Калектыў Ветрынскай школы імя Д.В.Цябута падтрымлівае добрыя адносіны з сям’ёй легендарнага камбрыга

- 16:15Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Ветрынская сярэдняя школа імя Д.В.Цябута — адна з найстарэйшых на Полаччыне. У гэтым годзе ёй спаўняецца 160 гадоў. Лёсы выпускнікоў школы і жыхароў раёна сталі часткай гісторыі нашай краіны. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

На фасадзе будынка ўстаноўлены памятныя дошкі ў гонар земляка Аркадзя Барэйкі, Героя Савецкага Саюза, і былога вучня юнага абаронцы ­Брэсцкай крэпасці Пятра Клыпы. У фае школы — гарэльеф не менш вядомаму земляку Дзмітрыю Цябуту — легендарнаму каман­дзіру партызанскай брыгады імя К.Варашылава, дзяржаўнаму дзеячу.

— Ветрынская школа ганарыцца сваім народным комплексным музеем, які ствараўся дзесяцігоддзямі сіламі настаўнікаў і вучняў праз пошукавую і даследчую работу. У 1957 годзе тут пачаў дзейнічаць музей баявой і працоўнай славы, — расказала дырэктар установы Таццяна Пецюль. — У музеі, агульная плошча якога складае 171 кв.м, каля 5 тысяч экспанатаў асноўнага фонду і 1,5 тысячы — дапаможнага, што размешчаны ў этнаграфічным, ваенна-гістарычным, гісторыка-краязнаўчым і літаратурна-краязнаўчым раздзелах.

Тут можна ўбачыць і патрымаць у руках прадметы побыту, якія традыцыйна былі ў сялянскай хаце і сенях, выкарыстоўваліся ў працэсе апрацоўкі лёну, зерня і пры стварэнні вырабаў з іх. Асобны раздзел прысвечаны жыццёваму і творчаму шляху ўраджэнца Полаччыны Б.І.Эпімах-Шыпілы — вучонага-філолага, лінгвіста, выдаўца, аўтара беларускай рукапіснай хрэстаматыі, паліглота (валодаў 20 мовамі, у тым ліку санскрытам). Сабрана багата інфармацыі пра ўзаемаадносіны Б.І.Эпімах-Шыпілы і Янкі Купалы.

Асобныя экспазіцыі прысвечаны гісторыі Ветрына і мясцовай школы, абаронцу Брэсцкай крэпасці Пецю Клыпу, перыяду акупацыі, Ветрынскаму гета і вызваленню раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, захоўваюцца ўспаміны ўдзельнікаў вайны.

Дзейнасць народнага комплекснага музея пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Лізаветы Лабецкай разнастайная. Для гасцей распрацаваны тэматычныя экскурсіі і турыстычныя маршруты. З 1 класа дзеці зай­маюцца музейнай дзейнасцю, вандру­юць па Ветрынскім краі, наведваюць музеі Полацка.

У гуртках “Юны краязнавец” і “Полаччына — мой край родны” займаюцца вучні 5—6 класаў. Яны спрабуюць сябе ў ролі экскурсаводаў. У некаторых атрымліваецца вельмі добра. Так, вучаніца 10 класа Арына Арол атрымала дыплом ІІІ ступені на абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу юных экскурсаводаў музеяў устаноў адукацыі ў намінацыі “Музей установы адукацыі комплекснага (краязнаўчага) профілю”.

Школьнікаў далучаюць да даследчай дзейнасці пад кіраўніцтвам настаўніц-філолагаў Вікторыі Луцко і Наталлі Зарэцкай. За работу, прысвечаную жыццю і дзейнасці камандзіра партызанскай брыгады імя К.Варашылава Д.В.Цябута, імя якога но­сіць школа, на НПК “80 гадоў прарыву варожай блакады Полацка-Лепельскай партызанскай зоны. Людзі. Падзеі. Факты” дзесяцікласніца Любоў Лушчык адзначана дыпломам ІІІ ступені. У самым сэрцы музея размешчаны экспазіцыя аб арганізацыі партызанскага руху і вялікі партрэт Дзмітрыя Цябута, які напісаў былы настаўнік школы ветэран вайны Мікалай Сільваненка.

— Дзмітрый Цябут вучыўся на Полаччыне, дзе і пачаў працаваць як сельскі настаўнік. Узначальваў аддзел адукацыі ў Ветрыне, а ў пачатку 1941 года быў прызначаны старшынёй Ветрынскага райвыканкама, — расказала юная даследчыца Любоў Лушчык. — У першы год вайны Цябут быў палітруком роты, а ў чэрвені 1942-га — накіраваны ў тыл ворага для арганізацыі партызанскага руху ў Ветрынскім раёне на чале спецыяльна падрыхтаванай групы. У далейшым ён узначаліў партызанскія атрады “Мсцівец” і “Смерць фашызму”, на базе якіх была ўтворана партызанская брыгада імя К.Варашылава (уваходзіла ў агульную сістэму абароны Полацка-Лепельскай зоны). Партызаны ўмацоўвалі абарончыя рубяжы і ажыццяўлялі шматлікія дыверсіі на чыгунцы і шашэйных дарогах: падрыў рэек, мастоў, знішчэнне тэлеграфна-тэлефоннай лініі сувязі.

…Вясной 1944 года для ліквідацыі фарміраванняў Полацка-Лепельскай зоны нацыстамі была распрацавана самая буйная за ўсю вайну карная аперацыя “Вясновае свята” супраць партызан і мірнага насельніцтва. 11 красавіка пачалося наступленне. Карнікі мелі 60-тысячную групоўку, якая ўключала франтавыя часці, ахоўныя, эсэсаўскія і паліцэйскія фарміраванні, танкі, самалёты, гарматы. Ім супрацьстаялі 16 партызанскіх брыгад колькасцю 17 тысяч чалавек пад агульным кіраўніцтвам Ула­дзі­міра Лабанка. На ўзбраенні партызан былі вінтоўкі, супрацьтанкавыя стрэльбы, кулямёты, мінамёты і гарматы. 20 дзён доўжыліся кровапралітныя баі. 1 мая рэшткі партызанскіх брыгад сканцэнтраваліся ў Матырынскім лесе на захадзе ад Ушач. Прарыў павінны былі ажыццявіць стомленыя, галодныя, зраненыя, але непераможныя людзі. Дзякуючы таленту военачальніка і мужнасці ­Д.Цябута, у ноч з 4 на 5 мая каля вёсак Пліно і Паперына Ушацкага раёна партызаны здзейснілі гераічны прарыў блакады і вывелі з акружэння 15 тысяч мірных жыхароў. Гэты прарыў стаў легендарным. Партызанскія брыгады прадоўжылі баявыя дзеянні і адыгралі значную ролю ў поспеху аперацыі “Баграціён”. Заслугі Д.Цябута былі адзначаны ордэнам Кутузава І ступені.

Пасля вызвалення Полаччыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (ліпень 1944 года) Дзмітрый Цябут праявіў выдатныя арганізатарскія здольнасці ў справе аднаўлення разбуранай народнай гаспадаркі. Працаваў у Полацкім, Віцебскім абкамах КПБ і на высокіх пасадах у сталіцы, быў старшынёй Мінскага аблвыканкама. Ез­дзіў па краіне, займаўся карпатлівай працай, пісаў кнігі (“На зямлі абпаленай”, “На зямлі вызваленай”, “Шлях да Перамогі”, “Скрозь агонь”). Нягледзячы на вялікую занятасць, Дзмітрый Васільевіч знаходзіў час пабыць з сям’ёй — жонкай Лідзіяй Пятроўнай, дочкамі Галінай, Марынай і Тамарай, унукамі.

Не стала Д.Цябута 3 студзеня 1987 года, і ў гэтым жа годзе Ветрынскай сярэдняй школе было прысвоена імя легендарнага камбрыга. Калектыў школы падтрымлівае добрыя адносіны з сям’ёй Дзмітрыя Васіль­евіча. Доўгія гады педагогі і вучні збіралі ўспаміны аб ім у жыхароў пасёлка. У музеі беражліва захоўваюцца асабістыя рэчы Д.В.Цябута, фатаграфіі, дакументы, газетныя матэрыялы, лісты і віншаванні, тэлеграмы сям’і Дзмітрыя Васільевіча і яго сябра Алеся Савіцкага, былога партызана брыгады імя К.Варашылава, беларускага пісьменніка, чые кнігі
і ўспаміны таксама знаходзяцца ў музеі.

Дзмітрый Цябут узнагароджаны сямю ордэнамі, у тым ліку трыма ордэнамі Леніна. Адна з вуліц Полацка носіць яго імя. Магчыма, і ў Мінску праз пэўны час разам з вядомымі вуліцамі Лабанка і Прытыцкага з’явіцца вуліца Дзмітрыя Цябута.

