Чым напоўніць вольны час дзяцей? Што прапанаваць ім у якасці альтэрнатывы “сядзенню” ў смартфоне? Аб гэтым няспынна клапоцяцца педагогі, выхавальнікі лагераў, бацькі.
Каб адпачынак быў праведзены з цікавасцю і карысцю, можна запрасіць дзяцей паспрабаваць свае сілы ў прафесійных пробах, прапанаваць ім прайсці квест ці разам ажыццявіць інтэрнэт-даследаванне “Канікулы.BY”. А як гэта метадычна дакладна арганізаваць і змястоўна напоўніць — чытайце ў выпуску нашага пастаяннага праекта “Педагагічная асамблея”, тэма якога — “Школьная субота — творчая прастора для выхавання”. Метадычныя распрацоўкі педагогаў устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі з усіх рэгіёнаў краіны, накіраваныя на духоўна-маральнае развіццё асобы, прафесійнае самавызначэнне, фарміраванне грамадзянска-патрыятычных якасцей, культуры здаровага ладу жыцця, могуць творча і з карысцю прымяняцца ў рабоце летніх аздараўленчых лагераў.
Падрыхтоўку будучых настаўнікаў са знакам якасці ажыццяўляюць у Нясвіжскім дзяржаўным каледжы імя Якуба Коласа, вопыт дзейнасці якога мы прадстаўляем у рубрыцы “Люстэрка прафесійнай адукацыі”.
Кожны дзень будучых настаўнікаў тут напоўнены педагагічнымі ідэямі і адкрыццямі. Дзяўчаты і юнакі ўдзельнічаюць у распрацоўцы і рэалізацыі грамадзянска-патрыятычных і навукова-практычных праектаў, выступаюць на навуковых канферэнцыях і чэмпіянатах прафесійнага майстэрства, працуюць над развіццём сваіх творчых здольнасцей, з захапленнем займаюцца ў вядомых у рэспубліцы аб’яднаннях па інтарэсах. Атмасфера каледжа прасякнута цеплынёй і гасціннасцю. Менавіта тут практыкуюцца ўдзельнікі абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства ProfSkills Belarus па кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя”, праходзяць рэспубліканскія турніры па міні-гольфе, фестывалі школьных музеяў і форумы педагагічных класаў. Звяртаем увагу, што прапанаваныя выкладчыкамі каледжа матэрыялы з вопыту работы можна выкарыстоўваць пры арганізацыі дзейнасці педагагічных класаў у школах рэспублікі.
Патрыятычнаму подзвігу настаўнікаў Беларусі прысвечаны рэтраспектыўны агляд артыкулаў, якія мы працягваем публікаваць з нагоды 100-годдзя выхаду ў свет часопіса “Народная асвета”.
Такая тэма была вызначана па дзвюх прычынах. Першая — гэта, несумненна, 80-годдзе з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А другая — зварот у рэдакцыю Вольгі Іванаўны Сячко, старшага выкладчыка кафедры даўніверсітэцкай падрыхтоўкі БДУ. Дзядзька Вольгі Іванаўны, малады настаўнік, выпускнік Гомельскага педінстытута, жыццярадасны прыгажун Марк Колас, у гады вайны разам з хойніцкімі партызанамі вёў падпольную работу, за што і быў пакараны фашыстамі. Вольга Іванаўна шукала звесткі пра Марка, і мы знайшлі іх у артыкуле “Партызанская слава”, які быў надрукаваны ў “Народнай асвеце” ў 1965 годзе. Вольга Іванаўна завітала ў рэдакцыю з фотаздымкамі і аповедамі пра сваю па-сапраўднаму гераічную настаўніцкую сям’ю, у якой памяць аб сваяках жыве і беражліва захоўваецца.
Закранула вайна і маю сям’ю. Абедзве бабулі засталіся ўдовамі з малымі дзецьмі на руках, і мае мама і тата ніколі не зведалі цеплыні бацькавых рук. Як памяць аб тых, хто загінуў, — толькі фотаздымкі і невялікія абрыўкі ўспамінаў. Невялікія таму, што бабулі з неахвотай гаварылі пра той страшны час, бо імкнуліся засцерагчы нас, маленькіх, ад жахаў, якія ім прыйшлося перажыць. Але нязменна 9 мая ў нашай сям’і было свята і гучалі словы: “Толькі б не было вайны…”. Сёння мы як ніколі востра адчуваем значэнне гэтых слоў. Па ўсёй краіне, ва ўсіх установах адукацыі актывізавалася работа па захаванні гістарычнай памяці. І бярэ за душу, калі дзіця трымае партрэт свайго прапрадзеда і з гордасцю расказвае пра яго подзвіг у Вялікай Айчыннай вайне. І для гэтага дзіцяці няма подзвігаў вялікіх ці малых. Для яго прапрадзед — герой, таму што менавіта дзякуючы яго смеласці, адданасці Радзіме мы мірна жывём зараз.
Упэўнена: пакуль мы будзем памятаць і шанаваць мінулае, пакуль будзем з пакалення ў пакаленне перадаваць імёны родных — герояў былых часоў, нам не трэба будзе станавіцца героямі нашага часу.
Святлана МАЗУРЫНА,
галоўны рэдактар