Сёння паспяховасць чалавека вызначаецца не колькасцю набытай ім інфармацыі, а здольнасцю выкарыстоўваць яе для вырашэння жыццёвых задач у розных сферах дзейнасці, не шырынёй кола сяброў і знаёмых, а ўменнямі наладжваць сацыяльныя і асабістыя зносіны, адаптавацца ў соцыуме, ацэньваць вынікі сваёй дзейнасці.
Усе гэтыя якасці — паказчыкі функцыянальнай дасведчанасці, якая ўключае чытацкую, інфармацыйную, камунікатыўную і сацыяльную. Асновай для авалодання функцыянальнай дасведчанасцю з’яўляецца чытацкая — яна ў поўнай меры павінна быць сфарміравана ў пачатковых класах. Для павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў у гэтым кірунку з верасня 2021 года ў 55 установах адукацыі рэспублікі вядзецца актыўная работа па ўкараненні тэхналогіі мнагамернага чытання як дзейснага інструмента фарміравання функцыянальнай дасведчанасці. У рубрыцы “Педагагічная асамблея” мы прапануем карысныя распрацоўкі па гэтай актуальнай тэме, падрыхтаваныя ўдзельнікамі інавацыйнага праекта.
“Пастаўская гімназія — гэта садружнасць творчых педагогаў, мэтанакіраваных вучняў і спагадлівых бацькоў. Мы адзіныя ў сваім імкненні да пастаяннага самаразвіцця і самаўдасканалення, і менавіта гэта з’яўляецца залогам нашых поспехаў”, — так гаворыць аб сваёй установе адукацыі яе дырэктар Славамір Часлававіч Каранеўскі. І сапраўды, у гімназіі пануе атмасфера шчырасці і цеплыні, а настаўнікаў і вучняў аб’ядноўвае жаданне спазнаваць новае, адкрываць нязведанае. А дзе цікавасць — там і поспех. Таму і ў інтэлектуальнай, і ў творчай, і ў спартыўнай сферы гімназісты дасягаюць значных вынікаў, пра што сведчаць шматлікія ўзнагароды, атрыманыя ў алімпіядах, конкурсах, канферэнцыях, у тым ліку міжнародных. У рубрыцы “Энцыклапедыя “Школы Беларусі” калектыў Пастаўскай гімназіі дзеліцца эфектыўным вопытам метадычнай і вучэбна-выхаваўчай дзейнасці.
“Асабісты прыклад бацькоў” — тэма чарговай размовы ў рубрыцы “Бацькоўскі сход”.
…Мы з мужам усё жыццё сумленна выкладваліся — і на працы, і на дачы, і па гаспадарцы, а сын — гультай гультаём. Вучыцца дрэнна, спартыўную секцыю кінуў, смецце вынесці — і тое па дзесяць разоў трэба нагадваць. А кажуць: выхоўвайце асабістым прыкладам!
…Кожныя выхадныя я то на канцэрт, то ў музей, то ў тэатр. Дачку заўсёды з сабой запрашаю, але яна штораз прыдумвае розныя “важкія” прычыны, каб толькі застацца дома са сваім тэлефонам. Вось вам і выхаванне асабістым прыкладам!
…У мяне заўсёды шмат сяброў было — і ў школе, і ў інстытуце, і на рабоце, і нават па гаражы. А сын нейкім адзіночкам расце. Аднакласнікі яму нецікавыя, хлопцы з двара раздражняюць. Так што мой прыклад аказаўся цалкам дарэмным.
Асабісты прыклад бацькоў — альфа і амега сямейнага выхавання. І задача дарослых — не ставіць пад сумненне ісціны, правераныя часам, а аналізаваць прычыны збояў і зрабіць прыклад бацькоў сапраўды дзейсным інструментам выхавання.
У красавіцкім выпуску часопіса — агляд артыкулаў мінулых гадоў. Рэдакцыя вырашыла пагрузіць чытачоў у метадычную атмасферу 1940-х гадоў.
З чаго пачынаецца якасны ўрок? З глыбокага ведання настаўнікам свайго прадмета? З валодання найноўшымі методыкамі выкладання? Многія сучасныя педагогі адкажуць, што менавіта з гэтага. Але не толькі. Напрыклад, у 1940-х гадах акцэнт у сістэме адукацыі быў зроблены на развіцці высокай педагагічнай культуры. Яе аснову складае педагагічны такт — “уменне настаўніка падысці да ўсяго вучнёўскага калектыву ў цэлым і да кожнага асобнага вучня, якое базіруецца на агульным развіцці настаўніка, глыбокіх ведах асноў педагогікі і псіхалогіі, на яго любові да работы і дзіцячага калектыву, на яго чуласці і стрыманасці, на яго высокім ідэйным узроўні і актыўным удзеле ў грамадскім жыцці”. Артыкул заслужанай настаўніцы БССР з 12-й школы Мінска Р.Г.Барам “Аб педагагічным такце”, надрукаваны ў 1941 годзе, насычаны асабістымі прыкладамі, якія паказваюць, як педагагічная культура настаўніка ўплывае і на веды вучняў, і на адносіны да вучобы, і на іх далейшае развіццё.
Вялікую задачу савецкая школа бачыла і ў дапамозе сем’ям у справе выхавання дзяцей. “Школа нясе перад краінай вялікую адказнасць за выхаванне сваіх вучняў. Яна не можа адносіцца раўнадушна да бытавога ўкладу сям’і, у якой жыве вучань. Яна павінна ведаць сямейнае жыццё вучня і разумна дапамагчы савецкай сям’і стаць здаровым савецкім калектывам, без сямейных драм, бытавога разлажэння і разгільдзяйства, са здаровым бытам і рэжымам”, — пісаў аўтар артыкула “Сям’я і школа” М.Я.Лявіцкі.
Як бачым, амаль кожны артыкул часопіса мінулых гадоў мае сувязь з часам цяперашнім. І гэта зноў і зноў даказвае: мяняюцца пакаленні вучняў і настаўнікаў, мяняецца школа, але заўсёды павінны захоўвацца агульначалавечыя каштоўнасці, якія вызначаюць траекторыю развіцця і грамадства, і асобнай сям’і, і кожнага чалавека.
Святлана МАЗУРЫНА,
галоўны рэдактар