Справа жыцця: педагог і вучоны Роза Сярмяжка-Зінава адшукала звесткі пра ўсіх сваіх 17 родных, хто ваяваў

- 14:181944: путь к освобождению

Сямнаццаць чалавек з ліку родных педагога і вучонага-­геолага Розы Адамаўны Сярмяжка-­Зінавай, якой у наступным годзе споўніцца 90 гадоў, удзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне, шасцёра з іх загінулі ў баях. Яна падзялілася з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” тым, што, як кажа, не мае права не расказаць.

Усе мае героі

— Гэта звесткі пра маіх родных, якія ваявалі за Радзіму. Усе яны мае героі, — успамінае Роза Адамаўна і старанна гартае старонкі рукапіснай кнігі памяці. — Інфармацыю пра іх я збірала ўсё сваё жыццё. 

Р.А.Сярмяжка-Зінава

І сапраўды, Роза Сярмяжка-Зінава выканала вялікую работу: звярталася ў розныя структуры, нават за мяжой. Ёй шмат чаго ўдалося даведацца, можа, яшчэ і таму, што пошук — яе прызванне. Родам з беларускай вёсачкі Старая Князеўка Мінскай вобласці, яна скончыла Ленінградскі дзяржаўны ўніверсітэт, пасля чаго малады геолаг з 1958 па 1973 год працавала кіраўніком атрада ў Карагандзінскай геалагічнай экспедыцыі ў Казахстане. Ужо потым у Маскве, у Геалагічным інстытуце АН СССР, яна скончыла аспірантуру і стала кандыдатам навук, каля трох дзясяткаў гадоў працавала старшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце геахіміі і геафізікі АН БССР. Адначасова выкладала геаграфію ў мінскай школе, потым у гімназіі.

— Я звярталася ў архіў Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ, у Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, у службу пошуку Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, Віцебскі абласны ваенны камісарыят, — дзеліцца настаўніца. — Нават у Пасольства Латвійскай Рэспуб­лікі ў Беларусі. У інтэрнэце вывучала спісы беззваротных страт камандна-­начальніцкага і радавога складу. Шмат чаго засталося і з успамінаў маёй маці, Людмілы Мікіцішны Малашкевіч-­Сярмяжка, якая, дарэчы, падчас вайны была сувязной партызанскага атрада “Бальшавік” партызанскай брыгады імя М.Шчорса. І гэта яшчэ не поўны спіс крыніц… У сям’і маёй маці было чатыры браты, тры з якіх у вайну загінулі. Не вярнуўся і брат майго баць­кі, Адама Макаравіча Сярмяжкі. А баць­ка мой таксама быў у партызанах. Усяго ж з нашых родных ваявалі 17 чалавек, з іх 6 не вярнуліся дамоў.

Бацька і маці Р.А.Сярмяжка-Зінавай

Першым Роза Адамаўна ўспамінае свайго дзядзьку Аляксея Малашкевіча, які загінуў на пачатку вайны, у верасні 1941 года. Ён жыў у вёсцы Новая Князеўка, быў пастухом. Таму добра ведаў наваколле — лясы, балоты, што было вельмі карысна для арганізацыі партызанскага атрада. Але знайшоўся здраднік, які выдаў мсціўцаў немцам. Тыя нечакана наляцелі на вёску, забілі партызан, гаспадароў хат, дзе яны хаваліся, у тым ліку і Аляксея Малашкевіча, у якога засталося шасцёра дзяцей. У роднай вёсцы ён і пахаваны. Звесткі пра яго можна знайсці ў кнізе “Па­мяць: Бярэзінскі раён”.

Пётр Малашкевіч

— Другі брат маёй маці, Уладзі­мір Малашкевіч, жыў у той жа вёсцы, быў старшынёй калгаса, — працягвае размову педагог. — Займаўся пчалярствам. Меў 10 дзяцей! Перад вайной ён пераехаў у Расію, адкуль і быў прызваны на фронт. Служыў радавым у 8-й гвардзейскай стралковай дывізіі. Загінуў у баі амаль напярэдадні Перамогі — у сакавіку 1945-га на тэрыторыі Латвійскай ССР. Доўга шукала месца яго пахавання, звярталася ў Латвійскі Чырвоны Крыж. Па маёй просьбе мясцовыя арганізацыі апытвалі жыхароў, якія жылі непадалёк яго магчымага месца гібелі, але безвынікова. Тым не менш знайшлася адна магіла, у якой ён можа быць пахаваны. Дарэчы, тры сыны Уладзіміра Малашкевіча таксама ваявалі. Малодшы загінуў, а старэйшы, Пётр, калі пачалася Вялікая Айчынная, заканчваў Мінскае тэатральнае вучылішча, пачынаў ужо выходзіць на сцэну тэатра імя Янкі Купалы. Хто ведае, можа, калі б не вайна, стаў бы вядомым акцёрам. Удзельнічаў у вызваленні Прагі, Берліна. Перамогу сустрэў кіраўніком штаба батальёна аўтаматчыкаў, пасля вырашыў стаць ваенным, служыў ва Узброеных сілах СССР. У запас выйшаў у званні маёра.

Хто шукае — знойдзе

— Сабраць звесткі пра ўсіх 17 чалавек было няпроста, — адзначае Роза Адамаўна. — Часам здавалася, ужо нічога не знайду. Але, на шчасце, пра кожнага адшукалася інфармацыя, а за кожнай гісторыяй — чалавечы лёс. У жыцці тых, хто перажыў тую вайну, яна назаўсёды пакінула цяжкі след.

Рыгор Малашкевіч

Успамінае настаўніца і пра свайго стрыечнага брата Рыгора Малашкевіча. На пачатку вайны ён толькі скончыў 7 класаў. Адразу пайшоў у партызаны. 25 чэрвеня 1944 года ў вёсцы Глівіна Барысаўскага раёна Мінскай вобласці знішчыў апорны пункт немцаў, захапіў каштоўныя дакументы, за што быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Меў і іншыя ўзнагароды. Пасля вайны некаторы час служыў у Германіі. У 50-я вярнуўся, быў інструктарам райкама партыі, потым старшынёй калгаса ў вёсцы Уша. Выхаваў 5 сыноў, тры з іх сталі ваеннаслужачымі. Малодшы ваяваў у Афганістане.

— Яшчэ адзін мой стрыечны брат, Мікалай Малашкевіч, таксама пайшоў ваяваць, як толькі яму споўнілася 18 гадоў, быў кулямётчыкам, — працягвае Роза Сярмяжка-Зінава. — Змагаўся ў складзе 220-й стралковай дывізіі ў званні малодшага сяржанта. Быў смяротна паранены каля вёскі Кірэева Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці, у шпіталі памёр ад цяжкіх ран. Ужо пасля вайны быў перапахаваны ў мемарыяльным комплексе “Рыленкі”, што ў Аршанскім раёне.

Да самога Рэйхстага

— А вось брат маёй маці Антон Малашкевіч літаральна чатыры дні не дажыў да ўзяцця Рэйхстага, — расказвае настаўніца. — Родам з Новай Князеўкі, у самым пачатку вайны ён уступіў у партызанскі атрад, пасля вызвалення Беларусі прымаў удзел у парадзе партызан у Мінску. Пасля быў прызваны ў Чырвоную Армію. На мой запыт у Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі атрымала адказ: “Тэлефаніст 328-га артылерыйскага палка 150-й стралковай дывізіі, радавы Малашкевіч Антон Мікіціч, 1905 г. н., ураджэнец Бярэзінскага раёна… загінуў 26.04.1945 года, пахаваны ў г. Берліне”. У свой час мая маці вельмі прасіла мяне адшукаць магілу дзядзькі Антона ў Берліне і наведаць яе. Мае пошукі не далі выніку, а звярталася я нават у нямецкі Чырвоны Крыж. Але мне ўдалося даведацца, што ён загінуў непадалёк Рэйхстага. Даво­дзілася мне чытаць успаміны Г.Жукава, дзе ён апісвае, што самыя жорсткія баі ішлі ў цэнтры Берліна 25 красавіка. А мой дзядзька загінуў 26-га… За Рэйхстаг ішоў асабліва смяротны бой, брала яго якраз 150-я стралковая дывізія, у якой і ваяваў Антон Малашкевіч. Ужо 30 красавіка над Рэйхстагам узнялі Сцяг Перамогі, мой дзядзька не дажыў да гэтага часу ўсяго 4 дні.

Другі мой дзядзька па лініі бацькі Емяльян Сярмяжка на пачатку вайны прапаў без вестак пад Смаленскам. Але мне ўдалося высветліць, што пазней, у 1943 годзе, ён уступіў у беларускі партызанскі атрад, уваходзіў у склад сапёрнага ўзвода, загінуў пры выкананні баявога задання 21 чэрвеня 1944 года — за 2 тыдні да вызвалення Беларусі.

Уладзімір Малашкевіч

За нашу Радзіму аддаў сваё жыццё і мой стрыечны брат Іван Вярбіцкі. Ён узнагароджаны медалём “Партызану Айчыннай вайны” 1-й ступені. Мой брат Уладзімір Малашкевіч таксама змагаўся з ворагам, пасля вайны атрымаў педагагічную адукацыю, працаваў настаўнікам у вёсцы Котава Бярэзінскага раёна… Ваявала і мая цётка, Вольга Макараўна Сярмяжка, мае дзяржаўныя ўзнагароды. Не магу не ўзгадаць сваіх дзядзек Гіпаліта і Аляксандра Сярмяжкаў, іх сына Аляксандра, а таксама маладзенькіх братоў Міхаіла Цюхая і Гіпаліта Вярбіцкага, якія былі ў партызанах. 

Вядома, пра ўсіх гераічных сваякоў Розы Адамаўны расказаць у артыкуле немагчыма, вельмі доўгі атрымаецца аповед. Але мая суразмоўніца беражліва захоўвала звесткі пра кожнага з гэтых мужных людзей і свой бясцэнны архіў ужо перадала нашчадкам — сыну і ўнуку.

— Я паставіла сабе за мэту абавязкова знайсці звесткі пра ўсіх сваіх родных, якія ваявалі, і мне ўдалося гэта зрабіць. Гэта мой доўг перад тымі, хто ­ваяваў за мір на нашай зямлі, — рэзюмавала яна. Вельмі важна навучыць дзяцей ушаноўваць памяць пра сваіх родных, удзельнікаў вайны і абавязкова пакінуць наказ дзецям перадаваць яе праз пакаленні.

Лізавета МІЦКЕВІЧ