«Вучым робатаў маляваць». Расказваем пра цікавыя праекты, якія рэалізуюцца ў дзіцячым садзе № 46 Оршы

- 9:00Витебская область, Главная, Образование

Робаалгарытміка і інфарматыка без разеткі, зялёная школа і тэматычныя міні­музеі, выставы і фотазоны — цікавыя праекты рэалізуюцца ў дзіцячым садзе № 46 Оршы пад кіраўніцтвам Аксаны Жукоўскай. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

З нацыянальным каларытам

— Наша ўстанова была адкрыта ў 2017 годзе. І першае, на што калектыў звярнуў увагу, — прасторныя калідоры і вялікія холы ў трохпавярховым будынку сада. Гэта значыла, што ў нас з’явілася прастора для творчасці, якую мы вырашылі зрабіць развіццёвай для нашых выхаванцаў. І ў гэтым нам дапамаглі самі малышы і іх бацькі, — расказала загадчыца ўстановы Аксана Жукоўская. 

У 2023 годзе дзіцячы сад № 46 Оршы быў занесены на раённую Дошку гонару. Да гэтага на працягу некалькіх гадоў прызнаваўся лепшай установай дашкольнай адукацыі ў раёне, мае дыпломы за метадычную работу, за добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторыі. 

Выхавальніца Таццяна Куцэбан арганізавала ва ўстанове міні-музей “Беларуская хатка”. У якасці экскурсаводаў падрыхтавала дзетак са старшай групы.

— Малышам яшчэ цяжка ўявіць прадметы побыту і звычаі народа. Разабрацца ў гэтым дапамогуць экспанаты нашага міні-музея, якія можна браць у рукі і вывучаць: маслабойка, калаўрот, прас, вілкі, лучына, куфар, у якім захоўваюцца ручнікі, вышыўкі, абрусы. Аформлены куточак храма ў доме — покуць з абразом, апраўленым ручніком-набожнікам. І галоўны сімвал цяпла і шчасця ў доме — печ, — адзначыла Таццяна Леанідаўна.

З дапамогай бацькоў педагогі падрыхтавалі выставу “Беларуская лялька”, дзе прадстаўлены абрадавыя лялькі, лялькі-­абярэгі, казачныя персанажы, лялькі ў традыцыйных строях XIX — пачатку XX стагоддзя. А побач размешчана інфармацыя аб кожнай ляльцы ў выглядзе QR-кода. Ёсць у дзіцячым садзе і міні-музей “Лялькі народаў свету”.

— Ці не жадаеце прагуляцца па музеі казкі? — запрасіла Аксана Уладзіміраўна. — Тут прадстаўлены галоўныя героі любімых дзіцячых твораў. У цэнтры знаходзіцца кампазіцыя з дубам, залатым ланцугом і катом. Гледзячы на персанажаў і ілюстрацыі, дзеці пераказваюць казкі малодшым, удзельнічаюць у літаратурных віктарынах, прыдумваюць свае сюжэты. Жаданне дапамагчы герою, які трапіў у бяду, разабрацца ў незвычайнай сітуацыі стымулюе разумовую дзейнасць, прычым малышы не толькі набываюць новыя веды — у іх фарміруюцца эмацыянальныя адносіны да людзей, прадметаў і з’яў.

“Ніхто не забыты — нішто не забыта”

Так называецца міні-музей дзіцячага сада, якім кіруе выхавальніца Хрысціна Сцібло. Праводзіць экскурсіі ёй дапа­магаюць старшыя дашкольнікі. Матэрыялы экспазіцый і экспанаты педагогі выкарыстоўваюць пры правядзенні заняткаў.

— Хачу звярнуць увагу на музей у чамадане, які захоўвае атрыбуты салдацкага жыцця: лісты, ордэны, кацялок, лыжку, пляшку, кубак, ваенную форму, — заўважыла Хрысціна Сяргееўна. — Макет “Бітва” прысвечаны ваенным дзеянням, якія адбываліся на зямлі, у паветры і на вадзе. Выхаванцы знаёмяцца са зброяй і ваеннай тэхнікай, макетамі стрэльбы і гранаты, газетнымі выразкамі часоў вайны, мастацкімі творамі, вершамі. Праз палявую пошту ў выглядзе паштовай скрыні адпраўляюць лісты-падзякі салдатам. На сцяне памяці можна ўбачыць фатаграфіі герояў-аршанцаў і чырвоанармейцаў, якія ўдзельнічалі ў вызваленні горада. Знайшлі мы і іх асабістыя рэчы, медалі і ордэны. Сабралі фанатэку ваенных песень, якія дзеці з цікавасцю слухаюць, а таксама знаёмяцца з макетамі патэфона і гармоніка, вывучаюць будову зямлянкі.

Першыя дні вайны, звязаныя з захопам чыгуначнага вузла станцыі Орша-Цэнтральная, калі падпольная група К.Заслонава арганізавала тут масавыя дыверсіі, адлюстраваны ў макеце “Вакзал”. Пра тое, што ўпершыню ў баі пад Оршай была прыменена “кацюша”, нагадвае макет “Першы залп “кацюшы”. Таксама ў горадзе ёсць свой Курган Славы ў гонар загінуўшых воінаў (яго макет таксама зрабілі ў дзіцячым са­дзе). Адчуць усю глыбіню трагедыі дапамагае кампазіцыя, прысвечаная дзіцячаму канц­лагеру “Чырвоны Бераг”. Тыя, хто хоча больш даведацца пра родную Оршу, яе гісторыю, памятныя месцы, могуць зазірнуць у міні-музей “Мой горад”. 

Праграмаванне і робаалгарытміка

На працягу 5 гадоў дзіцячы сад № 46 Оршы ў супрацоўніцтве з ПВТ удзельнічае ў адукацыйным праекце “Інфарматыка без разеткі”, што дазволіла стварыць добрую базу дыдактычных матэрыялаў і дапаможнікаў для дашкольнікаў. А з 2021 года ва ўстанове рэалізуецца адукацыйны праект “Робаалгарытміка”. Выхаванцы пачынаючы з 5 гадоў падчас гульні вучацца структураваць і аперыраваць інфармацыяй, складаць алгарытмы, праграмаваць сваю дзейнасць, супрацоўнічаць. У гэтым ім дапамагаюць робататэхнічныя наборы, перш за ўсё Matatalab Coding Set — базавы набор для дашкольнікаў. Выхавальніца Хрысціна Сцібло, якая вядзе робаалгарытміку, распрацавала канспект заняткаў “Падарожжа па горадзе Оршы”, каб дзеці з дапамогай робатаў знаёміліся з мясцовымі славутасцямі.  

— Заняткі робаалгарытмікай развіва­юць логіку: дзеці самі вырашаюць, якім шляхам прыйсці да мэты, узаема­дзейнічаюць з робатам, спасцігаючы пры гэтым асновы праграмавання, матэматыкі і нават трыганаметрыі, — падкрэсліла Хрысціна Сяргееўна. — Малышы вучаць робата маляваць фігуры, складаюць музычныя кампазіцыі, а робат іх прайграе. Алгарытміка таксама развівае ўменне планаваць час, разбіваць вялікую задачу на падзадачы, ацэньваць эфектыўнасць сваёй дзейнасці. 

Клопат аб прыродзе

— З адукацыйным праектам “Зялёныя школы” ў дзіцячым садзе азнаёміліся ў красавіку 2023 года, — паведаміла намеснік загадчыка ўстановы Святлана Паташова. — Ён рэалізуецца па пяці напрамках. Адзін з іх — абыходжанне з адходамі: іх утварэнне, спосабы мінімізацыі, перапрацоўкі і другаснага выкарыстання. На жаль, дзеці недастаткова ведаюць, што адбываецца з паперай і пластыкам, калі іх выкідваюць, і што рабіць, каб не забруджваць навакольнае асяроддзе. Сумесна педагогі і баць­кі вырабілі касцюмы з упаковачнага матэ­рыялу, арганізавалі дэфіле, правялі выставу “Другое жыццё ўпакоўкі”.

У працяг тэмы экалогіі — знаёмства з міні-музеем дзіцячага сада “Чырвоная кніга Беларусі”, дзе выхаванцы даведваюцца пра знікаючыя віды флоры і фаўны, прыродаахоўныя аб’екты, дзяржаўныя запаведнікі і заказнікі, якія прадстаўлены на аб’ёмнай карце Беларусі. Увагу прыцягвае і агракуток, аформлены як фотазона. Тут дзеці знаёмяцца з сельскагаспадарчымі прафесіямі і прыладамі працы, правіламі догляду раслін і свойскіх жывёл. Пытанні бяспекі заўсёды ў ліку прыярытэтных. Як правільна паводзіць сябе ў розных сітуацыях, як іх прадбачыць і пазбягаць, выхаванцы даведваюцца ў спецыяльным пакоі бяспекі. Тройчы ўстанова займала прызавыя месцы ў абласным этапе рэспубліканскага фестывалю сярод дашкольных устаноў адукацыі “Бяспечнае дзяцінства”.

Дзіцячы сад № 46 Оршы размешчаны на вуліцы з незвычайнай назвай Воз-ан-Влен. Так называецца французскі горад, які яшчэ з 1975 года з’яўляецца пабрацімам Оршы.

— Мы вырашылі аформіць фотазону ў выглядзе французскай вулачкі. На лавачцы тут можна паслухаць рамантычныя французскія мелодыі, удыхнуць водары бэзу пасля дажджу, азнаёміцца з работамі вулічных мастакоў і палюбавацца Эйфелевай вежай. У гэтым утульным месцы мы ўдзяляем увагу эстэтычнаму выхаванню дзяцей, — расказала Аксана Жукоўская.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара