«Дыпламатыя на пяску»: дырэктар гімназіі № 1 Астраўца — аб планах і праектах

- 10:03Образование

Астравец — унікальны для Беларусі горад. Менавіта тут размешчана першая і пакуль адзіная ў нашай краіне атамная электрастанцыя. Ад паездкі ў Астравец заўсёды чакаеш чагосьці адметнага, незвычайнага, унікальнага. І горад атамшчыкаў ніколі не расчароўвае — толькі радуе.

Лепшая і бяспечная

Маё знаёмства з гімназіяй № 1 Астраўца адбылося год назад. Быў квітнеючы май, і дырэктар установы адукацыі Алена Севасцьян з гордасцю праводзіла экскурсію па гімназіі для журналіста “Настаўніцкай газеты”. Тут было і ёсць чым ганарыцца, нездарма гімназія № 1 прызнана лепшай установай адукацыі раёна за 2023 год.

Што ж змянілася за гэты час? Якія планы ўдалося ажыццявіць? Ці адкрылі новыя гарызонты педагогі ўстановы адукацыі?

— Год назад падчас нашай сустрэчы мы гаварылі пра тое, што плануем адкрыць у гімназіі цэнтр бяспекі як раённы рэсурсны цэнтр эфектыўных педагагічных практык, — расказвае Алена Чаславаўна. — Нам гэта ўдалося ажыццявіць, і ў гімназіі ўжо дзейнічае цэнтр бяспекі. Гэта сумесны праект нашай гімназіі, Астравецкага РАНС і расійскай інжынірынгавай кампаніі “АтамБудЭкспа”. Рэсурсны цэнтр — гэта чатыры памяшканні, якія адпавядаюць тэматычным лакацыям: “Правілы паводзін на вадзе”, “Правілы паводзін у лесе”, “Бяспечныя паводзіны ў побыце” і “Бяспека атамнай станцыі”. Нам ёсць куды ўдасканальвацца, бо хочацца напоўніць пляцоўкі інтэр­актыўным абсталяваннем, каб дзецям было цікава. Але і цяпер мы бачым, што ёсць запыт ад школ і старшых груп дзіцячых садоў не толькі нашага, але і найбліжэйшых раёнаў. Напрыклад, за бягучы год наш цэнтр бяспекі ў рамках шостага школьнага дня наведалі школы Ашмяншчыны.

Астравец мае ўнікальнае для Беларусі размяшчэнне — паблізу атамнага аб’екта, таму падрабязней пытаюся ў дырэктара гімназіі пра лакацыю “Бяспека атамнай станцыі”. Тут дзецям расказва­юць, што сабой уяўляе атам, як звычайная энергія пераўтвараецца ў атамную, як абаронена атамная станцыя, чаму гэта бяспечны аб’ект, якая ўдзельная вага чалавечага фактару ў рабоце атамнай станцыі, што гэта ўвогуле за механізм — атамная станцыя.

— Мы знаходзімся паблізу Беларускай АЭС, і наша гімназія з’яўляецца пунктам часовага размяшчэння насельніцтва. Таму з пэўнай цыклічнасцю, раз у два гады, у нас праходзяць маштабныя рэспубліканскія вучэнні, калі мы размяшчаем у сябе грамадзян. Канечне, мы вучым дзяцей і гаворым ім пра тое, як сябе паводзіць у выпадках, калі атрымана паведамленне пра небяспеку, калі адбылося надзвычайнае здарэнне. Напрыклад, як прымяняць ёд, што сабой уяўляюць ёдныя таблеткі, як яны выдаюцца і дзе захоўваюцца. Такім чынам, мы вучым дзяцей навыкам бяспечных паводзін, каб у выпадку пазаштатнай сітуацыі ці небяспекі ўзнікнення такой сітуацыі дзеці ведалі, што ім рабіць. Акцэнт робім на тым, што дзяржавай прымаюцца ўсе меры па абароне атамнага аб’екта, — рас­казвае Алена Севасцьян.

Турызм за круглым сталом

На балансе гімназіі № 1 Астраўца знаходзіцца турыстычны аб’ект — вежа “Альтанка” ў Варнянах. І гэта таксама рэдкая, калі не ўнікальная сітуацыя для ўстановы адукацыі. Аказваецца, калі з душой і розумам падыходзіць да справы, то любы праект будзе ўдалым і перспектыўным.

— Мы працавалі на гэтым аб’екце на працягу ўсяго года, — працягвае Алена Чаславаўна. — З гордасцю магу сказаць, што на сёння там адрамантаваны ўсе масты і альтанка на вадзе, абсталявана лесвіца, выкананы рамонт дзвярэй самой вежы і поўнасцю зроблены інтэр’ерныя работы на другім паверсе збудавання. Мы рыхтуем другі паверх — гэта круглая зала дыяметрам 4—5 метраў. Ужо зроблены для яе прыгожы дубовы стол, таксама круглы, і кругавыя лаўкі, што размесцяцца вакол стала. Мяркуецца, што тут будуць праходзіць віртуальныя экскурсіі, дзе турысты змогуць праз аўдыя­гід акунацца ў атмасферу сярэдневякоўя. Зараз выконваюцца работы па правядзенні на востраў электрычнасці і сеткі Wi-Fi для абсталявання камер відэаназірання. Думаем, што да канца чэрвеня работы будуць выкананы і востраў пачне функцыянаваць у плане электрыфікацыі ў поўным аб’ёме, што спросціць далейшую работу на турыстычным аб’екце. Такім чынам, мы падыходзім да канца тэхнічных работ і да пачатку самога праекта — наведвання вострава як турыстычнага аб’екта. Тэрыторыя таксама радуе вока: выса­джаны кветкi, дэкаратыўныя кусты, травы, уздоўж берага стаяць прыгожыя каваныя лаўкi. Вельмi хочацца, каб гэта быў маленькi ўтульны куточак маёй малой ра­дзiмы, дзе я нарадзiлася і вырасла.

З 2018 года гімназія бярэ ўдзел у расійскім праекце “Атамная энергія спорту”, які ахоплівае тэрыторыі, дзе размешчаны атамныя станцыі. Дзеці актыўна гуляюць у баскетбол, удзельнічаюць не толькі ў школьных, раённых турнірах, але і выязджаюць у гарады Расійскай Федэрацыі. Сёлета, напрыклад, наведалі Смаленск і Гагарын.

Па сцяжынках Гашкевіча

Яшчэ адзін важны напрамак работы гімназіі, які таксама пачаўся летась, — міжнароднае супрацоўніцтва з Калінінградскай вобласцю Расійскай Федэрацыі. Алена Севасцьян была ўдзельніцай стартавай канферэнцыі “Расія — Беларусь: моцнае партнёрства”, арганізаванай Гродзенскім абласным Саветам дэпутатаў і муніцыпалітэтатамі Калінінградскай вобласці. У сакавіку бягучага года была арганізавана паездка ў Светлагорск Калінінградскай вобласці. Па меркаванні Алены Чаславаўны, ад кожнай паездкі павінен быць практычны эфект: калі не эканамічны, то сацыяльны. Таму ў працэсе візіту Алены Севасцьян было прынята рашэнне аб супрацоўніцтве са школай № 1 горада і заключаны адпаведны дагавор.

— Канечне, пра вынікі гаварыць яшчэ рана, але мы складаем сумесны план дзеянняў і пачалі ствараць праект “Дыпламатыя на пяску”, — дзеліцца вопытам Алена Чаславаўна. — Я як дырэктар гімназіі хачу арганізаваць для нашых дзяцей адпачынак на Балтыйскім моры. З калегамі са Светлагорска ў нас шмат агульнага. Напрыклад, у светлагорскай школе плануюць стварыць цэнтр медыяцыі, а мы пачалі ўжо працаваць па гэтай тэме: у мінулым навучальным го­дзе ў нас прайшлі вучэбныя семінары для педагогаў па навыках бесканфліктных паво­дзін у падлеткавым асяроддзі, якія праводзілі спецыялісты ГрАІРА. Да таго ж мы з’яўляемся Школай міру, адной з задач якой з’яўляецца развіццё дзіцячай дыпламатыі. Астравеччына славіцца імем дыпламата Іосіфа Антонавіча Гашкевіча, таму мы вырашылі, што паспрабуем звярнуцца да дзіцячай дыпламатыі, бо лічым, што ідэя патрыятызму не павінна зводзіцца толькі да ваеннай формы. Я цвёрда пераканана, што мы павінны вучыць дзяцей навыкам паводзін у дарослым асяроддзі, культуры маўлення, учынкаў, прыбліжаных да жыцця.

У Расіі ёсць фонд Гарчакова — фонд падтрымкі дзіцячай дыпламатыі. Спецыялісты гэтага фонду далучацца да сумеснага беларуска-расійскага праекта, бу­дуць праводзіць анлайн-заняткі для ўдзельнікаў па навучанні дыпламатычнаму этыкету. Далей будуць арганізаваны конкурсы, віктарыны, прычым большасць мерапрыемстваў па зразумелых прычынах пройдзе анлайн. Гэтая работа будзе праводзіцца на працягу навучальнага года ў рамках шостага школьнага дня. А ў канцы навучальнага года запланаваны дзве рэальныя сустрэчы: дзеці са Светлагорска прыедуць у Астравец на экскурсію “Па сцяжынках Гашкевіча”, а юныя астраўчане накіруюцца на фестываль “Дыпламатыя на пяску” ў Светлагорск Калінінградскай вобласці. Удзельнікі праекта спадзяюцца, што супрацоўніцтва стане добрай традыцыяй і перарасце ў моцную дзіцячую дружбу і ўзаемаабмены паміж педагогамі дзвюх краін.

Не сцены, а масты

Што галоўнае для вас як кіраўніка гімназіі ў Год якасці? Якасныя веды? На што яшчэ вы звяртаеце ўвагу? — пытаюся ў Алены Севасцьян.

— Якасныя веды, несумненна, важны кампанент, але, на мой погляд, не самы важны, — ад­казвае дырэктар гімназіі. — Гісторыя мае шмат прыкладаў вучоных, якія дазвалялі выкарыстоўваць свае вынаходствы на шкоду чалавецтву. Калі мы гаворым пра якасць адукацыйнай паслугі, то гэта не зводзіцца толькі да ведаў. З гадамі бачыш, што не толькі веды ро­бяць чалавека паспяховым. Развіццё асобасных якасцей дзіцяці, такіх як эмпатыя, развітая камунікацыя, прыняцце іншага чалавека, адказнасць, садзейнічае ў далейшым фарміраванню яго як якаснага спецыяліста, сем’яніна, сябра, патрыёта. Таму ў бягучым навучальным годзе ў нас шмат увагі ўдзялялася выхаваўчым мэтам. Мы прыйшлі да высновы, і гэта можа стаць інавацыйнай пляцоўкай у гімназіі, што светапогляд дзіцяці фарміруецца пад уплывам і на прыкладзе аўтарытэтнага дарослага. І не заўсёды гэта класны кіраўнік, гэта можа быць настаўнік любімага прадмета. Дык, можа, больш эфектыўным будзе не класнае кіраўніцтва ў гімназіі, а, напрыклад, цьютарства? Хаця б на прыкладзе адной паралелі ў рамках інавацыі можна паспрабаваць гэта ажыццявіць.

І кадры ў гімназіі ёсць: нас­таўніца фізікі Галіна Віктараўна Унуковіч, настаўніца рускай мовы і літаратуры Марыя Антонаўна Блізнік, настаўнікі-метадысты (выкладчыкі замежнай мовы) Наталля Назараўна Ляшчэўская і Ніна Рыгораўна Свіла, намеснік дырэктара па пачатковай школе Таццяна Валянцінаўна Казак, якая рыхтуецца да прысваення катэгорыі “нас­таўнік-метадыст”, і многія іншыя педагогі.

Па словах Алены Севасцьян, гімназія — гэта не сцены, а масты. Масты стварэння, узаемадзеяння, кантактаў. Выхаваныя ў гэтых сценах 38 выпускнікоў мараць працаваць на роднай зямлі. Многія з іх плануюць вярнуцца ў Астравец на Беларускую АЭС. А значыць, малады горад атамшчыкаў будзе толькі прырастаць талентамі.

Наталля КАСТЭНКА