На Міншчыне многія людзі ўспаміна­юць перыяд з сярэдзіны 1960-х гадоў, калі адчуваліся змяненні да лепшага. У гэты час Дзмітрый Васільевіч быў старшынёй Мінскага аблвыканкама. Пад яго кіраўніцтвам вобласць двойчы ўзнагароджвалася ордэнам Леніна.

— Мне здаецца, што прыклады гераічнай працы беларускага народа па пасляваенным аднаўленні і развіцці краіны трэба больш актыўна выкарыстоў­ваць у патрыятычным выхаванні моладзі, — падкрэсліла падчас сустрэчы дачка легендарнага камбрыга Тамара Цябут, кардыёлаг, доктар медыцынскіх навук, прафесар. — Людзі яшчэ памятаюць, як летам 1963 года выстройваліся доўгія чэргі па хлеб. Гэта адбылося з-за маштабнага неўраджаю папярэдняга года. Таму ў краіне былі зроблены вялікія намаганні па захаванні харчовай бяспекі. Спецыялісты і кіраўнікі Мінскай вобласці працавалі як адзіная каманда, дапамагаючы адно аднаму, знахо­дзячы неабходныя рашэнні. Калі праблемы мелі сістэмны характар, іх вырашала вышэйшае кіраўніцтва рэспублікі. У кароткія тэрміны ў сельскай гаспадарцы ўдалося ўкара­ніць і ўдасканаліць шмат эфектыўных метадаў і тэхналогій, навуковых распрацовак. Было шырока наладжана павышэнне кваліфікацыі кіраўнікоў і спецыялістаў сельскай гаспадаркі. Склаўся комплекс, які цяпер называецца сістэмай экалагічна збалансаванага земляробства. Ён забяспечвае і сённяшнюю харчовую бяспеку.

Мы з сястрой у той час былі падлеткамі, імкнуліся часцей бачыць тату. На работу ён ішоў а 7-й гадзіне раніцы, а вяртаўся пасля 9 вечара. Практычна ўсе выхадныя працаваў, таму мы прасіліся да яго ў машыну і разам ехалі па гаспадарках вобласці. Бацька шмат размаўляў з людзьмі, кіраўнікамі раёнаў, спецыялістамі і звычайнымі работнікамі сельскай гаспадаркі.

У Ветрынскай школе склалася традыцыя ўсім выпускнікам дарыць кнігу мясцовага краязнаўца настаўніка гісторыі Віктара Карасёва “У памяці людской назаўжды”. У выданне ўвайшлі архіўныя матэрыялы, газетныя пуб­лікацыі, фотаздымкі, успаміны людзей, якія працавалі з Дзмітрыем Цябутам. Ёсць яшчэ адна традыцыя — 24 кастрычніка адзначаць дзень нараджэння легендарнага камбрыга. Вучні і педагогі наведваюць в.Пуканаўку — радзіму Дзмітрыя Васільевіча — і мемарыяльныя комплексы партызанскай славы “Гомель” і “Прарыў”, праводзяць вечары памяці, літаратурныя чытанні, рыхтуюць даследаванні.

Цікавы факт: у год святкавання 40-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Д.В.Цябут падрыхтаваў артыкул “На няскоранай зямлі”, які быў надрукаваны ў “Настаўніцкай газеце” 27 чэрвеня 1984 года.

Дырэктар школы Т.Пецюль добра памятае гэты год. Будучы вучаніцай 9 класа, яна стала ўдзельніцай мітынгу ў вёсцы Гомель каля мемарыяльнага комплексу, на якім прысутнічаў Дзмітрый Цябут. Пра кульмінацыю мерапрыемства можна даведацца з надпісу ля падножжа помніка: “Тут 7 ліпеня 1984 года закладзена капсула з запаветам нашчадкам. Адкрыць у 2045 годзе”. У тэксце запавету ёсць словы: “За 40 мірных гадоў, за 40 гадоў стваральнай працы наша краіна імкліва ўзнялася на высокія рубяжы эканамічнага, сацыяльнага і духоўнага прагрэсу. Вам працягваць нашу справу, мацаваць магутнасць Радзімы і прымнажаць яе багацце, любіць Айчыну так, як любілі яе мы”.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара