Куды збіраюцца паступаюць алімпіяднікі-міжнароднікі?

- 15:42Новости

Прыгожыя, таленавітыя, мэтанакіраваныя. Пераможцы сёлетняй Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы ва ўмовах высокай канкурэнцыі прайшлі сур’ёзны адбор для ўдзелу ў 65-­й Міжнароднай матэматычнай алімпіядзе (IMO), якая пройдзе з 10 па 22 ліпеня ў Вялікабрытаніі, і зараз рыхтуюцца да яе. Нягледзячы на загружанасць, маладыя людзі поўныя ідэй. Сваімі планамі на прафесійную будучыню яны падзяліліся з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты”.

Іван Коршунаў, выпускнік гімназіі № 2 Віцебска, бронзавы прызёр 64-й Міжнароднай матэматычнай алімпіяды, уладальнік залатога і бронзавага медалёў Жаўтыкаўскай алімпіяды школьнікаў па матэматыцы:

— Я захапіўся матэматыкай яшчэ ў пачатковай школе. Яна давалася мне лёгка, і ўсё атрымлівалася. Матэматыка прываблівае найперш сваёй дакладнасцю, выразнасцю, завершанасцю. Праграмісты, інжынеры, сістэмныя аналітыкі — гэта толькі малая частка прафесій, дзе спатрэбяцца матэматычныя веды. Менавіта на матэматычнай базе можна запусціць свае стартапы, заснаваць уласны бізнес.

Да поспеху мяне прывёў мой настаўнік Аляксандр Уладзіміравіч Шугаль. Мы займаліся з ім на ўроках па індывідуальным плане і на факультатыўных занятках (у рознаўзроставых групах, дзе адбывалася ўзаеманавучанне), у выхадныя дні і на канікулах (круглы год). Прарашалі шмат алімпіядных задач, якія для многіх равеснікаў з’яўляюцца непад’ёмнымі. Калі многа рашаеш, набываеш каштоўны вопыт. Рашэнне адной задачы можа займаць цэлы сшытак. Шукаць адказ можна і дзень, і ты­дзень.

У сярэднім на матэматыку ў мяне адводзілася па 4—5 гадзін у дзень. З цягам часу навучыўся тонкасцям тайм-менеджменту, што потым спатрэбілася на міжнародных спабор­ніцтвах.

У рэспубліканскай алімпіядзе пачаў удзельнічаць з 8 класа. Дэбют быў вельмі ўдалы: я заняў 1-е месца. Тады і з’явілася новая мэта — узмоцнена зай­мацца, каб прыняць удзел у міжнароднай алімпіядзе. Перакананы, што поспех не прыходзіць да таго, хто не працуе і не ўмее правільна спалучаць працу і адпачынак, не мае дакладнай мэты і не ведае, як да яе ісці.

Планую падаць дакументы на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ і ў далейшым займацца навуковай дзейнасцю.

Мацвей Вылегжанін, выпускнік гімназіі № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага, уладальнік сярэбранага медаля 64-й Міжнароднай матэматычнай алімпіяды, залатога медаля сёлетняй Жаўтыкаўскай алімпіяды:

— Для мяне матэматыка вельмі цікавая навука, якой я захапіўся яшчэ ў дзяцінстве. Схільнасці да яе перадаліся ў спадчыну, бо ў мяне ўся сям’я матэматыкаў. Мне падабалася пасядзець, парашаць задачы на логіку і кемлівасць. З цягам часу зразумеў, што ў гэтай сферы шмат нярэшаных, недаследаваных задач і хочацца даведацца штосьці новае.

Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 30 Наталля Уладзіміраўна Ракіцінская, да якой я прыйшоў у 1 клас, заахвочвала маю цікавасць да прадмета. З 3 класа я пачаў удзельнічаць у конкурсе “Кенгуру”, дзе займаў высокія месцы.

У 41-ю гімназію, вядомую ў горадзе як матэматычную, перайшоў у 7 класе, аб чым ніколькі не пашкадаваў. Як гаворыцца, 41-я заўсёды першая. Заняткі па матэматыцы праводзілі настаўнікі Барыс Барысавіч Камракоў (алгебра) і Леанід Іванавіч Лаўрыновіч (геаметрыя). Да работы прыцягваліся выпускнікі мінулых гадоў, былыя алімпіяднікі. Заняткі праводзіліся ў групе, дзе старэйшыя вучні вучылі малодшых. Тлумачачы штосьці свайму малодшаму таварышу, можна прыйсці да нетрывіяльных адкрыццяў. Вельмі каштоўны і вопыт удзелу ў алімпіядах, які ёсць у старшакласнікаў і выпускнікоў. Яны могуць, напрыклад, расказаць пра пэўныя недахопы, за якія ім знялі бал у мінулым, і ў будучага ўдзельніка алімпіяд ужо на адну памылку будзе менш.

У 8 класе я прыняў удзел у рэспубліканскай алімпіядзе і ўзяў дыплом. А ў 9 класе ўпершыню паехаў на міжнародную алімпіяду, якая стала стымулам для далейшай мэтанакіраванай работы.

Каб атрымаць медаль, трэба шмат займацца (напрыклад, зараз мы рыхтуемся па 7 гадзін у дзень), і важна, каб пашанцавала з добрымі педагогамі, захопленымі сваёй справай. Псіхалагічная падрыхтоўка таксама адыгрывае сваю ролю, ды і ўдача абавязкова спатрэбіцца.

Паступаць я вырашыў на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ. Хачу працягнуць свій удзел у алімпіядным руху, а ў далейшым займацца навукай.

Павел Цітоў, выпускнік гімназіі № 51 Гомеля, уладальнік бронзавых медалёў 63-й і 64-й Міжнародных матэматычных алімпіяд, двух залатых и бронзавага медалёў Жаўтыкаўскай алімпіяды па матэматыцы:

Нарадзіўся я ў сям’і матэматыкаў, дзе і тата, і мама, і бабуля захапляюцца царыцай навук. З дзяцінства яны куплялі мне развіццёвыя кнігі па матэматыцы, прапаноўвалі лагічныя задачы. Колькі сябе памятаю, я складаў, аднімаў, вылічваў, рашаў. І зараз з упэўненасцю магу сказаць, што матэматыка — гэта прыгожа (прыдумаць адмысловае рашэнне), лагічна (знайсці незвычайную ідэю) і цікава (атрымаць задавальненне ад рашэння задачы).

Мае схільнасці да матэматыкі педагогі заўважылі яшчэ ў пачатковай школе. З 4 класа я стаў пастаянным удзельнікам матэматычных алімпіяд і конкурсаў. Першыя сур’ёзныя поспехі прыйшлі ў 5 класе. У 8 класе прыняў удзел у Рэспубліканскай алімпія­дзе па матэматыцы і заняў 2-е месца на яе заключным этапе.

Разам з маім настаўнікам Аляксандрам Мікалаевічам Струкам, які, дарэчы, з’яўляецца трэнерам абласной каманды школьнікаў па матэматыцы, пачаў мэтанакіравана рыхтавацца да міжнароднай алімпіяды. Педагог праводзіў факультатыўныя заняткі, дзе прапаноўваў апераджальныя заданні. Звычайна працавалі ў групах, рашалі розныя задачы. Я сам адшукваў цікавыя тэмы, працаваў па індывідуальным плане, узаемадзейнічаў з таварышамі па камандзе.

У мінулым годзе я заваяваў бронзавы медаль на Міжнароднай матэматычнай алімпіядзе і зараз магу сказаць, што для дасягнення поспеху ў любой справе важна ведаць, чаго ты хочаш і якімі шляхамі гэтага дасягнуць. Асноўныя складнікі поспеху — працаздольнасць, адказнасць, уменне сабрацца ў пэўны момант і багаты практычны вопыт. Каб умець рашаць задачы, трэба іх рашаць.

Ёсць у мяне і хобі — робататэхніка і праграмаванне. Таму сваю будучыню думаю звязаць з матэматыкай і праграмаваннем. Буду паступаць на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, аднак пакуль не вырашыў, кім стаць — вучоным альбо практыкам. Зараз рыхтуюся да Міжнароднай матэматычнай алімпіяды, якая пройдзе ў Баце, і стаўлю новую мэту — палепшыць свае вынікі і за­ваяваць медаль.

Наталля КАЛЯДЗІЧ