Музеі — гэта захавальнікі гісторыі чалавецтва. Музей у школе — асаблівае месца, дзе можна адчуць сябе часцінкай бясконцай гісторыі краіны. За простымі школьнымі дзвярыма захоўваецца памяць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Так пачынаецца экскурсія ў музеі Вялікай Айчыннай вайны сярэдняй школы № 2 Бялыніч Магілёўскай вобласці. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Патрыятызм пачынаецца з добрага слова
Гісторыя школьнага музея бярэ пачатак у 1965 годзе, калі ва ўстанове адукацыі быў створаны музейны куток. Вялікую ролю ў арганізацыі музея адыгралі былы дырэктар школы Аляксандр Сцяпанавіч Дайнека і ўдзельнік партызанскага руху і камсамольскага падполля Пётр Максімавіч Кубараў. Змяняліся кіраўнікі школьнага музея Вялікай Айчыннай вайны, але нязменным заставалася галоўнае — паважлівыя адносіны да людской памяці і болю.
Сёння названым музеем у бялыніцкай сярэдняй школе № 2 загадвае кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні баявая і адказная жанчына Галіна Магілеўчык. Хоць Галіна Барысаўна і ўпэўнена, што на такой пасадзе павінен быць мужчына ў форме, але і яна са сваімі абавязкамі выдатна спраўляецца, што падкрэсліваюць дырэктар школы Сяргей Лістапад і яго намеснік па выхаваўчай рабоце Вольга Сіманава.
— У інстытуце (зараз — МДУ імя А.А.Куляшова) у нас была ваенная кафедра, так што я медыцынская сястра, радавы, маю ваенны білет, — расказвае Галіна Магілеўчык. — Таму мне і прапанавалі паспрабаваць сябе на пасадзе кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні. У рабоце стаўлю на першае месца выхаванне патрыёта, чалавека, які любіць сваю малую радзіму, сям’ю, навакольных, школу. Мы выхоўваем сапраўднага чалавека, чуллівага, з добрым сэрцам — менавіта з гэтых якасцей складваецца патрыятызм. Нашы дзеці розныя, але ўсе цудоўныя. Іх выхаванне пачынаецца з элементарнага — усмешкі і добрага слова.
Летапіс подзвігу
У школьным музеі Вялікай Айчыннай вайны 2 экспазіцыі: “Яны змагаліся за Радзіму” і “Вайна ў прадметах і асобах”. Прычым трэба адзначыць, што большасць экспанатаў — каскі, гільзы, карпусы снарадаў, мін, зброя, прадметы побыту чырвонаармейцаў і гітлераўцаў — у музей на пастаяннае або часовае захоўванне перадаў выпускнік школы Вячаслаў Мікалаевіч Грыбайлаў з асабістай археалагічнай калекцыі.
Адкрываюць экспазіцыю аўтэнтычныя прадметы з Брэсцкай крэпасці: фрагменты тэлефонных трубак і цэглы, замок ад казематных дзвярэй і іншыя каштоўныя для гісторыка артэфакты. Далей ідзе аповед пра Героя Савецкага Саюза Барыса Львовіча Хігрына, які здзейсніў свой неўміручы подзвіг 5 ліпеня 1941 года на подступах да Бялыніч ля вёскі Осліўка. Дывізіён 462-га артылерыйскага палка (13-я армія, Заходні фронт) пад яго камандаваннем прыняў няроўны бой з танкавай групай праціўніка. Пасля таго як быў забіты наводчык, Барыс Хігрын сам стаў да гарматы і падбіў 4 фашысцкія танкі, атрымаўшы смяротнае раненне. Званне Героя Савецкага Саюза Барысу Львовічу было прысвоена пасмяротна. Баявыя таварышы героя перадалі ў школьны музей копіі яго дакументаў — узнагароднага ліста, апісання баявога подзвігу, паведамлення пра гібель. Імя героя носяць вуліцы ў Бялынічах і яго роднай Оршы. На Алеі Герояў у бялыніцкім парку культуры і адпачынку “Ліпавы гай” усталяваны бюст героя, а ў школьным музеі бюст Барыса Хігрына займае пачэснае цэнтральнае месца. Удава героя з яго сынамі прыязджалі ў Бялынічы, калі ў горадзе адкрывалі помнік на брацкай магіле.
Аб партызанскім руху на тэрыторыі Бялыніцкага раёна расказвае раздзел экспазіцыі “600-ы партызанскі атрад”, дзе сярод прадметаў археалагічнай калекцыі часоў вайны — вельмі каштоўны экспанат: кубанка партызанкі Маі Бай, якая ў час вайны была маленькай дзяўчынкай. Пасля Мая Анісімаўна Чорная працавала настаўніцай гісторыі і дырэктарам сярэдняй школы № 2 Бялыніч. Бацька Маі Анісім Уласавіч Бай быў партызанам, а маці Ульяну Маісееўну Бай, медыка, расстралялі фашысты за дапамогу партызанам. Калі маці загінула, тата забраў сваіх чацвярых дзетак, у тым ліку і Маю, у атрад. Дзеці выходзілі на заданні, былі сапраўднымі членамі партызанскага атрада.
— Мая Анісімаўна шмат зрабіла для школы, вучні дапамагалі ёй па гаспадарцы, калі ёй было гэта неабходна, а зараз даглядаюць яе магілу, — гаворыць Вольга Сіманава, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 2 Бялыніч Магілёўскай вобласці.
Героі жывуць
Па словах Галіны Барысаўны, у раздзеле “Бялыніцкае падполле” размешчаны копіі фатаграфій удзельнікаў падполля, лістоўкі на рускай і нямецкай мовах і г.д. У музеі таксама можна ўбачыць баявыя ўзнагароды герояў вайны, перададзеныя іх сем’ямі.
Раздзел экспазіцыі “Героі Савецкага Саюза” расказвае пра герояў вайны, якія так ці інакш былі звязаны з Бялынічамі. Напрыклад, Іосіф Вікенцьевіч Свідзінскі, ураджэнец Бялыніч, у 1943 годзе пераплыў Днепр у раёне Кіева, пранік у штаб фашыстаў, здабыў карту ваенных дзеянняў праціўніка і іншыя важныя дакументы аб жывой сіле і тэхніцы гітлераўцаў, што дапамагло часцям Чырвонай Арміі фарсіраваць Днепр і вызваліць Кіеў. Юны баец 600-га партызанскага атрада на тэрыторыі Бялыніцкага раёна Леанід Дзмітрыевіч Лорчанка ў баі ля вёскі Антонава Буда быў акружаны фашыстамі, падпусціў іх на блізкую адлегласць і падарваў гранатай сябе і іх. Мікалай Трафімавіч Кітаеў пасля вайны жыў у Бялынічах, а падчас Вялікай Айчыннай ваяваў і падбіў 27 нямецкіх самалётаў. Сяргей Рыгоравіч Церашкевіч у баі за вызваленне вёскі Галоўчын Бялыніцкага раёна са звязкай гранат кінуўся пад нямецкі танк і тым самым дапамог прарыву абароны праціўніка.
Памяць пра іх подзвігі жыве ў сэрцах удзячных нашчадкаў.
Напярэдадні трагедыі час спыніўся
Самы апошні раздзел музея прысвечаны генацыду беларускага народа. Пацвярджэннем зверстваў фашыстаў служаць копіі архіўных матэрыялаў расследавання злачынства, перададзеныя ў школьны музей пракуратурай. Бясконцыя спісы расстраляных, павешаных і закатаваных людзей… Ёсць у Бялыніцкім раёне вёскі — сёстры Хатыні. Гэта вёска Стэфанова, якая была спалена 22 снежня 1942 года разам з 96 жыхарамі. Яе зараз няма на карце Беларусі, там размешчаны мемарыяльны комплекс. Выжыў толькі адзін чалавек, Раман Мікалаевіч Гарбачэўскі. Ёсць яшчэ адна спаленая вёска — Сныткі, дзе да вайны было 33 двары. Звычайнае мірнае жыццё абарвалася ў адзін момант. Загінулі 13 жыхароў вёскі, астатнія паспелі схавацца ў лесе.
— Мы ўдзельнічалі ў акцыі, прысвечанай памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці, і стварылі макет спаленай вёскі Сныткі — “Напярэдадні трагедыі час спыніўся”. Перад намі стаяла задача аднавіць аблічча вёскі да трагедыі. У выніку вёска адноўлена, праўда, у ёй не 33 двары, а каля 10. Наш макет экспанаваўся ў магілёўскім музеі, і нам выпаў гонар прадстаўляць наш макет на адкрыцці гэтай выставы, — адзначае Вольга Міхайлаўна.
Два гады запар сярэдняя школа № 2 бярэ ўдзел у конкурсе юных экскурсаводаў. Па словах Галіны Магілеўчык, у мінулым годзе навучэнец Данііл Ступнікаў заняў 2-е месца на абласным этапе, а сёлета Максім Сідаровіч — 3-е. Дарэчы, Данііл, вучань 6 “В” класа, з радасцю праводзіць экскурсію для журналіста “Настаўніцкай газеты”:
— У мяне ёсць любімыя экспанаты. Напрыклад, вінтоўка Мосіна, якая распрацавана ў 1891 годзе. У нашым музеі экспануецца ўзор 1939 года. Другі любімы экспанат — кулямёт Максім, які быў распрацаваны ў 1830 годзе. Гэта самы вядомы кулямёт у свеце. Наогул правільна называць яго кулямётам Максіма, бо яго вынайшаў амерыкана-брытанскі майстар зброі Хайрэм Стывенс Максім. Трэці любімы экспанат — пяхотны кулямёт Дзегцярова, які быў самым знакамітым кулямётам у савецкай арміі і вынайдзены ў 1927 годзе. Сярод прадметаў побыту ўражваюць хлорныя пеналы, якія былі патрэбны, каб мыць адзенне салдат і травіць з яго вошай.
Зразумела, што самыя каштоўныя экспанаты для хлопчыка-падлетка — узоры сапраўднай зброі.
Што значыць выхоўваць патрыёта?
Выхоўваць патрыёта неабходна пачынаць з любові да сваёй сям’і, школы. У гэтым упэўнена намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольга Сіманава. Выхоўваць патрыёта — значыць даглядаць помнікі і воінскія пахаванні, аказваць дапамогу ветэранам (навучэнцы школы шэфствуюць над малалетнімі вязнямі), нават добра вучыцца. Таму што людзі, якія добра робяць сваю справу, не могуць жадаць дрэннага сваёй краіне.
Музей Вялікай Айчыннай вайны сярэдняй школы № 2 Бялыніч — цэнтр выхаваўчай і патрыятычнай работы з навучэнцамі. З часам ён стаў адным з лепшых у раёне, у 2001 годзе яму было прысвоена званне народнага.
Калі выказаць сваё меркаванне пра гэты музей, то ён мяне ўразіў. Ні ў адным (!) школьным музеі я не бачыла столькі каштоўных, цікавых, унікальных артэфактаў. Справа нават не ў тым, каб на свае вочы пабачыць зброю часоў Вялікай Айчыннай і прадметы побыту партызан і падпольшчыкаў, а таксама асабістыя рэчы гітлераўцаў. Галоўнае, што музейная экспазіцыя дае магчымасць паказаць дзецям, якім жахам была для іх аднагодкаў вайна. Як невыносна жыць без мамы, якую расстралялі нелюдзі за дапамогу землякам. Як цяжка выбіраць паміж жыццём і смерцю, калі жыць так хочацца, але цябе акружылі ворагі. І ты выбіраеш жыць у вяках.
Музей Вялікай Айчыннай вайны павінен наведаць кожны школьнік Магілёўшчыны, а можа, і ўсёй Беларусі. Я цвёрда ў гэтым пераканана. Таму што гэта памяць у прадметах і асобах, якая павінна захавацца ў кожным сэрцы.
Наталля КАСТЭНКА
Фота аўтара