Як вырасціць пераможцу конкурсу «Настаўнік года»?

- 10:09Образование, Портфолио

Удзел у рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” — вялікі крок да самаўдасканалення. І каб яго зрабіць, патрэбна дапамога, найперш метадычнай службы раёна. На Ваўкавышчыне яна шмат гадоў працуе эфектыўна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Падмацую гэты факт лічбамі. З 2009 года ў конкурсе “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” прынялі ўдзел больш за 1000 педагогаў на школьным узроў­ні, звыш 300 — на раённым (завочным), на раённым вочным этапе — 121 педагог, на абласным — 14, на заключным этапе — 7.

Зразумела, у рэгіёне распрацавана свая методыка падрыхтоўкі да конкурсу прафесійнага майстэрства, асноўнымі элементамі якой падзялілася загадчыца Ваўкавыскага РВМК Ірына Вялесік. Дарэчы, Ірына Мечыславаўна сама некалі ўдзельнічала ў конкурсе, таму ведае конкурсную “кухню” і разумее пачуцці канкурсантаў. 

Методыка падрыхтоўкі — працэс скрупулёзны і паслядоўны. Спецыялістамі РВМК выкарыстоўваюцца калектыўныя і індывідуальныя формы работы. Гаворка найперш пра семінары, аўтарскія конкурсы, павышэнне кваліфікацыі, школы перадавога педагагічнага вопыту. Абавязковыя наведванне і ўдзел у конкурсах метадычнай накіраванасці, майстар-класах, уроках для дарослых.

У праграму таксама ўключаны майстар-клас настаўніка-метадыс­та намесніка дырэктара гімназіі № 1 Ваўкавыска Алены Аскірка “Майстар-клас па майстар-класе”, прысвечаны планаванню і правядзенню такога конкурснага мерапрыемства, як майстар-клас. Акрамя таго, у цэнтры ўвагі — наведванне ўрокаў удзельнікаў конкурсу папярэдніх гадоў.

Індывідуальная работа з канкурсантамі ўключае самастойную метадычную падрыхтоўку, самааналіз, самаадукацыю, індыві­дуальныя кансультацыі па запыце, знаёмства з эфектыўнымі педагагічнымі практыкамі.

“Менавіта метадычная работа набывае асаблівую значнасць у павышэнні прафесійных кампетэнцый педагогаў. Асноўнымі яе напрамкамі ў раёне з’яўляюцца выяўленне цікавага педагагічнага вопыту, вывучэнне эфектыўных педагагічных практык, арганізацыйна-метадычная, індывідуальная работа з педагогамі, сустрэчы метадыстаў з меркаванымі ўдзельнікамі конкурсу, кансультацыі, інструктажы, стварэнне творчых груп па падрыхтоўцы да конкурсу.

У склад творчай групы ўключаюцца загадчык і метадысты  раённага вучэбна-метадычнага кабінета, намеснікі дырэктара ўстаноў адукацыі раё­на, творча працуючыя педагогі, настаўнікі-метадысты і абавязкова педагогі-псіхолагі.

Дзейнасць творчай групы накіравана на аказанне дапамогі ў падрыхтоўцы конкурсных матэрыя­лаў. І самае галоўнае, мы імкнёмся ствараць камфортную абста­ноўку падчас гэтай работы”, — адзначыла Ірына Вялесік.

Для кожнага ўдзельніка распрацоўваецца індывідуальны план падрыхтоўкі, які разглядаецца на раённым метадычным савеце і зацвярджаецца начальнікам. Гэты план уключае павышэнне ўзроўню тэарэтычнай падрыхтоўкі, вывучэнне нарматыўных дакументаў, дапамогу ў распрацоўцы метадычных матэрыялаў, планаў-канспектаў урокаў, вызначэнне праблемных пытанняў і распрацоўку метадычных рэкамендацый, абмеркаванне на ўзроўні раённага вучэбна-метадычнага аб’яднання арганізацыі самаадукацыі педагогаў, аказанне метадычнай дапамогі педагогам пры пад­рыхтоўцы да праходжання атэс­тацыі.

Безумоўна, у камандзе па пад­рыхтоўцы да конкурсу актыўна працуюць настаўнікі-метадысты, у мінулым фіналісты конкурсу “Настаўнік года”, бо кожнаму з іх ёсць чым падзяліцца з калегамі. Гэта Алена Аскірка, падчас конкурсу настаўніца пачатковых класаў Краснасельскай пачатковай школы, а цяпер намеснік дырэктара гімназіі № 1 Ваўкавыска; Ірына Клак, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства гэтай гімназіі; Алена Дубанос, настаўніца абслуговай працы сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска; Юлія Касталомава, настаўніца іспанскай мовы гімназіі № 2 Ваўкавыска; Людміла Заяц, настаўніца пачатковых класаў ваўкавыскай гімназіі № 1; Аксана Свістунова, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска, і Ксенія Арцюх, настаўніца англійскай мовы гэтай жа школы.

Яны з’яўляюцца ядром раённага клуба настаўнікаў-метадыс­таў, дзейнасць якога ў першую чаргу накіравана на павышэнне прэстыжу настаўніцкай прафесіі, развіццё ў педагогаў матывацыі на творчую педагагічную дзейнасць па фарміраванні ўласнага эфектыўнага педагагічнага вопыту. У сувязі з гэтым паспяховыя педагогі Ваўкавышчыны ахвотна сустракаюцца з навучэнцамі педагагічных класаў, право­дзяць майстар-класы, урокі для дарослых, кансультуюць калег, якія адважыліся атры­маць кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”, і, канечне, трансліруюць свой вопыт у межах абласных, рэспуб­ліканскіх і міжнародных мерапрыемстваў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА