Сярод будынкаў у новым мікрараёне Слоніма здалёк вылучаецца адзін, да якога кожную раніцу спяшаюцца мамы з татамі і дзеці. Гэта дзіцячы сад № 1, які быў адкрыты напрыканцы мінулай восені. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
На прыкладзе дарослых
Дзіцячы сад № 1 Слоніма разлічаны на 190 месцаў. У ім працуюць 10 груп, 3 з якіх ясельныя.
“У нашым садзе ёсць усё неабходнае для рознабаковага развіцця дашкольнікаў, — запэўніла загадчыца дзіцячага сада Галіна Трубіла. — Кабінеты яшчэ дапаўняюцца дадатковым абсталяваннем, але і тыя дыдактычныя матэрыялы, якія ў нас ёсць, дазваляюць праводзіць заняткі на высокім узроўні”.
У дашкольнай установе з дня адкрыцця працуюць басейн, камп’ютарны і музычны класы, а таксама спартыўная зала. На кожным паверсе сцены маюць тэматычнае афармленне, а на калідорах абсталяваны пляцоўкі для навучання гульням у шашкі і шахматы.
“Мы не толькі імкнёмся да таго, каб інтэлектуальна развіваць малышоў, але і стараемся прывіваць ім навыкі здаровага ладу жыцця, — сказала Галіна Трубіла. — Менавіта таму ў двары размясціліся пляцоўкі для гульні ў баскетбол, валейбол. Таксама ў нас ёсць шматфункцыянальная пляцоўка для вывучэння правіл дарожнага руху”.
Стварэнне развіццёвага асяроддзя ва ўстанове дапамагае выхавальнікам забяспечваць гарманічнае развіццё малышоў, падтрымліваць станоўчую эмацыянальную атмасферу ў групах. Усе кабінеты аснашчаны вялікай колькасцю цацак, якія падбіраліся згодна з узростам малых. Выхаванцы імкнуцца да самастойнасці, пераймаюць паводзіны і звычкі дарослых, таму ў кожнай групе створаны разнастайныя сюжэтна-ролевыя гульні і неабходнае прадметна-развіццёвае асяроддзе. Фарміраваць гарманічную асобу дашкольніка дапамагаюць у тым ліку настольныя гульні, менавіта таму педагогі дзіцячага сада актыўна далучаюць дзетак да гэтай захапляльнай
дзейнасці.
Урок-тэатр
Адметным па сваім напаўненні з’яўляецца пакой патрыятычнага выхавання. У ім дашкольнікі далучаюцца да культурных каштоўнасцей і традыцый беларускага народа, вывучаюць звычаі беларусаў, даведваюцца пра гісторыю роднага горада і краіны.
Вялікае значэнне ў развіцці дзяцей педагогі дзіцячага сада надаюць LEGO-тэхналогіям. Прымяненне канструктара ў вучэбным працэсе дапамагае выхавальнікам праводзіць карэкцыю з максімальным псіхалагічным і эмацыянальным камфортам. Дзякуючы LEGO, работа з дашкольнікамі становіцца больш дзейснай.
“Створаныя канструкцыі з LEGO можна выкарыстоўваць у гульнях-тэатралізацыях, у якіх змест, ролі, гульнявыя дзеянні абумоўлены сюжэтам таго ці іншага літаратурнага твора або казкі”, — дадае Г.Трубіла.
Акрамя заняткаў з LEGO, дзеці любяць фізкультуру. Яшчэ на этапе будаўніцтва новага сада планавалася, што і на вуліцы, і ў самім будынку для заняткаў спортам будзе выдзелена вялікая прастора. Дарэчы, ідэі, як гэта ўвасобіць на практыцы, загадчыца ўстановы запазычыла ва ўстановах дашкольнай адукацыі Мінскай вобласці. Галіну Аляксееўну вельмі натхніў прыклад дзіцячага сада № 6 Фаніпаля.
“Я ездзіла і глядзела, якімі на Міншчыне атрымаліся новыя дзіцячыя сады, якая ў іх матэрыяльна-тэхнічная база”, — дзеліцца вопытам педагог.
Дзякуючы ўдаламу падыходу, сёння на тэрыторыі сада знаходзяцца гульнявыя і фізкультурная пляцоўкі, а сучасная спартыўная зала абсталявана мноствам неабходных трэнажораў, інвентаром. Вельмі любяць дзеці і заняткі ў басейне, дзе іх вучаць плаваць. Тэмпература вады ў ім адпавядае нормам і складае +30 °С.
“У нас многа інтэрактыўных развіццёвых пляцовак, і я ўпэўнена, што, працуючы на іх, нам удасца падрыхтаваць дзетак для далейшага навучання ў школе, зрабіць малышоў пісьменнымі, інтэлектуальна і фізічна развітымі”, — падкрэсліла Г.Трубіла.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА