пазакласнае мерапрыемства з выкарыстаннем прыёмаў мнематэхнікі.
Або міжпрадметны, насычаны і дынамічны ўрок па інфарматыцы для 9 класа, які распрацавалі настаўніцы інфарматыкі Вольга Счасновіч (Варатынская сярэдняя школа Бабруйскага раёна) і Святлана Пузіноўская (сярэдняя школа № 4 Дзяржынска).
Алена Гарбар, класны кіраўнік 5 класа сярэдняй школы № 42 Мінска, дзеліцца інтэрактыўнымі метадамі для работы з дзіцячым калектывам. А настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 7 Калінкавіч Вольга Афанасьева дае майстар-клас “Выкарыстанне сродкаў візуалізацыі на ўроках інфарматыкі для развіцця інфармацыйна-аналітычных уменняў вучняў”.
Падчас планавання дзейнасці клуба “Крыштальны журавель” на 2024 год была агучана скразная тэма “Удасканаленне прафесійнай кампетэнтнасці настаўніка па пытаннях развіцця і выхавання асобы навучэнца”, у межах якой настаўнікі працуюць над вырашэннем праблемных педагагічных сітуацый, а мы чакаем актуальных распрацовак, парад і прапаноў, каб сфарміраваць новую метадычную скарбонку.





