«Крок да поспеху»: тытулаваны гандбаліст сустрэўся з юнымі спартсменамі Маларытчыны

- 14:24Новости

Для дзяўчынак і хлопчыкаў, якія наведваюць дзённы спартыўна-аздараўленчы лагер «Алімпіец» на базе ДЮСШ Маларыцкага раёна, адбылася незабыўная падзея: да іх у госці завітаў тытулаваны гандбаліст, майстар спорту міжнароднага класа Барыс Пухоўскі.

Мерапрыемства праходзіла ў рамках рэспубліканскай інфармацыйна-асветніцкай акцыі «Крок да поспеху».

Барыс Пухоўскі расказаў пра сябе, сям’ю і захапленні, свой шлях у вялікі гандбол, адказаў на шматлікія пытанні школьнікаў. Падчас сустрэчы арганізаваў размінку з юнымі спартсменамі і ў складзе адной з каманд правёў два матчы. Дарэчы, разам з ім гулялі і сыны Арцём і Ягор. Па выніках былі вызначаны лепшыя гульцы — Арына Дзямід і Павел Ваяводскі — яны атрымалі спецыяльныя кубкі. Акрамя таго, Б. Пухоўскі разам са старшым трэнерам — начальнікам нацыянальнай каманды Беларусі па гандболе Васілём Леўчуком падарылі ДЮСШ Маларыцкага раёна гандбольныя мячы, майкі і манішкі.

Барыс Пухоўскі з 18-гадовага ўзросту выступаў за нацыянальную зборную Беларусі па гандболе. Абараняў яе гонар на чэмпіянатах свету 2013, 2015 і 2017 гадоў, а таксама на чэмпіянатах Еўропы 2008, 2014, 2016 і 2018 гадоў. Згуляў за зборную 184 матчы.

А пачынаў кар’еру гандбаліста ў 2002 г. у мінскім СКА, у 2009-м перабраўся ў «Дынама» (Мінск), але ў пачатку 2012-га вярнуўся ў склад армейцаў і дапамог клубу ў 2013-м выйграць еўрапейскі Кубак выкліку. З 2022-га гуляе за гандбольны клуб «Вайводзіна». У складзе яго сёлета стаў уладальнікам Суперкубка Сербіі. За час прафесійнай кар’еры закінуў у вароты сапернікаў 845 мячоў.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі
Фота аўтара