Вучні Павяцкай сярэдняй школы Міёрскага раёна трымаюць сувязь са сваякамі Героя Савецкага Саюза В.А.Бабічава, імя якога з мінулага года носіць установа адукацыі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Вучні і педагогі школы не адзін год займаліся пошукавай работай, вывучалі біяграфію і баявы шлях героя, знайшлі яго ўзнагароды і ўзнагародныя лісты, вялі перапіску з яго сваякамі.
У маі мінулага года каля Павяцкай школы ва ўрачыстай абстаноўцы была адкрыта мемарыяльная стэла ў гонар Віктара Аляксеевіча Бабічава. Памятны знак з адпаведнай інфармацыяй з’явіўся ў 2022 годзе і на месцы апошняга яго бою ў вёсцы Тычкі Міёрскага раёна. Сродкі на гэта выдзеліў Павяцкі сельскі выканкам.
— Экспазіцыя “Баявы шлях Героя Савецкага Саюза В.А.Бабічава” займае ганаровае месца ў фае школы. Тут размешчаны матэрыялы, сабраныя калектывам установы за апошнія гады, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце настаўніца гісторыі Алена Вячаславаўна Баршчэўская. — Бачым баявыя ўзнагароды Віктара Аляксеевіча: медаль “Залатая Зорка”, ордэн Леніна, ордэн Славы 2-й і 3-й ступені, медаль “За адвагу”. За подзвіг, здзейснены 5 ліпеня 1944 года ў баі каля вёскі Тычкі Міёрскага раёна, Віктар Бабічаў быў удастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза!
…4 ліпеня 1944 года батальёну 29-й стралковай дывізіі, у склад якога ўваходзіў 125-ы супрацьтанкавы дывізіён, была пастаўлена задача заняць вёску Павяцце і перарэзаць чыгунку Варапаева — Друя. 5 ліпеня артылерысты выйшлі на абазначаны рубеж, аднак каля вёскі Тычкі савецкім салдатам у тыл ударылі немцы, якія адступалі з боку Міёр. Гарматны разлік старшыны Бабічава пад моцным агнём праціўніка знішчыў аўтамашыну, чатыры матацыклы, два станковыя кулямёты, 50 нямецкіх салдат і афіцэраў. Калі скончыліся снарады, гарматны разлік уступіў у няроўны рукапашны бой з фашыстамі. Бабічаў асабіста знішчыў пяць нямецкіх салдат і афіцэра. Захапіў нямецкі кулямёт і, будучы цяжка параненым, з перабітай нагой заставаўся ў страі да канчатковага адбіцця контратакі праціўніка.
У артылерыста ў гэтым баі была практычна раздроблена нага, яму давялося лячыцца ў ваенным шпіталі да снежня 1944 года, а затым дома пасля дэмабілізацыі. Усё далейшае жыццё героя прайшло ў Ахтубінску Астраханскай вобласці, адкуль ён і паходзіў. Памёр Віктар Бабічаў 13 кастрычніка 1980 года.
* * *
— У Бабічава засталіся два ўнукі: Сяргей і Алена (іх мы не знайшлі), затое наладзілі сувязь з Пятром Гужвіным, траюрадным пляменнікам Бабічава, які пражывае ў расійскім Ахтубінску. Ён даслаў інфармацыю пра Віктара Аляксеевіча, — адзначае Алена Вячаславаўна.
Ліст Пятра Гужвіна да школьнага калектыву быў зачытаны 12 мая 2023 года ў дзень адкрыцця памятнай стэлы Віктару Бабічаву. У ім ёсць такія словы: “Мы — астраханцы, нашчадкі Героя Савецкага Саюза Бабічава Віктара Аляксеевіча, звяртаемся да вас, жыхароў Павяцця і навучэнцаў мясцовай школы, са словамі падзякі за ўвекавечанне памяці нашага дзеда”.
Па ўспамінах родных, Віктар Аляксеевіч не расказваў пра вайну, быў вельмі сціплым чалавекам, шмат працаваў, выхоўваў сыноў і ўнукаў, дапамагаў сёстрам.
Ён быў проста дзядулем, добрым, мудрым, уважлівым. Але родныя заўсёды ведалі, што ён — герой! І для іх сапраўдны гонар, што яго імя залатымі літарамі ўпісана ў гісторыю Астраханскай вобласці, Савецкага Саюза, Расіі і Беларусі.
Знайшліся і лісты Кацярыны Іванаўны Гужвінай на фронт старэйшаму брату Віктару Аляксеевічу Бабічаву. Ён вярнуўся з лістамі з вайны, таму яны захаваліся. У іх — гордасць за Віктара і наказ вярнуцца дадому з перамогай.
* * *
— Наша школа, дзякуючы мерапрыемствам, прысвечаным Бабічаву, стала вядомай у раёне і вобласці, — працягвае аповед Алена Вячаславаўна. — У верасні 2023 года ў Міёрскі раён прыехала дэлегацыя з Себежскага раёна Расіі і прапанавала супрацоўніцтва з мясцовай Кузняцоўскай агульнаадукацыйнай школай для абмену вопытам па грамадзянска-патрыятычным і ваенна-патрыятычным выхаванні. Падрыхтоўка да мерапрыемстваў, звязаных з прысваеннем школе імя героя, акцэнт на ваенна-патрыятычнай рабоце далі вучням магчымасць умацаваць сувязі з Полацкім пагранічным атрадам. Наша выпускніца Хрысціна Рынкевіч нават паступіла ў Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. Некаторыя выпускнікі ўсвядомлена прайшлі тэрміновую службу ў органах пагранічнай службы, у іх ліку быў і мой сын Вадзім Баршчэўскі, які зараз працуе начальнікам пагранічнай заставы.
Алена Вячаславаўна ўпэўнена, што менавіта дзякуючы ваенна-патрыятычнаму выхаванню на працягу некалькіх гадоў вучні школы не здзейснілі ніводнага правапарушэння. Яны атрымліваюць прызавыя месцы ў раённых конкурсах і спаборніцтвах ваенна-патрыятычнай накіраванасці (за апошнія два гады заваявана 12 дыпломаў і прызавых месцаў).
Выпускніца школы 2022 года Софія Шук адзначана дыпломам І ступені ў раёне за стварэнне відэароліка пра ўспаміны відавочцаў Вялікай Айчыннай вайны.
У 2024 годзе Беларусь святкуе 80-годдзе вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У Павяцкай школе пройдзе адзіны ўрок “Нам гэты свет завешчана берагчы”, урокі памяці і класныя гадзіны, фестываль ваенна-патрыятычнай песні, мітынг каля абеліска воінам-землякам, ваенна-патрыятычнае свята ў прышкольным аздараўленчым лагеры “Планета дзяцінства”, будуць добраўпарадкаваны месцы воінскіх пахаванняў. Не забудуць у калектыве і пра ветэранаў працы, у першую чаргу педагогаў. Іх запросяць на святочныя мерапрыемствы.
Сёння ва ўстанове працуюць экспазіцыі, прысвечаныя В.А.Бабічаву, генацыду беларускага народа і 80-годдзю вызвалення Беларусі. Алена Вячаславаўна Баршчэўская як гісторык зацікаўлена ў тым, каб стварыць у сваім кабінеце яшчэ і музейную экспазіцыю, для якой ужо сабраны пэўныя экспанаты: элементы посуду і ўпрыгажэнняў часоў вайны, фрагменты снарадаў, кулі, асколкі мін, гільзы і іншыя прадметы, дастаўленыя з месцаў баявых дзеянняў.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота з архіва школы