У лабараторыі пачатковай адукацыі Акадэміі адукацыі ідзе работа па аптымізацыі зместу адукацыйнага стандарту пачатковай адукацыі i вучэбнай праграмы па вучэбным прадмеце “Чалавек i свет”. Пра іх адметнасці карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі пачатковай адукацыі Акадэміі адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Сяргей Паноў.
— Сучаснае грамадства патрабуе якасна іншай падрыхтоўкі да жыцця. Гэта азначае, што для нашых вучняў актуальнай з’яўляецца функцыянальная адукаванасць — гатоўнасць да выкарыстання сфарміраваных ведаў i ўменняў у розных жыццёвых сітуацыях. Калі ўдакладняць гэтае паняцце адносна малодшых школьнікаў, то функцыянальная адукаванасць разумеецца як інтэграцыйная характарыстыка асобы ва ўзаемасувязі яе інтэлектуальна-пазнавальнага, інфармацыйна-чытацкага, сацыяльна-камунікатыўнага, сацыяльна-асобаснага кампанентаў. Мы павінны адказаць на пытанне, якія веды i спосабы дзейнасці, неабходныя для паспяховага жыцця ў сучасным беларускім грамадстве, трэба сфарміраваць у малодшых школьнікаў.
Адукацыйны стандарт новага пакалення прадугледжвае фарміраванне такіх універсальных кампетэнцый, як грамадзянскасць, мысленне, эмацыянальная рэгуляцыя, камунікацыя, кааперацыя, устойлівае асобаснае развіццё. Для фарміравання кожнай з кампетэнцый у вучэбнай праграме вызначаецца комплекс спосабаў дзейнасці. Так, грамадзянскасць прадугледжвае, што вучні ў межах дасягнення прадметных вынікаў навучання назапасяць першапачатковыя веды i ўяўленні аб рэгіёне пражывання, Рэспубліцы Беларусь i дзяржаўнай сімволіцы, помніках гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, знакамітых гістарычных асобах i дзеячах культуры.
Для развіцця свайго жыццёвага вопыту вучням прапаноўваецца вызначыцца з верагоднымі паводзінамі ў канкрэтнай сітуацыі з улікам прапанаванага прыкладу ўчынкаў людзей у гісторыі ці параўнаць артэфакты (гістарычныя рэчы) з сучаснымі ў час правядзення экскурсій, наведвання музеяў.
У межах метапрадметных вынікаў навучання неабходна, каб навучэнцы ўмелі вызначаць галоўнае ў змесце вучэбнага матэрыялу пры складанні плана аповеду; праводзілі параўнанне i рабілі на гэтай падставе вывады; мэтанакіравана звярталіся да разнастайных крыніц інфармацыі; давалі азначэнне паняццям пры рабоце з гістарычным слоўнікам.
Найбольш значнымі бачацца асобасныя вынікі навучання. Яны накіраваны на выхаванне ў вучняў пачуцця любові да малой радзімы i гордасці за гісторыка-культурныя дасягненні Беларусі, павагі да гісторыі, культуры, дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь. Немагчыма сёння жыць без гістарычнай памяці i ідэнтыфікацыі свайго месца ў грамадстве, што патрабуе паважлівых адносін да прадстаўнікоў розных сацыяльных пластоў i канфесій.
Як бачым, змястоўны блок “Мая Радзіма — Беларусь” у 4 класе адыгрывае асаблівую ролю ў фарміраванні функцыянальнай адукаванасці малодшых школьнікаў, бо яго засваенне забяспечвае гатоўнасць да паспяховага выкарыстання назапашаных ведаў i ўменняў у розных жыццёвых сітуацыях з улікам сфарміраванасці ўніверсальных кампетэнцый.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі