22 красавіка ў 4-й слонімскай школе імя П.І.Батава штогод свята. У гэты дзень у 1965 годзе адкрыўся школьны музей рэвалюцыйнай і баявой славы, які мае ганаровае званне народнага, носіць імя аднаго з яго стваральнікаў: Аляксандра Сямёнавіча Жукоўскага. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Генеральскае званне школы
Хто не ў курсе “батаўскай тэмы” ў школе, можа падумаць: і пры чым тут генерал?.. Але ж дух займае і ў скептыкаў, калі ў музеі, у вітрыне за шклом, бачаць парадны кіцель генерала арміі П.І.Батава з мноствам узнагарод. Падарунак ад Паўла Іванавіча, двойчы Героя Савецкага Саюза. Бюст генерала ўстаноўлены ў музеі: як знак удзячнасці ад нашчадкаў. Да таго ж знакаміты военачальнік і сам спрычыніўся да таго, каб музей у 4-й школе Слоніма адкрыўся да 20-годдзя Перамогі. Асноўную ж работу па яго стварэнні, зборы матэрыялаў зрабілі настаўнік гісторыі Аляксандр Жукоўскі і яго паплечнік, былы партызан і франтавік, тагачасны дырэктар школы Міхаіл Трафімовіч. У інтэрнэце ёсць успаміны Міхаіла Георгіевіча пад назвай “Трагедия войны глазами учителя”.
У вестыбюлі музея, пры ўваходзе, бачым партрэты А.Жукоўскага і М.Трафімовіча: “Гэтыя два настаўнікі, рупліўцы — сапраўдныя стваральнікі: вельмі шмат зрабілі, каб музей быў адкрыты, — расказвае Марыя Зенава, якая цяпер кіруе музеем. — Асобны будынак пад яго тут — з 1989 года: тры вялікія залы, цяпер больш за 8500 экспанатаў, амаль 300 квадратных метраў…” Аповед пра тое, як усё ўдалося зрабіць-прабіць, апускаю. Адно згадаем: цяперашні будынак 4-й школы ўзвялі ў 70-я гады. І ўжо ў 1974-м у двары школы адкрылі ўрачыста, з вялікай колькасцю гасцей помнік-самалёт: мемарыяльны знак у гонар воінаў-вызваліцеляў 199-й штурмавой Слонімскай Чырванасцяжнай дывізіі. А стала школа імянной — генеральскай! — адна з першых у Слоніме: у 1985 годзе, праз 11 дзён пасля сыходу героя-генерала.
Марыя Зенава, хоць і працуе на музейнай пасадзе менш за два гады, але сама слонімская, вучылася ў 4-й школе, пасля філфака БДУ вярнулася сюды выкладаць беларускую мову і літаратуру. А.Жукоўскага ведала: хоць і не ўваходзіла ў савет музея, “але ж практычна ўсіх вучняў ён далучаў да гэтай працы, ніхто не заставаўся ўбаку. Аляксандр Сямёнавіч да скону трымаў абарону на бастыёне памяці: 30 гадоў кіраваў музеем. Яго не стала ў 1995-м”.
Аднак вернемся да генерала: чаму імя Паўла Батава прысвоена школе?
“Дзецям, расказваючы пра тое, называю тры важкія прычыны, — працягвае Марыя Зенава. — Па-першае, у верасні 1939 года ён камандаваў адным са стралковых карпусоў, калі быў так званы Польскі паход Чырвонай Арміі, калі адбылося ўз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі. А Слонім, як вядома, у заходняй частцы краіны. Па-другое, у 1944 годзе генерал Батаў камандаваў 65-й арміяй, якая вызваляла ў той час Заходнюю Беларусь ад захопнікаў. І, па-трэцяе, перапіска ў Аляксандра Жукоўскага з Паўлам Батавым была. І ён, генерал арміі, двойчы Герой, непасрэдна браў удзел у стварэнні музея: аказваў настаўнікам са Слоніма дапамогу і падтрымку. Яго аўтарытэт быў велізарны, і многія дзверы перад ім, як кажуць, расчыняліся”.
Подзвіг пры фарсіраванні Шчары
Збіраючы матэрыялы пра вызваленне Слоніма, А.Жукоўскі раскапаў факт: летам 1944 года пры фарсіраванні Шчары быў здзейснены подзвіг — і больш як на 20 гадоў забыты. Яфрэйтар Мікалай Мірошнік у наступальным баі закрыў сваім целам амбразуру варожага кулямёта: паўтарыў подзвіг Аляксандра Матросава.
“Дзеці ў музеі часам, калі чуюць пра гэта, глядзяць на партрэт героя, пытаюцца: а можа, яго хто падштурхнуў… — расказвае Марыя. — Ды не, дакладна ўстаноўлена, што 19-гадовы юнак свядома сваім жыццём ахвяраваў. Наступаючы, ён бачыў сітуацыю: альбо загінуць усе яго таварышы пад знішчальным агнём, альбо… І вось так Мікалай выратаваў жыцці тых, хто наступаў разам з ім… Герой пахаваны ў Слоніме на брацкіх могілках. Жукоўскі, устанавіўшы факт подзвігу, звярнуўся да Батава з просьбай аднавіць справядлівасць. І Павел Іванавіч прыняў самы дзейсны ўдзел у гэтым. Дзякуючы ў тым ліку і яго намаганням, 15 лютага 1968 года герой быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені”.
У Слоніме ёсць вуліца Мікалая Мірошніка. У музеі зберагаюцца лісты з украінскага сяла Должык, што непадалёк Харкава. Краязнаўцы знайшлі тады адрас родных сясцёр героя, ім напісалі. Сёстры даслалі фотаздымак: адзіны і застаўся. І ў Слоніме мастакі па ім зрабілі партрэт Мікалая Мірошніка.
Галоўны герой музея. І яго паплечнік
Чарговая ўрачыстасць, якая пройдзе 22 красавіка ў школе, — гэта і старт праектам, прымеркаваным да 60-годдзя музея, да 80-годдзя Перамогі. Дарэчы, і 4-я школа ў Слоніме адкрылася ў пераможным 1945-м, рыхтуецца да 80-гадовага юбілею. У школе чарговы раз аддаюць даніну павагі стваральнікам музея: Аляксандру Жукоўскаму і Міхаілу Трафімовічу. З 1999 года (25 гадоў!) носіць ён імя першага кіраўніка: не стала яго ў 1995-м, яго верны паплечнік Міхаіл Георгіевіч памёр у 2023-м. Можа, ёсць сэнс абодва імені паставіць побач? 35 гадоў Трафімовіч працаваў у сістэме народнай асветы, у тым ліку 5 гадоў кіраваў Слонімскім райана, 25 — на пасадзе дырэктара 4-й школы. Ушанаваны званнем “Заслужаны настаўнік БССР”, ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі. Выдатнік асветы БССР і СССР. Зрэшты, думаю, і без нашай падказкі на Слонімшчыне ўшануюць памяць пра героя-педагога, у якога хутка — нарадзіўся М.Трафімовіч у 1926 годзе — 100-гадовы юбілей.
Узяўшы на сябе велізарны груз гістарычнай памяці, сябры-педагогі разумелі: трэба паспець зберагчы сведчанні пра падзеі мінулага: успаміны, рэчы, дакументы, фотаздымкі… Праз рэчы, праз “партал” музея і наша свядомасць можа пранікаць у час, які сышоў. А рэчы ж нясуць на сабе адбітак часу, здольныя выклікаць эмацыянальны водгук, асацыяцыі, даваць штуршок для роздуму. Для пашырэння свядомасці, для росту душы.
Разглядваючы экспанаты і творы мастацтва (у фондах больш за 100 арыгінальных работ, у тым ліку і такіх прызнаных майстроў, як Міхаіл Савіцкі, Павел Масленікаў, Заір Азгур, Аляксей Глебаў, Леў Гумілеўскі…), я спрабаваў паглядзець на ўсё вачыма стваральнікаў: чаму важна ў школе мець музей? Каб разумець, што мы сёння маем і як гэта ўсё няпроста далося. І якое разнастайнае жыццё ўвогуле. Бо, па сутнасці, увесь працэс навучання-выхавання ў школе можна сабе ўявіць як вялікую экспедыцыю. Пад кіраўніцтвам педагогаў школьнікі наступаюць, заходзяць на нязведаныя тэрыторыі — вытанчаюць розум, высвятляюць патаемныя мясціны ўласнай душы. Нібы вызваляюць прытым саміх сябе ад невуцтва і бескультур’я, ад прыхаваных страхаў, ілюзій, скажоных уяўленняў. І распрацоўваюць пустэльні, часам дзікія ды змрочныя, уладкоўваюць і напаўняюць іх новымі вобразамі, сэнсамі, зместам. Так паступова праяўляецца непраяўленае: мы пазнаём не толькі свет, у якім жывём, але ж і той велізарны свет, які ўнутры кожнага з нас.
Яны шмат паспелі зрабіць!
“Я заўсёды кажу: Аляксандр Сямёнавіч Жукоўскі — галоўны герой гэтага музея, — аддае даніну павагі папярэдніку Марыя Зенава. — Музей адкрыўся ў 1965 годзе, але было ўжо столькі назбірана ім, каб гэта зрабіць! І ўсё па гарачых слядах: ветэраны прыходзілі ў школу, дзяліліся ўспамінамі, карэкціравалі кірункі пошуку. А.Жукоўскі трапіў на патрэбную хвалю, калі ў СССР пачалі больш гаварыць пра вайну. Як гісторык зрабіў правільны акцэнт: зберагчы гэтую памяць і перадаць нашчадкам”.
Прадаўжэнне традыцый
“Ад пачатку работы музея складваліся, прадаўжаюцца традыцыі папаўнення яго фондаў, выкарыстання матэрыялаў, — гаворыць Марыя Зенава. — У 1969 годзе на базе музея і школы прайшла ўсесаюзная нарада, прысвечаная патрыятычнаму выхаванню моладзі. Да нас і цяпер прыязджаюць экскурсіі: з усёй Беларусі, з Расіі. На сайце школы ёсць нумар майго мабільніка — дамаўляемся з тым, хто хоча тут пабываць. І ў суботу, нядзелю я на сувязі. Сын тут вучыцца ў 6 класе, таксама ў тэме, як я кажу, і мы жывём побач. І мяне разумее мама, падстрахуе заўсёды: трэба — значыць трэба”.
З традыцый музея згадаем 19 лютага: у дзень нараджэння Аляксандра Жукоўскага ў школе праходзіць імпрэза-бенефіс у гонар педагогаў пад назвай “Яны стваралі гісторыю: А.С.Жукоўскі і М.Г.Трафімовіч”. Займальная квест-гульня “Музейнае арыентаванне” штогод праходзіць 20 кастрычніка. Цяпер актывісты музея, сябры яго савета рыхтуюцца паўдзельнічаць у акцыі “Ад помніка да помніка”, праходзіць яна 8 мая. А 19 мая ў музеі штогод ва ўрачыстай атмасферы школьнікаў прымаюць у піянеры.
Згадаем і штогадовы школьны конкурс “Батавец года”, па выніках якога пераможцам уручаюцца ганаровыя граматы.
“Матэрыялы актыўна выкарыстоўваюцца на ўроках гісторыі, на ўроках мужнасці, на іншых імпрэзах, — адзначае Марыя Зенава. — Для даследчых работ на розныя конкурсы бяром запісы ўспамінаў, лісты ветэранаў. Яны зберагаюцца ў файлах: каб менш заціраліся і разбураліся”.
Электроннага каталога ў музеі пакуль няма. Ёсць строгая сістэма захоўвання матэрыялаў, іх выдачы для работы, папаўнення. Да справы далучаны і сябры савета музея, у якім 25 чалавек з розных класаў: “У асноўным старшакласнікі. Створаны механізм пераемнасці: выпускаецца 11 клас — і савет папаўняюць новыя актывісты, пачынаючы з 7 класа. Найперш да работы далучаем тых, каму гэта цікава, у каго да музейнай справы ляжыць сэрца. Вучні, бывае, задаюць пытанні: калі трэба дапамога, то якая? І я прашу, напрыклад, зрабіць даклад, нейкае паведамленне, падрыхтавацца і правесці экскурсію. Ёсць моцны касцяк актывістаў, на якіх у любы момант можна разлічваць, у любой сітуацыі. З ліку такіх Кірыл Ерамейчык з 11 класа: ён актыўны, дасведчаны. Можа цікава расказаць пра розныя экспанаты, па зонах музея, у прыватнасці, пра генерала П.І.Батава. Юнак займаецца даследчай работай, заваёўваў прызавыя месцы на розных конкурсах, у тым ліку на абласным узроўні”.
Пра іншыя кірункі работы музея, цікавыя даследчыя работы і саміх юных даследчыкаў, асобныя фрагменты з экспазіцыі — раскажам іншым разам.
Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара і з архіва музея