Выратавала жыцці 104 малышоў. Як у дзіцячым садзе № 24 Полацка шануюць подзвіг Паліны Партновай

- 13:15Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

“Выратаваць! Нельга пакінуць!” Гэта радок з верша педагога­-псіхолага дзіцячага сада № 24 Полацка Ганны Нячаевай, прысвечаны гераічнай жанчыне Паліне Партновай. Дзякуючы ёй падчас вайны былі выратаваны жыцці 104 маленькіх дзяцей. Імя героя прысвоілі ўстанове. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Калі Ганна Нячаева ўладкавалася ў 24-ы дзіцячы сад Полацка, яна не магла нават уявіць, што з канца 40-х гадоў старшым выхавальнікам тут працавала яе прабабуля Софія Марозава. Загадвала ўстановай, на той час гарадскімі яслямі № 1, Паліна Партнова. Знаходзіліся яслі ў тых жа сценах, дзе сёння размяшчаецца 24-ы дзіцячы сад (будынак 1936 года). Ганна даведалася пра гэта, калі гартала старыя фотаальбомы, што захоўваюцца ва ўстанове. З таго моманту ўдзел у рабоце па захаванні памяці аб Паліне Партновай стаў для маладога педагога асабліва значным.

…З 1938 года Паліна Партнова загадвала домам дзіцяці імя ­К.Самойлавай для самых маленькіх сірот ва ўзросце ад 1 месяца да 4 гадоў. З 1941 года ён размяшчаўся ў адным будынку з гарадскімі яслямі № 1.

— З першых дзён вайны Полацк моцна бамбілі. Гінулі людзі, сірацелі дзеці. Паліна Сяргееўна паставіла перад старшынёй гарвыканкама задачу — эвакуіраваць дзяцей у тыл. Усяго іх было 104, у тым ліку 20 немаўлят. Для эвакуацыі далі чатыры грузавікі. Займаліся ўсім восем супрацоўніц дзіцячага дома. Дапамагалі ім уласныя старэйшыя дзеці. Бамбілі цэнтральную частку горада. На тое, каб выратаваць выхаванцаў, было ўсяго некалькі гадзін, — расказала Ганна Гена­дзьеўна.

Узялі самае неабходнае. Немаўлят размяшчалі ў шуфлядах, клалі на сена ў кузаве. Паліна Сяргееўна і яе супрацоўніцы ішлі пешшу, ехалі на бартах. Дабраліся да вёскі Булаўкі Полацкага раёна, далей 40 км ішлі пешшу да Домнікаў. Потым зноў ехалі на грузавіках. Па дарозе падбіралі хлопчыкаў і дзяўчынак, якія засталіся без бацькоў.

“Ішлі палямі, прасёлачнымі дарогамі, лясамі. Паліла сонца, даймалі камары, гнюс. Даводзілася начаваць і пад адкрытым небам. Малых абмывалі, мылі бялізну на прывалах. Насельніцтва дапамагала чым магло — то малака дадуць, то пялёнак, то яшчэ чаго. А наўздагон грымеў, насядаў фронт”, — расказвае пра тыя па­дзеі ў сваёй кнізе “Чалавек нясе ў сабе мір” Юрый Бондараў.

Падчас аднаго з фашысцкіх абстрэлаў, хаваючыся з малымі ў лесе, Паліна Партнова прамовіла: “Калі не выхапім з агню ўсіх дзетак, няма нам прабачэння. Цяпер яны наш лёс”.

…З Калініна ехалі на Яраслаўль, з Горкага на парахо­дзе да Казані, з Чабаксар у Шумерлю Чувашскай АССР. Ганна Генадзьеўна прадэманстравала карту, дзе пазначаны шлях у 1307 км. Правёўшы ў дарозе два месяцы, восенню 1941-га выхаванцы і персанал дзіцячага дома шчасліва дабраліся да Шумерлі, дзе іх сустрэлі мясцовыя жыхары. Разабралі дзяцей і панеслі ў падрыхтаваны для іх дзіцячы сад. Дзіўнае ў гэтай гісторыі тое, што былі выратаваны ўсе 104 дзіцяці.

“…И боль, и страх превозмогая, // Уберегли детей назло судьбе. // А в сердце была цель святая: //
Все ради жизни на земле!”
 — піша пра подзвіг супрацоўніц дзіцячага дома Ганна Нячаева.

Пасля вайны ўсе вярнуліся ў Беларусь. Дом дзіцяці пераехаў у Глыбокае. Далейшы лёс ужо дарослых яго выхаванцаў — гэта велізарны пласт архіўнай работы, якая вядзецца да гэтага часу. Яны сустракаліся, прыязджалі адно да аднаго ў госці цэлымі сем’ямі, рабілі сумесныя фота, якімі дзяліліся з Палінай Сяргееўнай. Здымкі падпісвалі “любімым бабулі і дзядулі ад унукаў” — так звярталіся яны да сваёй выратавальніцы і яе мужа Сямёна Паўлавіча.

Загадчыцай гарадскіх ясляў № 1 Полацка Паліна Партнова працавала з 1947 па 1964 год. Будучы на заслужаным адпачынку, яна часта прыязджала ў госці да калег і малышоў, лічыла гэтае месца сваім другім домам.

Паліна Партнова ўзнагароджана ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета Чувашскай АССР і Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, трыма медалямі. Але галоўнай узнагародай для яе была шчырая падзяка дзетак за жыццё і будучыню на роднай зямлі.

Змагалася за кожнага

З педагогамі 24-га дзіцячага сада мы размаўлялі ў памяшканні міні-музея, прысвечанага Паліне Партновай.

— Да вайны тут была прагулачная веранда для малышоў, — паведаміла загадчыца ўстановы Ларыса Чабаненка. — Вокны адчыняліся цэлы год, а на сталах мы раскладвалі грудных дзяцей, каб тыя дыхалі свежым паветрам. Зараз тут захоўваюцца ўнікальныя экспанаты. Дзякуючы ўнучцы Партновай Таццяне, якая жыве ў Маскве, і праўнучцы Святлане з Мінска, мы атрымалі фотаальбомы Паліны Сяргееўны з архіўнымі здымкамі. Многае знайшлі самі: лісты, граматы, дакументы, кнігі, паштоўкі, цацкі савецкіх часоў. Унікальныя рэчы — запісная кніжка Паліны Сяргееўны 1941 года з яе нататкамі аб эвакуацыі дзяцей, а таксама спісы малышоў (нам даслалі фотакопіі), напісаныя яе рукой.

Галоўным здабыткам сталі ўспаміны родных і блізкіх Паліны Партновай, з якімі ў педагогаў дзіцячага сада склаліся добрыя адносіны.

— Разам з праўнучкай Святланай мне пашчасціла пабы­ваць у кватэры Паліны Сяргееўны ў Полацку, дзе цалкам захавана абстаноўка мінулых гадоў, калі тут жыла іх сям’я, — адзначыла намеснік загадчыка ўстановы Ірына Дзянікіна. — На сценах — карціны, вышытыя Палінай Сяргееўнай. Штогод 2 мая, у яе дзень нараджэння, родныя і блізкія прыязджаюць у Полацк, каб сабрацца за вялікім сямейным сталом.

Ірына ДЗЯНІКІНА: Наша галоўная мэта — пошук выратаваных выхаванцаў дзіцячага дома і іх сваякоў. Плануем даведацца пра іх лёс, запісаць успаміны. Спадзяёмся, што фотаздымкі, газетныя артыкулы, дапамога родных Паліны Сяргееўны зробяць нашы намаганні паспяховымі.

— Для кожнага ў нашай сям’і ўчынак Паліны Сяргееўны з’яўляецца нормай, — падкрэсліла праўнучка Святлана. — Ці можна было зра­біць інакш, калі ты нясеш адказнасць за жыцці маленькіх дзяцей і свайго персаналу? Трэба было змагацца за кожнага з іх. Але для адных гэта подзвіг, а для іншых — боль. Жанчына прайшла праз неверагодны страх, атрымала псіхалагічныя траўмы… Таму яна амаль не гаварыла з дзецьмі і ўнукамі пра вайну. Я ж памятаю сваю прабабулю як вельмі прыгожую жанчыну, якая даглядала сябе, насіла яркае адзен­не, заўсёды рабіла прычоску.

Яблыневы цвет

Пра подзвіг Паліны Партновай напісана ў кнігах, архіўных дакументах і газетах. Валянцін Чупыркін, член Саюза журналістаў СССР, былы выхаванец дома дзіцяці імя К.М.Самойлавай, прысвяціў Партновай паэму “Апаленыя вайной”, якая пачынаецца з радкоў “Пагаварыце пра героя, хто за радзімы край гарой, хто двойчы, тройчы, нават болей і па-сапраўднаму — Герой!”.

— Імя Паліны Партновай увекавечана на мемарыяльнай дошцы нашай установы 17 верасня 2022 года, — сказала Ларыса Леанідаўна. — А 11 лістапада 2022 года дзіцячаму саду № 24 прысвоена імя гераічнай жанчыны. Напярэдадні дня нараджэння Паліны Сяргееўны мы наводзім парадак на месцы яе пахавання ў Полацку. У маі 2023 года на тэрыторыі нашага дзіцячага сада была высаджана алея памяці “Яблыневы цвет”. Ёсць тут і яблынька, пасаджаная самой Палінай Партновай, якая прыносіць добры ўраджай. Яблыневая галінка з’яўляецца сімвалам нашай установы.

Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” прыняла ўдзел у пасадцы чарговага саджанца яблыні на алеі памяці.

Ва ўстанове рэалізуецца праект памяці П.С.Партновай. Вывучаліся матэрыялы занальнага дзяржаўнага архіва ў Полацку, Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, інтэрнэт-крыніц, аформлены інтэрактыўныя стэнды з QR-кодамі. Прайшла сустрэча з Тамарай Ушал — выхавальніцай, якая працавала пад кіраўніцтвам Партновай. Выпушчаны часопіс для бацькоў і педагогаў пра жыццё легендарнай палачанкі. Вядзецца работа з выхаванцамі. Прайшла тэматычная экскурсія ў дзіцячым музеі Полацка. Падрыхтавана літаратурна-музычная кампазіцыя, прысвечаная П.Партновай, збіраюцца матэрыялы для музея ў чамадане. Наладжана перапіска з сярэдняй школай № 3 і прадстаўнікамі музея горада Шумерлі. У планах — арганіза­ваць тэлемасты.

 Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара і з архіва ўстановы