Праблема дзіцяча-бацькоўскіх узаемаадносін востра стаяла ва ўсе часы. Актуальная яна і зараз, калі ў сем’ях часта выбіраюць не сумесны адпачынак бацькоў з дзецьмі, а баўленне часу ў гаджэтах — як дарослыя, так і дзеці. На думку спецыялістаў Мінскага гарадскога сацыяльна-педагагічнага цэнтра, выдатным інструментам для наладжвання зносін у сям’і з’яўляецца гульня. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
З “чужых” у “свае”
Аднак трэба разумець, што гульня гульні не роўная. Па словах дырэктара Мінскага гарадскога СПЦ Святланы Тарговіч, стварэнне сучаснай настольнай псіхалагічнай гульні, якая пасадзіла б за адзін стол татаў-мам з сынамі-дочкамі, — справа карпатлівая і няхуткая. Так, у сталічным гарадскім сацыяльна-педагагічным цэнтры зараз ідзе этап апрабацыі некалькіх метадычных настолак для бацькоў і дзяцей. Гэтыя гульні — прадукт творчасці супрацоўнікаў названай установы адукацыі.
— Мінскі гарадскі СПЦ за час сваёй дзейнасці распрацаваў праекты, якія дапамогуць спецыялістам (педагогам-псіхолагам, педагогам сацыяльным) у іх рабоце. Гэта псіхалагічная настольная гульня “Зразумей мяне” і навучальная гульня “Свой — чужы”, — расказвае Святлана Канстанцінаўна. — Па задуме супрацоўнікаў СПЦ, нашы метадычныя гульні дапамогуць знайсці агульную мову паміж непаўналетнімі і іх законнымі прадстаўнікамі і стаць асноватворнымі для фарміравання трывалай сістэмы эфектыўных і даверлівых узаемаадносін у сям’і. У пытанні карэкцыі дзіцяча-бацькоўскіх адносін вялікае значэнне мае багаты інструментарый спецыялістаў, да якіх сям’я звярнулася па дапамогу. Гульня з’яўляецца той формай, якая ідэальна падыдзе даросламу і дзіцяці для таго, каб у нязмушанай атмасферы выказаць свае эмоцыі і пачуцці адносна розных жыццёвых падзей, паглядзець на іх з іншага боку і пачуць меркаванне спецыялістаў. А яшчэ настольная гульня можа навучыць дзіця дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту дыферэнцыраваць прыкметы небяспечных сітуацый, з якімі яно сутыкнулася, пры дапамозе вядучай для яго дзейнасці. Актыўнасць удзелу ў гульні залежыць ад таго, наколькі дзіця авалодала ведамі і ўменнямі, якія дыктуюць яе агульныя задачы, пабуджаюць дзіця быць уважлівым, запамінаць, класіфікаваць, удакладняць свае веды.
— Пасля этапу апрабацыі ў нашым СПЦ нам трэба будзе прайсці этап ліцэнзавання і атрымаць дазвол на тое, каб гульні былі запушчаны масава, — працягвае Святлана Тарговіч. — Гэта будзе выдатным памочнікам пачынаючым педагогам-псіхолагам, педагогам сацыяльным, бо не кожны з іх можа дасведчана правесці карэкцыйную і прафілактычную работу ў сувязі з невялікім практычным вопытам, а гэта гатовы матэрыял для работы.
Знайсці агульную мову
Адна з распрацовак спецыялістаў сталічнага гарадскога СПЦ — метадычная настольная псіхалагічная гульня “Зразумей мяне” на аднаўленне дзіцяча-бацькоўскіх узаемаадносін.
— Гульня “Зразумей мяне” — метадычная дапамога спецыялістам (педагогам-псіхолагам), якія займаюцца суправаджэннем непаўналетніх і іх бацькоў (законных прадстаўнікоў), — далучаецца да размовы загадчыца аддзела абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх Мінскага гарадскога сацыяльна-педагагічнага цэнтра Юлія Вольская. — У працэсе гульні педагог-псіхолаг з’яўляецца назіральнікам, бо гуляюць толькі дзеці і бацькі (мама — дзіця, тата — дзіця, бацькі — дзіця, бацькі — дзеці). Гулец выбірае сабе фігурку, гульня — звычайная “хадзілка”. Гульнявое поле складаецца з 31 ячэйкі, старту-фінішу і 29 картак, раскладзеных па крузе вакол поля. Гулец кідае кубік і бярэ картку, на якую трапляе. Карткі — 2 відаў: незавершаныя сказы, якія трэба дапоўніць, і дзеянні, якія неабходна здзейсніць. Напрыклад, “Мая мама…” — і дзіця расказвае, якая яго мама.
На другой картцы напісана патрэбнае дзеянне: скажыце камплімент свайму дзіцяці, абдымі маму, скажы бацькам ласкавае слова. Педагогу-псіхолагу часам відавочна, што бацькі і дзеці ў гэты момант становяцца эмацыянальна скаванымі, пачынаюць саромецца. Гэта гаворыць, магчыма, пра тое, што ў сям’і не ўжываюцца кампліменты, што бацькі не хваляць сваё дзіця, што дзіця не мае звычкі абдымаць бацькоў.
Па словах Юліі Віктараўны, нечаканасць гульні ў тым, што бацькі могуць даведацца пра сябе або дзіця зусім незвычайныя рэчы. Яшчэ адзін прыклад, калі дзіця працягвае фразу “Мой лепшы сябар…”. Мама і тата ў працэсе зносін могуць даведацца, што дзіця блізка сябруе зусім не з аднакласнікам, а з хлопчыкам са спартыўнай секцыі. Ёсць сярод картак і даволі правакацыйная, калі трэба ў працэсе адказу іншага чалавека перапыняць яго. Псіхолаг назірае за рэакцыяй дарослага, якога перапыняе дзіця, або наадварот.
Педагог-псіхолаг у працэсе гульні вядзе пратакол, дзе ёсць пералік усіх пытанняў, і запісвае адказы. Гэта з’яўляецца добрай падмогай, бо пратакол можна прымяняць у працэсе складання праграмы па карэкцыі дзіцяча-бацькоўскіх адносін, па наладжванні ўзаемадзеяння паміж бацькамі і дзіцем. Такім чынам можна знайсці белыя плямы ў сямейных узаемаадносінах.
— Наша гульня арыентавана не толькі на крызісныя сем’і, — упэўнена Юлія Вольская. — Часам у добранадзейных сем’ях бацькі ў пэўны момант не могуць знайсці агульную мову з дзіцем і ўнутры ў сям’і адсутнічае ўзаемадзеянне. У працэсе гульні сітуацыя бачыцца з іншага боку, і можна знайсці рашэнне сваёй праблемы. Бывае, што бацькі ў штодзённым жыцці не бачаць кропкі апоры, важныя для дзіцяці.
Выявіць небяспечныя сітуацыі
Яшчэ адзін праект спецыялістаў сацыяльна-педагагічнай установы — дыдактычная настолка “Свой — чужы”, з якой могуць працаваць педагог-псіхолаг, сацыяльны педагог, класны кіраўнік. “Свой — чужы” — метадычная навучальная гульня для дзяцей малодшага школьнага ўзросту ад 6 да 10 гадоў.
— У нас ёсць гульня ў маленькім (настольным) фармаце і шырокафарматная — 1,5 на 1,5 м (выкарыстоўваецца для большай колькасці дзяцей, напрыклад, у інтэрнатнай установе), — дзеліцца Алёна Цітова, педагог сацыяльны аддзела каардынацыі дзейнасці СПЦ і дзейнасці ўстаноў адукацыі цэнтра. — У такім узросце гульня найбольш падыходзіць для таго, каб растлумачыць дзецям небяспечныя моманты. Яна ўяўляе сабой 16 гульнявых клетак, старт-фініш. На картках апісаны звычайныя сітуацыі, з якімі дзеці могуць сутыкнуцца ў штодзённым жыцці. Спецыяліст можа выявіць праблемныя моманты ў сям’і і небяспечныя сітуацыі ў адносінах да дзіцяці, бо не заўсёды дзеці разумеюць, што з імі адбываецца нешта дрэннае. Гульня выяўляе прыкметы насілля ў адносінах да дзіцяці.
Напрыклад, на картцы ёсць пытанні: ці будзе сітуацыя бяспечнай, калі незнаёмы чалавек прапануе пайсці да яго дамоў і дасць табе за гэта падарунак; калі да цябе падыходзіць незнаёмец і прапануе пайсці з ім і паглядзець яго хатняга гадаванца; калі ты разам з бацькамі накіруешся на пікнік ці ў госці да родзічаў? Адказваючы на пытанне, дзеці пачынаюць дзяліцца сваім вопытам, а спецыяліст атрымлівае магчымасць расказаць, што небяспечна ісці куды-небудзь з незнаёмым чалавекам, нічога не сказаўшы пра яго прапанову бацькам ці выхавальнікам.
Ёсць некалькі набораў картак для розных катэгорый дзяцей, але галоўнае для спецыяліста тое, што дзеці ў гульнявой форме дзеляцца сваім жыццёвым вопытам. Калі ж спецыяліст разумее, што з дзіцем адбылося нешта дрэннае, то дзейнічае па алгарытме, прадугледжаным заканадаўствам. Гэты момант патрабуе пацвярджэння, бо гульня гульнёй, але ў любым выпадку гэта званочак для далейшай работы з дзіцем.
Настолка падыходзіць для ўстаноў дашкольнай адукацыі, пачатковай школы, і нават самі бацькі могуць дома пагуляць у яе са сваім дзіцем. Па меркаванні Алёны Рыгораўны, галоўная мэта гульні — не запужваць дзіця, а навучыць разбірацца ў сітуацыях. У будучыні гэта сфарміруе ў дзіцяці адказныя паводзіны і сацыяльна-прававую кампетэнтнасць.
Сучасны бацька
Гарадскім СПЦ распрацаваны таксама прататып мабільнага дадатку для бацькоў (законных прадстаўнікоў) “Сучасны бацька”. Гэтая распрацоўка, як гаворыць дырэктар установы Святлана Тарговіч, пакуль у працэсе запуску. Яна дапаможа бацькам даведацца пра крызісныя станы дзяцей, ацаніць іх. Будучы дадатак можна назваць кішэнным памочнікам, які заўсёды з бацькамі і дапаможа пры ўзнікненні пытанняў пры выхаванні дзіцяці.
— Ідэя стварэння мабільнага дадатку “Сучасны бацька” з’явілася ў сувязі з тым, што ўзрасла колькасць дзяцей, якія знаходзяцца ў крызісным стане, і, на жаль, бацькі яго не заўсёды могуць заўважыць і распазнаць, — расказвае Таццяна Шынкевіч, педагог сацыяльны аддзела каардынацыі дзейнасці СПЦ і дзейнасці ўстаноў адукацыі цэнтра. — Інфармацыя ў інтэрнэце часта ўводзіць татаў і мам у зман. Таму мы вырашылі абагульніць педагагічны і псіхалагічны вопыт у адным дадатку, які не толькі пашырае веды бацькоў пра ўзроставыя асаблівасці дзяцей, але і дапамагае выяўляць іх крызісныя станы і накіроўваць у тыя арганізацыі і ўстановы, дзе ім могуць аказаць своечасовую дапамогу — педагагічную, псіхалагічную, сацыяльную і нават медыцынскую. Мы вучым бацькоў тым прыёмам, якія дазваляюць спраўляцца з трывожнасцю, асабліва ў падлеткаў. Дадатак ужо высока ацэнены, будзем далей працаваць над яго дызайнам і напаўненнем. Ён перспектыўны, таму што падобных дадаткаў няма. Я думаю, што гэта будзе актуальная рэч для бацькоў.
Наталля КАСТЭНКА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА