У апошнія гады лічбы прыёму ў Акцябрскі дзяржаўны каледж, які рыхтуе хлебаробаў і работнікаў для сферы абслугоўвання, нязменна растуць. У новым навучальным годзе тут плануецца набраць 84 абітурыенты. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Выбраць спецыяльнасць
У маі мінулага года Акцябрскі дзяржаўны каледж адзначыў 60-гадовы юбілей. За гэты час на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі тут набылі прафесію больш за 20 тысяч выпускнікоў. Каледж не раз мяняў назвы, рэарганізоўваўся, але на працягу свайго існавання нязменна рыхтаваў трактарыстаў для сельскай гаспадаркі і вадзіцеляў. Акрамя таго, у сценах установы адукацыі моладзь дзясяткі гадоў набывае прафесію электрагазазваршчыка, слесара, прадаўца і кухара.
— Сёння ў нас вучацца 233 дзяўчыны і юнакі. На працягу трох гадоў каледж вядзе падрыхтоўку кваліфікаваных рабочых па трох блоках спецыяльнасцей. Абітурыенты, якія выбіраюць “Гандлёвае абслугоўванне” і “Абслугоўванне і выраб прадукцыі ў грамадскім харчаванні”, атрымліваюць адначасова некалькі кваліфікацый: “прадавец 4-га разраду”, “кухар 3-га разраду”. Тыя, хто вырашыў адначасова асвоіць такія спецыяльнасці, як “Эксплуатацыя, рамонт і абслугоўванне аўтамабіляў”, “Зварачныя работы”, “Эксплуатацыя і рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі”, становяцца вадзіцелямі аўтамабіля катэгорыі С, электрагазазваршчыкамі 3-га разраду і трактарыстамі-машыністамі сельскагаспадарчай вытворчасці катэгорыі С, D, — расказвае пра ўстанову адукацыі дырэктар Ірына Антонік. — Трэці блок спецыяльнасцей, куды ўваходзяць “Эксплуатацыя, рамонт і абслугоўванне аўтамабіляў” і “Эксплуатацыя і рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі”, прадугледжвае атрыманне прафесіі вадзіцеля катэгорыі С, трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці катэгорый С, D, F і слесара па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання 3-га разраду.
Сярод навучэнцаў каледжа жыхары наваколля, а таксама юнакі і дзяўчаты з Гомельскага, Бабруйскага, Жыткавіцкага, Петрыкаўскага, Светлагорскага раёнаў. На працягу першага курса яны актыўна вывучаюць прадметы агульнаадукацыйнага і прафесійнага кампанента, у канцы года ў іх пачынаецца вытворчае навучанне.
Набыць навыкі
— Напрыклад, дзяўчаты, якія асвойваюць прафесіі кухара і прадаўца, на першым курсе праходзяць вытворчае навучанне на нашай кухні або ў сталовых устаноў адукацыі раёна, Акцябрскім філіяле Гомельскага спажывецкага таварыства, а ў канцы другога курса адпраўляюцца практыкавацца на некалькі месяцаў у сталовыя тых прадпрыемстваў і ўстаноў адукацыі, якія бліжэй да іх дома. На 1—2 курсах будучыя прадаўцы практыкуюцца таксама ў гандлёвых кропках, — удакладняе Ірына Рыгораўна.
Будучыя трактарысты, электрагазазваршчыкі, слесары на 1 курсе элементарныя практычныя навыкі атрымліваюць у лабараторыях і майстэрнях каледжа, а затым адточваюць іх на мехдвары або ў вучэбнай гаспадарцы. Дарэчы, на 46 га тут пры непасрэдным удзеле старшакурснікаў вырошчваюць збожжавыя культуры, бульбу, моркву, буракі, капусту. Напрыклад, пры апрацоўцы бульбы хлопцы набываюць навык работы на сельскагаспадарчай тэхніцы, вучацца працаваць з плугам, культыватарам, саджалкай, бульбакапалкай. Увогуле, машынна-трактарны парк складаецца з 10 трактароў, 8 вучэбных аўтамабіляў, 2 камбайнаў і набору сельскагаспадарчай тэхнікі. Ёсць таксама аўтадром і трактарадром.
Працаўладкаваць сваіх выпускнікоў кіраўніцтва каледжа стараецца па месцы іх жыхарства, таму на 3 курсе падчас вызначэння з месцам праходжання вытворчай практыкі ў першую чаргу разглядаюцца тыя варыянты сярод заказчыкаў кадраў, якія аптымальна адпавядаюць гэтаму параметру.
— На працягу апошняй практыкі ў хлопцаў і дзяўчат ёсць магчымасць праявіць сябе, азнаёміцца з умовамі працы, калектывам, ды і кіраўніцтву прадпрыемства хапае некалькіх месяцаў, каб прыгледзецца да патэнцыяльнага работніка, ацаніць узровень яго ведаў і ўменняў, — тлумачыць Ірына Антонік. — Сёлета 45% нашых выпускнікоў застануцца ў Акцябрскім раёне. На іх ёсць запыт сярод сельгаспрадпрыемстваў, мясцовага райспажыўтаварыства, устаноў адукацыі. Астатнія 55% наваспечаных работнікаў будуць працаўладкаваны на прадпрыемствы па месцы жыхарства. Сёння нашы выпускнікі запатрабаваны ў суседніх Жлобінскім, Светлагорскім, Петрыкаўскім, Глускім раёнах, а таксама ў Мінскай вобласці. Заказчыкі кадраў зацікаўлены ў электрагазазваршчыках, трактарыстах-машыністах, слесарах па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання, вадзіцелях аўтамабіляў, кухарах, прадаўцах.
Усялякі вопыт — на карысць
У вольны ад вучобы час моладзь з задавальненнем наведвае аб’яднанні па інтарэсах. Дзяўчынкі ў асноўным займаюцца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю, танцуюць, удзельнічаюць у мастацкай самадзейнасці. А юнакі наведваюць спартыўныя секцыі па валейболе, футболе, настольным тэнісе, захапляюцца тэхнічнай творчасцю. Ёсць у каледжы і валанцёрскі атрад “Клопат”, які аказвае дапамогу ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і ветэранам працы каледжа.
Навучэнцы і выкладчыкі штогод удзельнічаюць у творчых і прафесійных конкурсах. Летась работы навучэнцаў сталі ўладальнікамі трох дыпломаў I ступені і пяці дыпломаў II ступені ў абласным этапе рэспубліканскага агляду інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі. Таксама ў рэгіянальным конкурсе прафесійнага майстэрства па кампетэнцыі “Эксплуатацыя сельскагаспадарчых машын” як лепшы араты дыпломам II ступені быў узнагароджаны навучэнец Арцём Крук.
Навучэнцы школ на працягу двух гадоў па суботах асвойваюць у каледжы прафесію слесара па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання, а таксама кухара 3-га разраду.
Дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву ўстановы з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Акцябрскага райвыканкама, у вучняў ёсць магчымасць паўдзельнічаць у праекце па другаснай занятасці падчас канікул і крыху падзарабіць, займаючыся добраўпарадкаваннем тэрыторыі, выконваючы нескладаныя рамонтныя работы. Дарэчы, у сакавіку гэтага года 10 юнакоў і дзяўчат, удзельнічаючы ў добраўпарадкаванні тэрыторыі на вясновых канікулах, ужо змаглі зарабіць па 148 рублёў. У маі 30 чалавек зоймуцца вырабам драўлянага плота для абгароджвання тэрыторыі каледжа і папоўняць свой бюджэт на 119 рублёў. Такая ж магчымасць прадаставіцца навучэнцам і падчас летніх канікул. У чэрвені запланавана работа рамонтна-працоўных брыгад, атрадаў па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі, рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі. А ў ліпені, у лагеры працы і адпачынку з кругласутачным знаходжаннем, юныя работнікі змогуць атрымаць за сваю працу па 126 рублёў.
Кожны год сярод выпускнікоў каледжа ёсць тыя, хто, атрымаўшы дыплом, не спыняецца на дасягнутым і працягвае навучанне ва ўстановах вышэйшай адукацыі, у асноўным па выбраным профілі. Хлопцы, у прыватнасці, часцей за ўсё паступаюць у Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках.
Гістарычная даведка
У маі 1963 года было адкрыта сярэдняе прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 41. Асновай педагагічнага калектыву сталі 18 выпускнікоў Пінскага індустрыяльна-педагагічнага тэхнікума. Усе яны сваю працоўную дзейнасць звязалі з вучылішчам, пра што сведчыць адзіны запіс у іх працоўных кніжках. Спектр спецыяльнасцей установы адукацыі перыядычна абнаўляўся. Так, у 80-х гадах тут рыхтавалі лабарантаў хіміка-бактэрыялагічнага аналізу, аператараў машыннага даення. У 90-я гады былі адкрыты яшчэ тры новыя спецыяльнасці: “Швейная справа”, “Гаспадыня сядзібы”, “Кухар”.
Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара