Моцныя сем’і

- 10:01Авторские колонки, Мнение

Любоў, каханне, павага, падтрымка — гэтыя паняцці чырвонай ніткай праходзяць праз журналісцкія матэрыялы, прысвечаныя Міжнароднаму дню сям’і.

Ігар ГРЭЧКА

У Беларусі больш за 2,5 міль­ё­­на сем’яў. Колькі з іх настаўніцкіх, пакуль ніхто не лічыў, але, думаю, як мінімум некалькі тысяч. Так ужо склалася, што галоўныя героі нашай газеты нярэдка выбіраюць спадарожнікамі жыцця таксама настаўнікаў. І справа не толькі ў агульнасці прафесійных інтарэсаў.

Толькі настаўнік цалкам разумее ўсе тонкасці і складанасці работы калегі. Ведае, наколькі няпроста даць шэсць або сем урокаў, потым яшчэ правесці выхаваўчае мерапрыемства, а затым аднесці дадому стос сшыткаў, якія неабходна праверыць на заўтра. А дома ж не толькі сшыткі і падрыхтоўка да ўрокаў. Дома яшчэ ўласныя дзеці, якім таксама патрэбны ўвага і клопат. Нарэшце, дома — твая другая палавіна, з якой хочацца не толькі падзяліцца пяшчотай, каханнем, але і атрымаць пасля насычанага працоўнага дня хаця б маральную падтрымку. І як цудоўна, калі твайму каханаму чалавеку блізкія праблемы і клопаты школы, якімі ты жывеш 24/7!

Думаю, гэта адна з галоўных прычын, па якой многія настаўніцкія сем’і моцныя, трывалыя і не распадаюцца нават пад самымі моцнымі жыццёвымі вятрамі. Ведаю гэта з уласнага вопыту, паколькі нарадзіўся і выхоўваўся ў настаўніцкай сям’і. Мне і цяпер часта ўспамінаюцца моманты дзяцінства, калі мама дапазна правярала ў сваім пакоі вучнёўскія сшыткі па беларускай мове, а тата ў гэты час гатаваў вячэру, пасля мыў посуд і толькі потым рыхтаваўся да ўрокаў па фізіцы, інфарматыцы.

Прыгадваюцца і размовы за сямейным сталом, якія, канечне ж, у асноўным былі прысвечаны школе. Што абмяркоўвалі на педсавеце? Якія ініцыятывы паступілі ад дырэктара? Як паводзілі сябе вучні? Навіны школьнага жыцця я атрымліваў з першых вуснаў, як і навіны сістэмы адукацыі краіны, паколькі ў нашым доме заўсёды чыталі і працягваюць чытаць “Настаўніцкую газету”. Прыемна, што менавіта бацькі з’яўляюцца маімі самымі ўважлівымі чытачамі. А яшчэ прыемна, што яны ганарацца сынам, які працуе ў рэспуб­ліканскім выданні для педагогаў і ў свой час, як і яны, скончыў галоўную педагагічную альма-матар краіны. Разумею, чаму ў настаўніцкіх сем’ях дзеці часта выбіраюць прафесійную сцяжыну бацькоў…

Спадабалася ініцыятыва дырэктара Свірскай сярэдняй школы, што на Мядзельшчыне, прысвя­ціць асобны раздзел школьнага летапісу настаўніцкім дуэтам. Упэўнены, у вашай установе адукацыі таксама працавалі або і цяпер працуюць сем’і педагогаў. Яны вартыя таго, каб пра іх часцей гаварылі і пісалі.

Фота на прэўю pixabay.com