Чаму лятаюць паветраныя змеі, нібыта насуперак законам зямнога прыцяжэння? У Асінторфскай сярэдняй школе, што ў Дубровенскім раёне, ведаюць: адзін з галоўных фактараў паспяховых палётаў, нароўні з ветрам, — гэта ўмелы настаўнік фізікі Андрэй Шахоўскі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Паветраны змей, Асінторф і законы фізікі
Таямніцы быцця… Некаму здаецца, што мы ў законах прыроды нешта канчаткова спазналі. Ды ні ў падручніках фізікі, ні ў акадэмікаў не знойдзеш адказаў на многія пытанні. Дзе ўсяму пачатак, адкуль мы прылятаем і куды знікаем? Чаму адны адчуваюць паўнату быцця нават у беднасці, а іншым і ў золаце няма радасці? Чалавек жывы-здаровы, на сваіх нагах — а яму, бач ты, усе словы як не з тае літары пачынаюцца. Занадта гняце зямное прыцяжэнне?
Вучыцца жыць у радасці можна, відаць, і ў паветраных змеяў. На зямлі ж іх вартасці не надта разгледзіш. Як птушку бачна ў палёце, так і змей у небе напоўніцу распраўляецца, трапяткою натурай ловіць вецер.
А натуры няшмат: планкі-мембрана, доўгі хвост і леер — нітка моцная, каб і ў палёце ад зямлі не адрываўся. Прычым, як расказалі мне ў Асінторфскай школе, сам палёт — гэта згарманізаванасць трох сіл: ціску на паверхню змея, супраціўлення і пад’ёмнай сілы. У гэтым найбольш дасведчаны, вядома ж, настаўнік фізікі Андрэй Шахоўскі, які па сумяшчальніцтве займаецца з дзецьмі мадэляваннем — як у Асінторфскай, так і ў 1-й дубровенскай школе імя Г.А.Нікандравай.
Упершыню выхаванцы Андрэя Віктаравіча паўдзельнічалі ў Віцебскім фестывалі-конкурсе паветраных змеяў “Майскае неба Перамогі”, прымеркаваным да 9 Мая, гады чатыры назад. Прыгледзеліся, асвоіліся і цяпер там атрымліваюць дыпломы рэгулярна. Праводзіць спаборніцтвы абласны Палац дзяцей і моладзі — сектар тэхнічнай творчасці, у журы конкурсу працуюць і прадстаўнікі ДТСААФ. Запускаюць сваіх паветраных змеяў пры Лядовым палацы дзеці, падлеткі з розных куткоў Віцебшчыны.
Настаўнік фізікі Андрэй Шахоўскі, Станіслаў Русанаў і Паліна Кручкова — яна з пераможным паветраным змеем-гігантам
Забягаючы крыху наперад, адзначым: сёлета фэст праходзіў 3 мая, журы вызначала лепшых, разглядала па розных крытэрыях 33 паветраныя змеі. Былі публікацыі ў абласных СМІ, выніковая табліца ёсць на сайце згаданага палаца. Там знаходзім і такі факт: у намінацыі “Гігантум” лепшай стала Паліна Кручкова з Асінторфскай сярэдняй школы, у яе ж дыплом ІІ ступені ў намінацыі “Вышэйшы пілатаж”. Мае калегі напісалі, што “яе работа прызнана самай лепшай і эфектыўнай”, аднак мы ж ведаем: яе паветраны змей — вынік каманднай работы пад кіраўніцтвам Андрэя Шахоўскага. І як на добры толк, то кіраўнікоў груп (настаўнікаў, кіраўнікоў гурткоў, бацькоў), якія стаяць за прызёрамі, варта б таксама ўказваць у выніковых табліцах. Для лепшага балансу, кажучы мовай юных мадэлістаў, каб прызёраў не надта заносіў парывісты вецер прывіднай славы.
Каб абгрунтаваць такое меркаванне, паглыбімся ў дэталі. Разглядваю мадэлі, пытаюся: “Паветраныя змеі — гэта дакладны разлік і фізіка?” Так, адказвае настаўнік, усё павінна быць ураўнаважана, пралічана на аснове масы мадэлі, яе сіметрыі, плошчы: “У нас ёсць група дзяцей з 5 па 8 клас, мы з імі займаемся пачатковым тэхнічным мадэляваннем. А фэст у Віцебску дае імпульс для работы, рыхтуемся інтэнсіўна, пад яго падладжваемся. Чарцяжы бяром з інтэрнэту, і старыя кнігі, часопісы ў мяне ёсць — з тых ідэй нешта выкарыстоўваем. Эксперыментуем. Вось у нас форма монакрыла, тут — каробчатая. Зрабілі да фэсту чатырох змеяў”.
