Адценні пляцення. Педагог з Ушач Надзея Губко на пенсіі пачала новую справу ў якасці самазанятай

- 14:30Увлечения

Перамагла ў раённым аглядзе­-конкурсе ў намінацыі “Лепшае ветэранскае падвор’е” і пачала новую справу ў якасці самазанятай. Чым яшчэ займаецца на пенсіі настаўніца з Ушач Надзея Губко, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Кветкавы настрой

Надзея Леанідаўна пачала свой шлях у прафесію з сельскіх устаноў адукацыі раёна, потым больш за 30 гадоў працавала ва Ушацкай сярэдняй школе. Расказвае, што раней у сям’і не было педагогаў, але яе рашэнне стаць настаўніцай пачатковых класаў нікога не здзі­віла. Яшчэ ў школьныя гады дзеткі малодшага ўзросту цягнуліся да дзяўчыны, а яна любіла бавіць час з імі. У школе дапамагала арганізоўваць дзіцячыя мерапрыемствы, у во­льны час ла­дзіла на бацькоўскім двары гульні. Стаўшы настаўніцай, шчыра любіла сваю работу, імкнулася натхніць на атрыманне ведаў кожнага маленькага чалавечка, які сядзеў за партай. У 2005 годзе стала пераможцай на раённым этапе конкурсу “Настаўнік года”. Яе асабісты прафесійны ўклад — 8 выпускаў малодшых школьнікаў. Тры гады назад, выпусціўшы сваіх чарговых чацвёртакласнікаў, вырашыла пайсці на пенсію.

— Першыя месяцы раніцай ускоквала з думкай: трэба на работу. Потым успамінала, што ўжо на пенсіі, можна расслабіцца, — рас­казвае яна. — Па характары я чалавек энергічны, актыўны, сядзець склаўшы рукі не прывыкла. Захацела заняць свой вольны час чымсьці цікавым, раскрыць нерэалізаваныя таленты.

Як чалавек, які жыў толькі ў дамах з зямельнымі ўчасткамі, яна заўсёды, акрамя садавіны і агародніны, вырошчвала кветкі. Але іх было няшмат. Між тым і яна, і муж кветкі вельмі любяць. Таму на сямейным савеце вырашылі, што цяпер усё лета на іх прысядзібным участку будзе сапраўднае буянства фарбаў і пахаў.

Пасля актыўных і шумных школьных будняў трэба заняць сябе на заслужаным адпачынку чымсьці цікавым, да чаго душа заўсёды ляжала, але не хапала часу.

Яны вырошчваюць кветкі самых розных відаў і гатункаў — хрызантэмы, лілеі, касачы, барбарысы, ружы, цюльпаны, нарцысы, прымулы… Каля дома разбіты 12 клумб розных форм, на якіх як толькі адцвітаюць адны кветкі, пачына­юць распускацца іншыя. У 2022 годзе іх квітнеючы двор перамог у намінацыі “Лепшае ветэранскае падвор’е” раённага агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне і санітарны стан населеных пунктаў, утрыманне аб’ектаў вытворчага і сацыяльна-культурнага прызначэння, які ладзіць Ушацкі раённы выканаўчы камітэт.

— Усю гэтую прыгажосць ствараем разам з мужам. Ён захапляецца кветкаводствам не менш, а то нават і больш, чым я. Калі спадабаецца нейкі гатунак расліны, не супакоіцца, пакуль не знойдзе яго і не прынясе для нашых клумб. Шмат працы менавіта на ім, адна я, зразумела, усё не пацягнула б, — расказ­вае Надзея Губко. — Паколькі я на пенсіі, хапае часу і на клумбах папрацаваць, і адпачыць. Люблю ў цёплае надвор’е пасядзець на садовых арэлях і палюбавацца нашымі кветнікамі.

Кветкавы настрой маці перадаўся і дзвюм дочкам, якія жывуць і працуюць у Віцебску. Яны з задавальненнем бяруць у яе насенне для сваіх дачных участкаў. З гатоўнасцю дзеліцца гаспадыня насенным багаццем і з іншымі сваякамі, сябрамі і знаёмымі, у тым ліку з калегамі-педагогамі. Дарэчы, з працуючымі і былымі настаўнікамі яна падтрымлівае самыя цёплыя адносіны.

Прыручыць ратанг 

Нядаўна ў Надзеі Губко з’явілася новае хобі, якое перарасло ў невялікую ўласную справу. Усё жыццё яна любіла рукадзелле. З задавальненнем стварала разам са сваімі вучнямі розныя вырабы, вяла творчыя аб’яднанні па інтарэсах. Захаплялася макрамэ, вышыўкай, выпальваннем па дрэве, вязаннем на прутках. І вось на пенсіі вырашыла асвоіць новы від творчасці — пляценне кашпо з ратангу.

Падштурхнула да гэтага само жыццё. Керамічныя вазоны для хатніх і садовых раслін даволі хутка пакрываюцца расколінамі, плямамі, ад іх адбіваюцца кавалачкі керамікі, што псуе знешні выгляд. Пластыкавыя ж вазоны яна не лю­біць. Пашукала ў інтэрнэце варыянты вырашэння праблемы, пагля­дзела некалькі майстар-класаў па пляценні кашпо з ратангу — і захапілася. Заказаўшы патрэбны матэрыял у інтэрнэт-магазіне, узялася за справу.  

— Калі рабіла першыя сцяжкі, баялася, што нешта наблытаю, што саб’ецца малюнак. Але хутка асвоілася, і цяпер усе рухі ўжо даведзены да  аўтаматызму. Асноўныя віды пляцення, такія як коска, ланцужок, жгуцік, афрыка, вывучыла падчас майстар-класаў. А ўжо як спалучаць паміж сабой узоры і колеры, прыдумваю сама. Нічога цяжкага тут няма, а сам пра­цэс пляцення расслаб­ляе і супакойвае, — тлума­чыць мая сураз­моўніца.

Выставіўшы фотаздымкі сваіх вырабаў у сацсетках, атрымала станоўчыя водгукі. Людзі цікавіліся, ці можа яна сплесці для іх кашпо патрэбных колераў і памераў. На­дзея Леанідаўна вырашыла ўсё зрабіць па літары закона і ў лютым гэтага года зарэгістравалася як самазанятая. Дзякуючы продажу вырабаў, забяспечыла сабе невялікую прыбаўку да пенсіі.

Сваім прыкладам Надзея Леа­нідаўна паказвае, што выхад на заслужаны адпачынак не прычына пазбаўляць сябе фарбаў жыцця. Пакуль дазваляе здароўе, чалавек сам вырашае, якога колеру будуць яго дні.  

Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара і прадастаўлены суразмоўніцай