«Гэта тая структура, якая заўсёды дапаможа». У Мінску ўзнагародзілі прафактывістаў — выпускнікоў ВНУ з усёй краіны

- 11:24Новости

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі падзячнымі лістамі ўзнагародзілі больш за 70 выпускнікоў розных ВНУ краіны — самых ініцыятыўных актывістаў Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Мерапрыемства ўпершыню прайшло на рэспубліканскім узроўні: у сталіцу з’ехаліся актывісты з усёй Беларусі. Гэта тыя, хто ўнёс значны ўклад у развіццё студэнцкай прафсаюзнай арганізацыі, абараняў сацыяльна-эканамічныя правы студэнтаў.

— Хачу пажадаць усім выпускнікам развіцця ў прафесійным і духоўным плане, а таксама дасягнення пастаўленых мэт. Наша дзяржава ўдзяляе вялікую ўвагу моладзі і робіць усё для таго, каб кожны з вас абавязкова быў запатрабаваны і паспяховы ў сваёй краіне, — адзначыла ў сваім віншаванні старшыня галіновага прафсаюза Таццяна Якубовіч.

Па яе словах, сёння такія ўрачыстыя мерапрыемствы набываюць асаблівы сэнс. Беларусь апынулася на перадавой палітычных, эканамічных і інфармацыйных войнаў, бесперапынных спроб скажэння гісторыі — таму вельмі важна захаваць мір і згоду ў грамадстве. Таксама Т. Якубовіч падкрэсліла, што члены прафсаюза не могуць быць абыякавымі.

Свята маладосці, добрых спраў і светлых надзей — так казалі пра мерапрыемства самі ўдзельнікі. Яны ахвотна дзяліліся паміж сабой вопытам прафсаюзнай работы, планамі на будучыню. Дарэчы, каля трэці членаў галіновага прафсаюза маюць узрост да 35 гадоў. Самыя цікавыя сацыяльныя праекты моладзі аб’яднанне падтрымлівае матэрыяльна — на іх рэалізацыю выдзяляюцца фінансавыя сродкі.

Падчас вучобы напрамак дзейнасці прафактывістаў быў розны: хтосьці ўдзельнічаў у культурна-масавай і грамадскай рабоце, хтосьці — у спартыўных мерапрыемствах. Некаторыя атрымлівалі стыпендыю ФПБ і галіновага прафсаюза.

На ганаровае ўзнагароджанне сабраліся выпускнікі тэхнічных, гуманітарных, творчых спецыяльнасцей. Ангеліна Турло скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, дзе ў тым ліку праявіла сябе ў прафсаюзнай дзейнасці. Кажа, развітвацца з ВНУ не збіраецца — плануе застацца тут працаваць у навуковай лабараторыі, таксама будзе выкладаць.

— З трэцяга курса я была старшынёй цэхавай прафсаюзнай арганізацыі на сваім факультэце, — адзначыла Ангеліна. — Дзякуючы прафсаюзу маё студэнцкае жыццё было насычана цікавымі падзеямі. У асноўным мы займаліся правядзеннем культурных мерапрыемстваў. Прафсаюз дае выдатную магчымасць праявіць сябе.

Выпускнік Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Максім Свірскі ў актыўную прафсаюзную дзейнасць уключыўся з першага курса. Дарос да старшыні цэхавай прафсаюзнай арганізацыі інжынернага факультэта.

— Мы арганізавалі безліч мерапрыемстваў інфармацыйнага, культурна-масавага характару, — расказаў Максім. — Акцэнт рабілі на сацыяльнай падтрымцы студэнтаў. Напрыклад, па маёй ініцыятыве ва ўніверсітэце праходзіў «Дзень спантаннай дабрыні». Першакурснікам хачу сказаць: не сумнявайцеся,  прафсаюз — гэта тая структура, якая заўсёды дапаможа.

Арганізатары мерапрыемства пажадалі моладзі лёгкага і плённага прафесійнага шляху, а таксама ніколі не страчваць светлага імкнення працаваць на карысць людзям.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара і БелТА