Сам Андрэй Шахоўскі родам з Дуброўны. Там, у 1-й школе, і пачаў займацца мадэляваннем. Гэта паўплывала і на выбар прафесіі: у 1986 годзе паступіў у Мазырскі педінстытут, атрымаў спецыяльнасць “Агульныя тэхнічныя дысцыпліны і фізіка”.
Гэта значыць, урокі працоўнага навучання і фізіка. Пасля вучобы паехаў працаваць на Палессе, у Пінскі раён. А праз 25 гадоў вярнуўся на Дубровеншчыну: 7 гадоў працуе ў школах раёна, у тым ліку 4 і ў Асінторфе.
…А таксама важны хвост!
Калі мы сустракаліся ў Асінторфскай школе, падрыхтоўка да фэсту “Майскае неба Перамогі” была ў разгары. Мадэлі змеяў з адпаведнымі надпісамі настаўнік з вучнямі выпрабоўвалі на прышкольным стадыёне. Аднаго было павяло ў бярозавае вецце, і Паліна Кручкова з Андрэем Віктаравічам яго адтуль паспяхова дасталі. А з пластыку змей, адзін з тых чатырох, у форме табурэткі з акенцам, не надта сябе ў небе праявіў, да таго ж даў трэшчынку, то Шахоўскі як галоўны канструктар школьнага канструктарскага бюро вырашыў на фэст яго не заяўляць. Лагічна! Каб перамагаць, трэба быць самакрытычнымі. Як патлумачыў настаўнік, паветраных змеяў журы ацэньвае па розных параметрах. У тым ліку эстэтыку мадэлей улічвае: “Прысвячаецца фэст Дню Перамогі, а сёлета і 80-годдзю вызвалення Беларусі, таму зроблена ўсё ў нас прыгожа, у нацыянальных колерах. Форма і змест суадносяцца гарманічна. Увогуле, у кожную мадэль трэба ўкласці гадзін 12 калектыўнай працы. А простасць канструкцый уяўная — гэта эстэтыка мінімалізму. Заўважце: мембрана тут з празрыстай плёнкі, яна лёгкая і не баіцца вады. Стрэсваюцца кропелькі, нібы з птушыных пёраў. А то неяк ездзілі на фэст, пайшоў дождж — і ў змеяў з тканіны ўжо нялётнае надвор’е”.
Паводле правіл фэсту, даўжыня леера там да 30 метраў. Вышэй, як патлумачыў настаўнік, бадай што ўсе паветраныя змеі лётаюць добра, і так лепш відаць, наколькі ўмела вучань запускае канструкцыю. Бо пралічыць, змайстраваць мадэль — адзін этап клопатаў. Другі ж — адчуць яе ў палёце, хутка падняць і ўтрымаць у паветры. Акрамя дзевяцікласніцы Паліны Кручковай, запускі на стадыёне рабіў і сямікласнік Вадзім Логвінаў. Асвойваў пілатаж і дзевяцікласнік Станіслаў Русанаў (ён на здымку з настаўнікам і Палінай). Паколькі Андрэй Шахоўскі працуе ў дзвюх школах, то і яго другая каманда рыхтавалася да фэсту. З 1-й дубровенскай сёлета паспяхова выступіў Уладзімір Уладзіміранка: заваяваў дыплом ІІ ступені ў намінацыі “Гігантум”.
Ну і, безумоўна, калі штурман, вядучы паветранага змея застаецца з ім сам-насам, то галоўны канструктар нічым яму дапамагчы ўжо не можа. Хіба што наладзіць нябачны кантакт з сіламі прыроды, прасіць у іх пругкі ды роўны ветрык — а патрэбен ад 3 да 6 м/сек. На мой жарт, што, можа, папрасіць адміністрацыю школы зрабіць пры стадыёне ветраўстаноўку, Андрэй Віктаравіч з усмешкай заўважае: на фэст яе не завязеш. А майстэрства вучня з леерам і ў тым, каб умець як асядлаць свае эмоцыі, так і настроіцца на знешнія ўмовы, злавіць момант жыцця. Увогуле, важная ўмова фэсту — зрабіць паветранага змея сваімі рукамі, да іншых у журы значна менш увагі. У канструкцыі ж асінторфскіх паветраных змеяў, гаворыць Андрэй Шахоўскі, усё сваё. Пры тым настаўнік працоўнага навучання Аляксандр Куляшоў крыху дапамагае мадэлістам: наразае роўныя, лёгкія, трывалыя рэечкі. Калектыўная праца!
Эстэтыка паветранага змея, прыгажосць палёту, яго ўстойлівасць у небе… Што яшчэ дае шансы на перамогу?
“Час уздыму таксама ўлічваюць, і ўменне вядучага кіраваць мадэллю, — раскрывае нюансы справы вядучы канструктар. — Нам умовы даслалі: трэба сёлета 5 мінут паветранага змея ў небе ўтрымаць з моманту адрыву ад зямлі. А гэта ўжо і ёсць асаблівае мастацтва, майстэрства. Тут і хвост, як некалі казалі героі мульцікаў, вельмі важны. Ён, дарэчы, у 7—8 разоў большы за памер паветранага змея. Па ім дасведчаны майстар чытае характар ветру і з улікам гэтага вядзе мадэль. Талент, інтуіцыя, трэніроўкі, душэўная раўнавага… Многае патрэбна, прычым такое майстэрства развіваецца, напрацоўваецца. На Паліну маем вялікія надзеі: яна ўжо другі раз будзе ўдзельнічаць”.
Па максімуме
Сама ж Паліна Кручкова, якая і фатаграфавалася з паветраным змеем, і потым спрабавала яго вывесці ў палёт у прышкольнае неба, рыхтавалася браць у Віцебску толькі дыплом І ступені.
“Трэба выступіць па максімуме, — дзялілася сваімі планамі дзевяцікласніца. — Летась нам не ўсё ўдалося: былі тры другія месцы. Будзем ляцець вышэй: да перамогі!”
Як бачым, не памыліўся ў сваім даверы да таленавітай дзяўчыны Андрэй Шахоўскі.
Высокага неба, роўнага ветрыку ў межах з 3 да 6 м/сек, новых жыццёвых перамог вам, юныя аматары паветраных змеяў! Пашанцавала вам, што ёсць побач старэйшыя сябры, якія з гадамі не пакінулі рамантычны і ў той жа час моцна спалучаны з цвярозым разлікам, зямной фізікай занятак.
А наконт таго, што не ўсе законы, па якіх пабудаваны свет, мы ведаем, — тае бяды! Галоўнае ж у тым, каб жыць нам з адчуваннем палёту, калі нават і фізічная форма-канструкцыя з гадамі ўжо не такая лятучая. Ніхто ж не перашкодзіць узвышанасці, калі ўнутры сябе схопімся за леер… паветранага змея. Што ні кажы, а прыгожы гэта вобраз: памкнёнасці ў вышыню, светлай радасці ад пераадолення сілы зямнога прыцяжэння — дзякуючы жыццёвай сіле, якая ёсць у кожным з нас. Толькі каб лятаць, варта не страчваць адчуванне гэтай жывой плыні.
Хто перамог сёлета ў Віцебску?
Дыпломы І ступені ў намінацыі “Крэатыў” атрымалі Цімур Цітоў (Аршанскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі) і Антон Зубаўжэн (Талачынскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі).
У намінацыі “Гігантум” лепшай прызнана Паліна Кручкова (Асінторфская сярэдняя школа, Дубровенскі раён).
У намінацыі “Вышэйшы пілатаж” перамог Максім Самахвалаў (Лепельскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі).
Святу хочацца ляцець і расці
Як адзначалі арганізатары свята, якое набывае ўсё больш прыхільнікаў, яны маюць надзею, што ў будучыні яго ўдзельнікі змогуць запускаць сваіх прыгожых паветраных змеяў і ў цэнтры Віцебска — у раёне знакамітага Летняга амфітэатра. Гэта, безумоўна, можа надаць святу новыя фарбы, паспрыяць папулярызацыі такога віду мадэлявання, а сам праект знойдзе шматлікіх новых сяброў, стане больш маштабным і відовішчным.
Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара